TOP

Не бойся!

Словы «Не бойся!» не ўваходзяць у звыклы пералік асноўных хрысціянскіх запаведзяў, але Кніга Ісаія 43:1 раскрывае глыбінную сутнасць і важнасць мудрага выразу. У зямным свеце, дзе пастаянна нараджаецца шмат розных сумненняў і страхаў, чалавек заўсёды перамагае іх з дапамогаю веры.

Можна па-рознаму ставіцца да рэлігіі, да духоўнасці, але Вышэйшы Суд, які немагчыма ні падкупіць, ні падмануць і пазбегнуць якога не ўдасца абсалютна нікому, ёсць. Дарэмна гэтую спрадвечную ісціну ігнаруюць нахабныя ўзурпатары ўлады і іх паслугачы ў цывільным адзенні і ў пагонах, усе хлусы, фальсіфікатары, жулікі, карупцыянеры і садысты, якія з подлай і здзеклівай усмешкай саманадзейна кажуць: «Пасля нас — хоць патоп!».

Сумленным людзям, а іх у чалавечай грамадзе значна болей, баяцца няма чаго. Яны толькі павінны яднацца, станавіцца сапраўднай раднёй, вялікай сілай у змаганні са злом.

У час масавага тэрору ў СССР неадукаваныя, абмежаваныя нкусаўцы выдумлялі вар’яцкія абвінавачванні для таленавітых, разумных грамадзян, якія не прымалі, крытыкавалі сталінскую дыктатуру. Яны навешвалі на іх ярлыкі зламысных шкоднікаў, завербаваных замежнымі буржуямі, або польскіх, англійскіх, нямецкіх і японскіх шпіёнаў. Садысты ў пагонах, зацыкленыя на халуйскім выкананні нормаў зні­шчэн­ня «ворагаў народа», спушчаных зверху, ды яшчэ ў парыве выслужвання чарговай лычкі, маглі расстраляць і родную маці. Такім чынам загінулі мільёны невінаватых людзей.

Рэпрэсіі — гэта не абавязкова расстрэлы. Няўгодных уладзе людзей можна знішчаць замаруджана і прыхавана — адміністратыўным рэсурсам, судамі, штрафамі, паклёпамі, рознымі фізічнымі і маральнымі катаваннямі. Сёння ламаюцца лёсы самых маладых, смелых, здольных і ініцыятыўных грамадзян, многія з іх, не жадаючы будаваць кар’еру на цемрашальстве і подласці, з’язджаюць за мяжу.

Рэпрэсіўны стыль у паводзінах улады цяпер забяспечваюць не толькі такія ж, як і ў часы Сталіна выхадцы з нізоў, невукі, але і высокаадукаваныя прыстасаванцы, падхалімы, лісліўцы, маральна дэградаваныя індывіды.

Расійскі літаратар А. Цвяткоў у эсэ «Искусство правильно бояться» слушна піша: «Будущее, которое мы силимся предсказать или даже предотвратить, начинается не с того места, где мы в данный момент находимся, и чтобы его понять, надо как следует оглянуться. Разумнее бояться прошлого, которое в один прекрасный момент может за нами вернуться».

Нядаўна на аўтобусным прыпынку пачуў паказальную гамонку двух мужчын-прадпрымальнікаў. Адзін з іх, крыху старэйшы, з сумам у голасе прамовіў: «Чытаю смелыя выказванні ў інтэрнэце, у незалежных газетах, дзе заклікаюць «Не бойцеся!», і думаю: ладна такое казаць пенсіянеру або далёкаму ад прагнай і жорсткай рукі ўлады чалавеку. А што рабіць нам?» Маладзейшы падтрымаў: «Яны не ўлічваюць, што прадпрымальніку ў горадзе або фермеру ў вёсцы трэба пастаянна мець стасункі з сучаснымі начальнікамі, а ў многіх з іх няма ні прававых, ні маральных тармазоў. Гэта, як і той, што сядзіць наверсе, — сярэдневяковыя феадалы».

Безумоўна, прадпрымальнікі могуць мець такое меркаванне, але ім няварта забываць, што «смелыя пенсіянеры», калі былі ў іх узросце і пазней, прайшлі не меншыя перашкоды і выпрабаванні. За сумленнасць і праўду ў савецкі час іх выключалі з ВНУ, накладалі спагнанні, а пры цяперашняй уладзе выганялі з працы, пакідалі без сродкаў для існавання, у афіцыйным друку, на тэлебачанні і радыё аблівалі брудам вар’яцкіх паклёпаў, спадцішка білі кастэтамі гэтак званыя «эскадроны смерці».

