Пасля таго як у аўтарытарных дзяржавах, што ўзніклі на постсавецкай прасторы, аформіліся вузкія колы персон, якія ў сваіх руках засяродзілі ўладу і багацце, адразу адбыўся радыкальны раскол грамадства. Звычайны люд бачыць, што львіную долю часу ён працуе не на сябе, а на «чужога дзядзю».
Разрыў паміж багатымі і беднымі грамадзянамі ў Расіі і Беларусі стаў такім велізарным, што «карпарацыі заможных шчасліўчыкаў» сёння самі ў спалоху, а таму развілі актыўную дзейнасць па прапагандзе ўсеагульнай еднасці, амаль што «братэрскага і сястрынскага цалавання». Заўважым: пра еднасць народа няспынна якочуць з трыбун толькі начальнікі і прыўладная чэлядзь, а сам люд, каб выжыць у невыносных умовах, яднаецца, як умее і можа, без іх. У параўнанні з мінулым часам градус узаемадапамогі ў масах прыкметна знізіўся, але зусім не знік.
А цяпер на хвілінку задумаемся: якая можа быць еднасць у трох працэнтаў насельніцтва Расіі, што маюць 89% фінансавых актываў, 92% тэрміновых укладаў у банках і 90% наяўных сберажэнняў, з астатнімі грамадзянамі, асабліва з самымі абяздоленымі? Яны катастрафічна бяднеюць, пераходзяць у жабрачае існаванне. Сацыёлагі паведамляюць, што колькасць расіян, якім даводзіцца эканоміць не толькі на адзенні і абутку, але і на харчаванні, вырасла за год на 40%. Нават прэм’ер-міністру Д. Мядзведзеву скрозь зубы давялося прызнаць, што ў краіне налічваецца 19 мільёнаў надзвычай бедных людзей. На фоне мілітарызацыі, якая паглынае гіганцкія бюджэтныя сумы грошай, такое становішча выглядае адкрытым здзекам над расіянамі.
Публіцыст А. Няўзораў дае праўдзівую характарыстыку сітуацыі: «Россия давно расколота на тысячи кусков и интересов… Никакого единства в России нет и уже не может быть. Она расколота и ненавистью, и жадностью, и завистью, и религиями, и по принципу развитости. И вообще, у граждан России, если сейчас вдуматься, общего ничтожно мало. Единственно, часть граждан объединяет надежда что-нибудь украсть. Это неплохая скрепа, но понятно, что не у всех получится».
У Беларусі агульных статыстычных дадзеных па канцэнтрацыі багацця ў руках кіруючага клана няма, усё засакрэчана, а скупыя, разрозненыя звесткі не дазваляюць выявіць праўду. Але нават інфармацыя, якая прасочваецца, паказвае, што і ў нас абсалютная большасць начальнікаў і прыўладных «жучкоў» маюць вялікае багацце. Прытым у Расіі і Беларусі заўважаецца, што самыя багатыя нарошчваюць агромністы скарб гэтак жа імкліва, як маламаёмасныя людзі бяднеюць.
Адзін з адданых прыслужнікаў аўтарытарызму ў Беларусі, кіраўнік партыі сумніўнага кшталту з трыбун і тэлеэкрана часта агучвае старую ісціну: «Государство сильно единством народа». Будаўніцтва «барацьбітом за народнае шчасце» шыкоўнага катэджа ў начальніцкіх Драздах засведчыла спосабы, якімі ён ажыццяўляе бясспрэчны пастулат. Такіх «палымяных яднальнікаў» і «вялікіх патрыётаў» пад крылом аўтарытарнага рэжыму развялося шмат. У іх сваё, «элітнае» быццё, непадобнае на існаванне астатняга грамадства, дзе многія людзі проста выжываюць.
Правіцель добра плаціць верным служкам (чыноўнікам, дэпутатам, сілавікам, прапагандыстам, журналістам), надзяляе іх прывілеямі за адстойванне ўзурпацыі ўлады, за замбіраванне насельніцтва. Таму яны не саромеюцца нахабнай хлусні, выстаўляюцца на публіку ў камічным плане. Калі правіцель на чарговай сходцы з трыбуны малюе фантазіі і раздае абяцанкі, у якія і сам не верыць, а ў партэры некалькі «дзяржаўных мужоў» надаюць сваім тварам ліслівы, «паўночнакарэйскі» выраз любові да «правадыра» і гучна пляскаюць у далоні, то людзі рагочуць. Але часцей такія паводзіны выклікаюць у масах, якім абрыдзелі карумпіраваныя «слугі народа», грэблівасць і пагарду.
