TOP

Згубленая мэта

Пасля прыходу незалежнасці ў нашага народа была высакародная мэта — паводле прыкладу развітых краін пабудаваць дэмакратычную, з прыстойным узроўнем жыцця Рэспубліку Беларусь. Але яна згублена, бо многія людзі баяцца складаных праблем. Яны ўцякаюць ад дынамічнай рэальнасці, робяць выгляд, што іх нічога не тычыцца.

Уважліва ўглядаючыся ў народ, я даўно заўважыў вельмі характэрную для нас рысу — мы не любім вучыцца. Лянота закранае не толькі спецыяльную, прафесійную адукацыю, але і вучобу ў шырокім сэнсе слова — на сваіх і чужых памылках, на вопыце іншых народаў. Калі наш чалавек з горам напалам атрымаў нейкую адукацыю, дыплом, то звычайна далей папаўняць веды ў яго хэнці няма — «для сельскай меснасці сайдзёць, або начальнік давядзёць!» Так з састарэлым, прапахлым нафталінам багажом многія грамадзяне дацягваюць да пенсіі. Выключэнне складаюць, відаць, толькі лепшыя вучоныя, вынаходнікі, канструктары, выкладчыкі, медыкі і з улікам спецыфікі — прасунутыя айцішнікі. Большасці насельніцтва таксама не надта хочацца ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, засвойваць палітычную культуру — «усё неяк разруліцца без нас».

Электарат так і не рашаецца на замену «доўгаіграючага» рэжыму, які не забяспечвае паляпшэнне жыцця, а толькі кідае лозунгі і абяцанкі, вісіць на моцным кручку непрадказальнай, небяспечнай інтэграцыі з Расіяй, латае бясконцымі пазыкамі «дзіркі» ў эканоміцы і сацыяльнай палітыцы. Усё гэта нагадвае накладанне на твар грыму састарэлай, выматанай жыццём «жрыцай кахання». Зямляк, які 40 гадоў адпрацаваў механізатарам, сказаў па-сялянску больш груба, але трапна: «Боўтаемся, як дзярмо ў палонцы!»

Ніхто не аспрэчвае таго, што ствараць умовы для інавацый, укараняць новыя тэхналогіі можна і ў дыктатарскай краіне. Але каманднымі метадамі забяспечваюцца толькі лакальныя прарывы, якія ў любы момант тармазяцца або спыняюцца, а не агульнае свабоднае і сістэмнае развіццё грамадства.

Персаналісцкі рэжым, які пануе ў Беларусі, характэрны тым, што ўзнаўляе феадальны лад, зводзіць розныя дзяржаўныя інстытуты або арганізацыі да аднаго канкрэтнага чалавека — кіраўніка, які лічыць іх уласнай вотчынай. Начальнікі нясуць адказнасць не перад народам, а прад галоўным босам.

Знешні пратакольны лоск, пастаянная ліслівая ўсмешачка аўтарытарызму для высокіх заходніх і ўсходніх візіцёраў не прыкрывае таго, што адбываецца ўнутры краіны: цынізму і абыякавасці чыноўнікаў да звычайных людзей, татальнай карупцыі сярод усіх дзяржаўных службоўцаў, нахабства, грубасці і садызму міліцыі, спецслужбаў.

Чаму амаль у цэнтры старой цывілізаванай Еўропы, якая пахваляецца спелай дэмакратыяй, узнік беларускі аўтарытарызм? Прытым ён не толькі надоўга замацаваўся, але яшчэ і павучае іншых, як трэба жыць. Заўважце, адбылося гэта не ў глыбіннай Афрыцы, не на прасторах Азіі ці Паўднёвай Амерыкі, дзе традыцыйна ўлада канцэнтравалася ў руках правадыра племя, усемагутнага хана, губернатара-каланізатара, а на зямлі, што ўваходзіла ў Вялікае княства Літоўскае, дзе Магдэбургскае права, якое давала гараджанам самастойнасць, дзейнічала з ХІУ стагоддзя: Гародня (няпоўнае з 1391года, поўнае з 1496), Слуцк (1441), Полацк (1498) Мінск (1499), Браслаў (1500), Наваградак (1511), Барысаў (1563). У гарадах ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. Толькі ў канцы ХУІІІ стагоддзя Магдэбургскае права на нашай зямлі было скасавана расійскай царыцай Кацярынай ІІ.

