Дэпутацкай працы плён — адмысловы самагон
Кіраўнік слонімскай суполкі БНФ Павел Севасцян звярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алы Сопікавай з просьбай расказаць, як яна выконвае перадвыбарчыя абяцанні («праз заканадаўчую дзейнасць фінансава аздараўляць сельскую гаспадарку»). У адказ дэпутатка спаслалася на… указы прэзідэнта. Раней у якасці сваёй заслугі Ала Сопікава лічыла продаж самагону «Першачок», які вырабляецца на Слонімшчыне. Нацдэм зняславіў дэпутатку: Маўляў, яна даброт-выгод Наабяцала нам спачатку, А выйшла ўсё наадварот.
Яна казала, што калгасам
Падкіне ўдостатку рублёў,
Ды толькі стала ясна з часам:
Яе язык лухты наплёў.
Усім вядома, што ў краіне
Дабітыя калгасы ўшчэнт.
А калі хто рублёў падкіне,
Дык гэта толькі прэзідэнт.
Які ж для сельскай гаспадаркі
Яна прынесла ўсё-ткі плён?
Не пуставацьмуць нашы чаркі —
Прабіла хвацкі самагон!
Калі ў нутро сваё сяляне
Зальюць па пляшцы «Першачку»,
Дык тут жа гэтак добра стане!
Дарма, што пуста ў кашальку…
Народ частуе самагонам,
Сама ж, напэўна, п’е каньяк!
* * *
Аднак жа з вывадам ягоным
Не пагаджуся я ніяк.
Той актывіст яе «пакратаў»,
Публічна зганьбіўшы, дарма:
Што тычыць іншых дэпутатаў —
І «Першачку» ад іх няма…
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Крамы «сэканд-хэнд» — шкодны элемент
Конь чалавеку не раўня, ды сябрам выбраў бы каня
Дык як жа да шчасця дарогу пракласці?
Паспрыялі нашым і чужым: «выканалі хуткасны рэжым»