А цяпер асветніцкая даведка: асноўным грунтам еднасці народа здаўна была добрасумленнасць кожнага чалавека. Але адкуль ёй узяцца, калі палітычныя і эканамічныя начальнікі сваімі прыкладамі татальнай карупцыі, крадзяжоў і разбэшчанасці разбураюць не толькі мараль, але і згуртаванасць? Што можа быць агульнага ў адукаванага, выхаванага і сумленнага чалавека, які ненавідзіць нахабны дыктат невукаў, садыстаў, злодзеяў і хамаў, з тымі чалавекападобнымі стварэннямі, што мільгацяць у ролі «дабрадзеяў» на экранах тэлевізараў і кампутараў? Паступова назапашваецца азлобленасць людзей, якая перарастае ў лютую нянавісць. Пра гэта сведчаць каментарыi ў сацыяльных сетках: «Самі, сволачы, разбагацелі, а краіну давялі «да ручкі», «Пара браць іх за каўнер!»
Планы прадстаўнікоў улады і свежаспечанай «эліты» разыходзяцца з патрэбамі грамадства. Яны практычна пагалоўна ўцягнуты ў сумніўны бізнес, у распіл бюджэтных грошай, таго, што «кепска ляжыць», а таму заняты рэалізацыяй уласных матэрыяльных інтарэсаў і акумуляваннем асабістага багацця, а не праблемамі народнага дабрабыту.
Аўтарытарная мадэрнізацыя, якую цяпер узнімаюць на шчыт, не прывядзе да стабільнага, паспяховага стану эканоміку і за кошт яе якасць жыцця народа. Такіх спробаў было шмат, але ўсе яны скончыліся нічым. Кожны новы ўказ правіцеля па барацьбе з карупцыяй застаецца пустой паперкай, бо з гэтым страшным злом «змагаюцца»… самі злодзеі.
Ёсць і яшчэ важны аспект невырашальнасці праблемы еднасці. Пакуль улада ў Беларусі не спыніць вайну з роднай мовай, з гістарычнай памяццю народа, з нацыянальнымі сцягам і гербам, з інфармацыйнай праўдай, ніякай згуртаванасці ў грамадстве не будзе.
Яшчэ ў 1997 годзе мая заўвага была такой:
Край,
дзе праходзяць з вачыма пустымі
Людзі свой шлях
да апошняй мяжы,
Ператвараецца хутка ў пустыню,
Там вырастаюць да неба крыжы.
Абрабаваны дашчэнту нашчадак
Нас не аднойчы яшчэ пракляне,
Бо пустадомства,
халуйства
і здрада
Выступяць соллю ў яго на спіне.
Да чаго прыводзіць цынічная сквапнасць прадстаўнікоў улады і «эліты», якія сябе лічаць прывілеяванай, вартай шыкоўнага жыцця кастай, а ўсіх астатніх людзей — паслухмяным быдлам, паказвае Арменія. Там кожны дзень за карупцыю і хабар арыштоўваюць злачынцаў, не шкадуюць ні міністраў, ні бізнесоўцаў, ні генералаў, ні нават нацыянальных герояў. Сам народ вырашыў пастарацца і стаць сумленным. Цікавую фразу агучыў юрыст С. Хачыкян: «Армяне не пярэчаць — няхай усіх нашых алігархаў пусцяць на шашлык».
Такі ваяўнічы настрой навядзення парадку і справядлівасці пануе ў краіне, дзе спрадвеку жыве моцная нацыянальная згуртаванасць, дзе культ сям’і і родзічаў. У Беларусі такой спайкі няма, а таму стаўленне да ўсіх злодзеяў можа быць яшчэ больш жорсткім…
На свяце можна нават палітычным і ідэалагічным супернікам хадзіць побач па ўпрыгожаных вуліцах, слухаць канцэрты, любавацца салютам. Усім хочацца радасці. Але назаўтра мільёны людзей вяртаюцца да шэрага быцця, у якім трэба даказваць прыдуркаватаму начальніку простыя ісціны, ламаць галаву, як аплаціць камунальныя паслугі, ліхаманкава лічыць кожную капейку ў кашальку, каб нешта набыць для сям’і.
У дзяржаве павінна быць свабодная палітычная і эканамічная канкурэнцыя, верхавенства законаў, незалежныя і сумленныя суды, праўдзівыя СМІ. Без такіх умоў ні ўказы і дэкрэты, ні марафетныя меры не ўратуюць яе ад краху.
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…