Чаму дух свабоды і самастойнасці выветрыўся ў нашым краі? Чаму так беспардонна нахабнічаюць аўтакрат і яго чэлядзь? У першую чаргу таму, што яны ў падпарадкаванні маюць народ, камфортны для аўтарытарнага кіравання за кошт рабскай пакорлівасці і непатрабавальнасці.Гэты стан — вынік нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту Беларусі пад цяжкім абцасам Расійскай імперыі, доўгага панавання страху, народжанага і замацаванага крывавай сталіншчынай, апрацоўкі людзей хлуслівай савецкай прапагандай.

Але спісваць хранічную грамадзянскую і палітычную апатыю суайчыннікаў толькі на пералічаныя прычыны нельга. Беларусы сядзяць у аўтарытарным тупіку, бо лянуюцца цікавіцца ўласнай гісторыяй, сваімі слаўнымі героямі, даўнімі традыцыямі вальналюбства, самастойнасці і ўвогуле не вучацца прыстойна жыць. А такая магчымасць ёсць у кожнага чалавека.

Цяпер нікому няма апраўдання, што ён дапускае памылку ў асабістым выбары з прычыны элементарнага няведання. Так можна было гаварыць у 90-х гадах ХХ стагоддзя, калі сапраўды панавалі хаос і няпэўнасць. Сёння мы ўзброены неабходнымі базавымі ведамі, якія тычацца не толькі Беларусі, але і ўсяго постсавецкага рэгіёна, Еўропы, свету.

Мы падманваем сябе самі. Як павялося, дзейнічаем па інерцыі, а віну хочам зваліць на іншых. Многія насельнікі Беларусі ніяк не хочуць зразумець, што выбары прэзідэнта — гэта не толькі дазвол канкрэтнаму чалавеку на пэўны час кіраваць, пракладаць курс краіны, але і абавязковае гарантаванне ў ёй разумнага ладу, які тычыцца ўсіх: строгае выкананне Канстытуцыі і законаў, захаванасць, абароненасць правоў і свабод,забеспячэнне належных умоў для эфектыўнай працы і годнага жыцця кожнага грамадзяніна.

Пакуль што мільёны людзей працуюць не на ўласны дабрабыт, не на будаўніцтва цывілізаванай, дэмакратычнай, эканамічна моцнай дзяржавы, а на тое, каб захоўваць ва ўладзе аднаго амбіцыйнага індывіда і карумпіраваны клан, узгадаваны ім.

Лакальныя правалы ў дзеяннях рэжыму, якімі незадаволены грамадзяне (прыгонніцкая кантрактная сістэма, заблытанае налічэнне заработнай платы, уціск прадпрымальнікаў, цынічна несправядлівая пенсійная сістэма, недасканалыя вучэбныя праграмы ў адукацыі), — усё гэта прыйшло ў наш дзень невыпадкова. Трэба нарэшце ўцяміць, што ў нашых асабістых няўдачах і бедах вінавата агульная памылка 1994 года.

Мы па-ранейшаму калупаемся ў сваіх больках, не думаючы пра агульную здраду народа галоўнай мэце. Чаму 25 гадоў спажываем аўтарытарызм з яго хлуснёй, абсурдам і дурнотай? Навошта было бязмоўна, па-рабску ля­піць дзяржаўную канструкцыю, якую абавязкова давядзецца перарабляць наноў, прытым не касметычна, а самым радыкальным чынам?

Натуральна, што прывілеяваныя гадаванцы аўтарытарызму, якія нахабна прысабечылі народнае багацце і прывыклі да шыку за кошт мільёнаў, будуць да канца супраціўляцца зменам. У грамадстве непазбежна распачнецца супрацьстаянне. У 90-я гады ХХ стагоддзя замбіраваная савецкімі міфамі, палітычна неадукаваная большасць насельніцтва выступіла супраць сапраўдных дэмакратычных перамен, прывяла ў вярхоўную ўладу такога ж, як сама, індывіда, надзела на ўсіх цяжкі аўтарытарны хамут. Цяпер палкі ў колы пачне стаўляць «эліта» саўгаснага разліву. Зноў грамадзянскі раскол? Ну і ці варта было ў 1994 годзе ўзводзіць беларускую аўтарытарную «вежу з пяску»?

Упэўнены, што беларусы ўсё ж хутка стануць жыць у дэмакратычнай, прыстойнай дзяржаве. Але гэта будзе заслуга не народнай згуртаванай большасці, а толькі часткі грамадства, якую складаюць разумныя, смелыя і мужныя людзі. Яны пра галоўную мэту не забываюцца ніколі.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Рэстаўрацыя страху

Змена ўлады

Грунт еднасці

Загон для памяці

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.