У Гродна дзяцюк патэлефанаваў выратавальнікам і ў міліцыю: маўляў, курыца бегае па вуліцы і замінае дарожнаму руху. Службоўцы пасмяяліся і параілі звязацца з ДАІ. Даішнікі пераадрасавалі дзецюка ў службу па адлове жывёл і ў Інспекцыю аховы жывёльнага свету. У рэшце рэшт курыцу злавілі, змясцілі ў спецпрыёмнік, і цяпер участковы будзе шукаць гаспадара птушкі. Уся аперацыя па адлове курыцы доўжылася дзве гадзіны.
Там, дзе ў вёсцы Дом культуры, Сельсавет, кантора, храм, Кожны дзень пасуцца куры, І не страшна ім, курам.Побач вуліца, дарога,
Нат шаша парой, але
Як за пазухай у бога
Куры-гусі на сяле.
Гарадскіх жа — скажа ўсякі —
І няма, бадай, курэй.
Там бадзяжныя сабакі
На задворках водзяць рэй.
І таму, канешне, дзіва,
Што на вулцы гарадской
Смела курыца хадзіла.
Ад дзівоснасці такой
Рот разявіўся ў мужчыны,
Апупеў дзяцюк чуць-чуць,
Бо па вуліцы машыны
Побач з курыцай снуюць,
І пры тым яна, дурніца,
Не бяжыць на тратуар,
Каб да сценкі прытуліцца,
Каб не трапіць пад удар.
Можа, куры стала шкода,
Мо спагадны к людзям ён,
Ды рашыў, што ёсць нагода
Ўзяць у рукі тэлефон.
Не далі спачатку веры
З МНС* ратаўнікі
(Ды і міліцыянеры),
Як прыйшоў сігнал такі:
— Кура ў горадзе! Пад колы
Трапіць, бедная, яна!
А яму — адказ вясёлы
(Не паслалі ўсё-ткі на…):
— То даішнікаў работа —
Ім пра куру і скажы.
Нам жа, братка, неахвота
Абрабляць загон чужы.
А даішнік мовіў хмура:
— Адчапіся, абалдуй.
Каб бліном не стала кура,
Сам яе і пашкадуй!
І завершыў ён размову:
— Калі ты такі асёл,
Дык тады звані ў ахову
Розных птушак і жывёл.
Як пачулі там пра куру,
Дык пайшлі на грубасць аж:
— Ты людзей турбуеш здуру
Ці нажорся ўжо, алкаш?
— Я, — сказаў, — зусім не п’яны,
А тым болей не дурны…
— Дык не сып нам соль на раны! —
Абурыліся яны. —
Каб ты ведаў, у краіне,
Апрача тваіх курэй,
Шмат каштоўных птушак гіне!
Так што, дзядзька, не дурэй…
А дзяцюк «узяў на мушку»:
— Спраў няма да вашых «ран»!
Як задушаць сёння птушку,
Я паскарджуся ў ААН!
З-за жахлівае пагрозы
Сталі белымі, як мел.
І да куры — смех і слёзы! —
Паляцеў увесь аддзел.
І прыбыў своечасова
Той шматлікі легіён.
Запазнілася б ахова —
Быў бы курыцы гамон,
І на вуліцу-дарогу
Паляцелі б пер’е й пух.
Узялі яе ў аблогу —
Сталі ўсе ў адзін ланцуг.
Быў малюнак вельмі дзіўны…
Узмакрэў ланцуг, калі
Толькі аж праз дзве гадзіны
Куру вылавіць змаглі.
Што рабіць ім з курай гэтай?
Нанізаць бы на шампур
Ці зрабіць яе катлетай,
Як і сотні іншых кур.
Толькі здзейсніць немагчыма
Натуральны самы план,
Бо разгневаны мужчына
Тут жа звернецца ў ААН,
І тады ў Нью-Ёрку дзесьці
Будзе ім разнос круты…
У прытулак трэба везці,
Дзе сабакі і каты…
Ходзіць зараз участковы
Ад двара і да двара.
Каб не мець затым вымовы,
Ён шукае для аховы
Куры той гаспадара.
І на куру-недарэку
Участковы траціць час.
Столькі ўвагі чалавеку
Не заўсёды ёсць у нас…
* * *
Ледзь не ўпаў ад смехаты я:
Гэтак рупіліся ўсе,
Быццам яйкі залатыя
Тая курыца нясе.
Што ў астатку з гэтай «буры»?
Я, сябры, скажу наўпрост:
З нас, бадай, смяюцца куры:
«Бура» ўся — кату пад хвост…
Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:
Патрэбна для шчасця купляць, а не красці
А «дэтэктару хлусні» веры больш няма ані!
Гэта ж трэба: дэпутаты — як гарэзы-дашкаляты
Не знойдзем лекаў днём з агнём — лячыцца зёлкамі пачнём
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…