Categories: Фельетон

Не замяніў замок і атрымаў урок

У Віцебску мужчына пагадзіўся падвезці свайго знаёмага на работу і неўпрыкмет для сябе ўпусціў з рук звязку ключоў. Пра страту расказаў жонцы, але абодва не прыдалі гэтаму значэння. А ключы падабраў той самы знаёмы. За два месяцы ён 20 разоў наведаўся ў кватэру, украўшы вялікую суму грошай і два залатыя пярсцёнкі.

Калі прыйшоў мужык дахаты, Дык быў спустошаным, лічы. Сказаў ён жонцы: — Вінаваты, Бо дзесьці я згубіў ключы.

— Ключы якія?
— Ад кватэры.
— Ат, не бяры да галавы,
Бо твар, гляджу, зямліста-шэры.
Галоўнае, што сам жывы!
— Бяды няма на самай справе —
Камплект жа маем запасны…
І пра прапажу неўзабаве
Забылі ўвогуле яны.
Аднак праз тэрмін некаторы
Стаў выспяваць у іх разлад.
Мужык чамусьці не ў гуморы,
Парой касы ў яго пагляд,
Ён уздыхаў гаротна-цяжка,
Хоць не казаў нічога ўслых.
Чаму? Бо нейкі «барабашка»
Як быццам пасяліўся ў іх.
Той «барабашка» — нехарошы
(Такі, што не хапае зла).
Бо вельмі хутка сталі грошы
Знікаць з «агульнага катла».
Яны абодва клалі ў «касу»
Заробленыя грошы ўсе.
Калі патрэбна, час ад часу
Адтуль і бралі пакрысе.
І не трымалі на кантролі,
Улік штодзённы не вялі.
Прынамсі, у стале ніколі
Не пералічваў муж рублі.
Ляжалі роўненька купюры,
І нават стос парою рос…
А зараз муж таму і хмуры,
Што «паклявалі грошы куры» —
Штодня рабіўся меншым стос.
Не «барабашка» ж у кватэры
З’явіўся раптам сапраўды…
«То жонка траціць іх без меры.
Зусім звіхнуліся глузды.
Купляе, мусіць, што папала,
Што ёй у галаву ўзбрыдзе.
Дык хутка будзем грызці сала
Ці жыць на хлебе і вадзе», —
Так думаў муж наконт «паловы».
Ды ён, канешне, не куркуль,
Таму абразлівыя словы
У твар не кідаў ёй пакуль.
І жонка думала тым часам:
«Хоць я не брала ні рубля,
Ды штосьці робіцца з запасам —
Знікаюць грошы спакваля».
На мужа беднага грашыла.
Гадала-думала яна:
«Што можа ён рабіць з грашыма?
На працы зранку да цямна.
І не сказаць, што вечна п’яны —
Не траціць, значыць, на прапой…»
Дык вывад, хоць і нечаканы,
Напрошваецца сам сабой:
«Каханку ён завёў употай!
Каханцы грошы аддае!
І прыкрываецца работай,
А сам шыбуе да яе…»
Ды гэта ж проста жах дый годзе!
Аднак вядома ўсім здавён:
Той, хто не злоўлены, — не злодзей.
Не выкрыты пакуль што ён.
А лопнула цярпенне ў жонкі
І не стрымалася, калі
Прапалі раптам два пярсцёнкі —
Яшчэ з вяселля ў іх былі.
І мужыку прыйшлося туга,
Ён ледзь стрымаў яе парыў.
— Ах ты, нягоднік! Валацуга!
Каханцы грошы падарыў?
І нават вынес кольцы з хаты,
Што падарыў калісьці мне.
А каб жа здох ты, кныр пракляты!
Мужык усклікнуў слёзна:
— Не!
Разборка ў іх была крутою…
Паразумеліся ўначы,
Калі згадаў мужык пра тое,
Што колісь ён згубіў ключы…
Я пераказваць вам не буду,
Як участковы-пінкертон
Знайшоў зламысніка-паскуду,
Бо не пра тое фельетон…
* * *
Каб злодзей у кватэру ўлезці
Не змог,
Засвоіць варта ўрок:
Калі ключы «пасеяў» дзесьці,
Папросту замяні замок!

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Як не цаніць вартаўніка, ён будзе красці спадцішка

Паспіваліся жанкі, а каровы — як быкі

На ўсіх такіх кіраўнікоў не набярэшся малаткоў

На лепшае няма надзей, таму пара ісці ў музей

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023