Але нічога не прападае бясследна. Калі ў СССР у 60-х гадах ХХ стагоддзя мы, студэнты, абаранялі родную мову, пісалі на ёй шчырыя вершы, прысвечаныя любімай Айчыне, яе героям, мужнаму змагару за нацыянальную ідэю Кастусю Каліноўскаму, то не маглі ўявіць, што яшчэ пры нашым жыцці Беларусь будзе суверэннай краінай, у якой, хай сабе і на кароткі час, але дзяржаўнай сімволікай стануць бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Вольна і прыгожа луналі яны нядаўна ў Вільні на перазахаванні ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гг. Луналі, каб нагадаць насельнікам Беларусі пра іхнюю памылку, якую належыць выправіць.

Не бойся! За ўласнае жыццё я пераканаўся ў правільнасці гэтых слоў неаднойчы. Мне за праўду перападала «на арэхі» часта, але не шкадую. Не бойся, і тады ты зможаш зрабіць шмат карыснага, патрэбнага і сабе, і іншым. Самае галоўнае, што рана ці позна, але праўда і здаровы сэнс абавязкова перамагаюць.

Я не сумняваюся ні на хвіліну, што прыйдзе час, калі над Беларуссю зноў афіцыйна будуць узняты гістарычны сцяг і герб «Пагоня», загучыць выдатны гімн М. Шчаглова-Куліковіча на словы М. Багдановіча, а само грамадства вернецца з аўтарытарнага дзікунства да агульнапрынятых нормаў жыцця, да законнасці і справядлівасці, адродзіць родную мову і культуру.

Фарміраванне беларускай нацыі яшчэ не завершана. У гэтым складаным працэсе «вулічнымі патрыётамі», якіх чыноўнікі зганяюць сёння, каб яны стаялі на плошчы і спявалі скампіляваны са старога тэксту гімн, крычалі «Люблю Беларусь!», або нейкім іншым дэкаратыўным марафетам не адбудзеш.

Беларусы па пашпарце, людзі розных прафесій, якія цяпер кіруюць краінай, ніколі ў сваім жыцці не думалі пра лёс нашага народа, пра яго незалежнасць, пра дзяржаўнасць. Яны проста нарадзіліся тут — і ўсё. Ім — не да нацыянальнай стратэгіі, не да будучыні. Галоўнае для іх — уласная кар’ера і багацце. А частка кіраўнікоў — гэта наогул прышлы люд, якому праблемы беларускай нацыі «да лямпачкі». У іх на першым месцы — свой народ. Яго клопатамі яны жывуць, адсюль сыходзяць на радзіму, калі там прапануюць лепшы кавалак, або ў іншыя больш «хлебныя» месцы.

А. Лукашэнка і яго прыслужнікі нацэлены на адно — любымі спосабамі ўтрымаць у сваіх руках уладу, а звышзадача для беларусаў — захаваць нацыю, бо аўтарытарызм можа яе разбэсціць маральна, пакінуць без роднай мовы, культуры і нават тэрыторыі, поўнасцю разбурыць, дабіць канчаткова.

Думаю, што ўсе, хто карыстаюцца інтэрнэтам, узрушаны крыкам душы слаўнай беларускай дзяўчыны Ані Тоўчыкавай, якая смела і мужна выкрыла фальсіфікацыі і падтасоўкі на парламенцкіх выбарах, цынізм прадстаўнікоў улады.

Мне б хацелася, каб яе шчырыя, напоўненыя болем словы, якія нарадзіліся ад адчаю і немагчымасці хоць нешта змяніць у лепшы бок, пачулі не толькі ўсе жыхары Беларусі, але і амбасадары замежных краін, акрэдытаваныя ў Мінску, еўрапейскія і амерыканскія палітыкі, якія ўскосна або наўпрост падтрымліваюць аўтарытарны рэжым.

Аня правільна кажа фальсіфікатарам: «Мы — будучыня, а вы — мінулы дзень!» Але і сумленным старэйшым людзям не трэба апускаць рукі перад злом. Нам неабходна падтрымаць смелую моладзь.

Шчырыя гутаркі з маімі аднагодкамі часта выяўляюць іх панічны страх перад старасцю. Я ўпэўнены, што ў любым узросце кожную раніцу трэба сустракаць з удзячнасцю. Мой верш пад назвай «Не бойся!» заканчваецца радкамі:

Світае…
Дзень новы заняўся ледзь-ледзь…
За праўду яшчэ не адна будзе бойка.
А ты, мой родны, не бойся старэць,
І, наогул, ніколі нічога не бойся.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Еўрапейскія зайздроснікі

Проста перабежчыкі

Драздоўскае папуры

Каму служыце?

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.