TOP

Хоць нямоглая, аднак збудавала асабняк

71-гадовая цешча былога супрацоўнiка Следчага камітэта (яна жыве ў Глыбокім Віцебскай вобласці) прадае недароблены катэдж у Драздах за 1 мільён 800 тысяч рублёў. На пытанне «Нашай Нівы»: «Адкуль грошы?» — пенсіянерка адказала: «Будавала сама. Справаздачыцца ні перад кім не збіраюся». Увысь яго кар’ера ўзнесла! І хоць пакуль што не на трон, А толькі ў цёпленькае крэсла, Ды быў вялікай шышкай ён.

71-гадовая цешча былога супрацоўнiка Следчага камітэта (яна жыве ў Глыбокім Віцебскай вобласці) прадае недароблены катэдж у Драздах за 1 мільён 800 тысяч рублёў. На пытанне «Нашай Нівы»: «Адкуль грошы?» — пенсіянерка адказала: «Будавала сама. Справаздачыцца ні перад кім не збіраюся».

Чыноўнiк у свой час прапаноўваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў: «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасці, памер якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэтая службовая асоба не можа пацвердзіць».

Увысь яго кар’ера ўзнесла!
І хоць пакуль што не на трон,
А толькі ў цёпленькае крэсла,
Ды быў вялікай шышкай ён.
Выконвалі яго загады
Усёй краіны следакі!
Таму не дзіўна, што спагады
Прасілі часта хадакі,
І хто за свата, хто за брата
Не шкадавалі слёзных слоў,
Каб не ўпяклі яму багата
Ці каб увогуле за краты
Сваяк-злачынец не пайшоў.
І не было візітам зводу,
Прасіцеляў, як кажуць, цьма.
І абяцалі ўзнагароду —
Хто ж спагадае задарма?
Аднак дзялкі і казнакрады,
Што згрэблі не адзін мільён,
Не мелі ад яго спагады.
Выгукваў ён:
— Ідзіце вон!
Не будзе злодзею паблажкі,
Я гнюсны хабар не вазьму!
Сваяк не выйдзе з каталажкі,
Яшчэ і вас сашлю ў турму!
Ну, карацей, не перапала
Яму ад злыдняў ні рубля.
Ён і з трыбуны-п’едэстала
Закідваў заклікі пасля:
— Прыціснуць да пазногця трэба
Усіх зладзеяў і хапуг.
Няхай гарыць пад імі глеба!
Не пераношу іх на дух
І выйсця іншага не бачу:
Любы, хто мае асабняк,
Няхай прад’явіць справаздачу:
Дзе грошы ўзяў і можаш як
Ты растлумачыць тыя грошы?
На лапу іх загроб, бадай…
Ну, словам, ён такі харошы,
Што хоць да раны прыкладай,
І зажыве адразу рана…
А цешча, што жыла ў глушы,
Прамовы слухала з экрана,
І злосць расла ў яе душы.
— Ну што ён, недарэка, плешча?
Такая каша ў галаве, —
Абурана казала цешча, —
Нібы на Месяцы жыве.
Будуюць іншыя харомы,
А я тут маю дом які?
На ім паклалі дах з саломы
Даўным-даўно мае бацькі.
Смяюцца людзі: у сталіцы
Твой зяць, маўляў, такі «бугор»,
Але нямашака святліцы —
Не збудаваў да гэтых пор.
Дык калі ў зяця грошай мала,
Калі нахабнасці няма,
Дык асабняк, — яна сказала, —
Сабе збудую я сама.
Я буду берагчы капейкі,
Я ашчаджацьму па рублю
І ўсё адно праз тэрмін нейкі
На дом-святліцу зараблю!
Адзначыць варта: цешчы слова
Цвярдзей, чым камень, чым скала.
Ахвяраваць сабой гатова,
Амаль не ела, не піла,
Каб рублік з пенсіі адкласці
На адмысловы асабняк
І потым захлынуцца ў шчасці,
Напрыканцы пажыць усмак.
Як зорка, ёй свяціла мэта!
Капейку зарабіць абы,
Як толькі наступала лета,
Збірала ягады, грыбы,
І потым з вёдрамі стаяла,
Сагнутая, каля шашы.
Саперніцу каля вакзала
Штодня ганялі алкашы,
Бо там яна збірала пляшкі…
Які ж пякельнай працы плён?
Набытак у бабулі важкі:
Калі ў далярах, дык мільён!
Канешне, ёй за тыя грошы
Узвесці можна дом такі
(І жыць дадаткам у раскошы),
Што пазайздросцяць землякі.
А зяць пра гэта і не марыў —
Жыве ў нішчымніцы…
Аднак
Чаму б, займеўшы мех даляраў,
Не ўзвесці ў Мінску асабняк?
І не ў бядняцкай Серабранцы
Над галавою будзе дах.
Яна да скону жыцьме ў глянцы
Там, дзе эліта, — у Драздах!
Участак выбітны для дома
І праўда «выбіла» яна!
На жаль, дакладна не вядома,
Якой была яго цана.
Ёй па плячы любыя цэны,
Яе не страшыць кошт любы.
І выраслі нарэшце сцены,
Як тыя самыя грыбы!
Нарэшце ўжо навідавоку
Асабняка ўсяго абрыс —
Глядзі хоць спераду, хоць збоку.
І раптам вынырнуў сюрпрыз.
Прычым ад гэтага сюрпрызу
Быў у бабулі проста шок.
Памацала скарбонку знізу —
Пусты даляравы мяшок.
Калі нявыкрутка з грашыма,
Дык мары, мусібыць, гамон.
Прынамсі, так яна рашыла.
Больш не заробіцца мільён:
Адолець шлях ранейшы цяжкі
Не атрымаецца ў яе,
Бо, каб збіраць грыбы і пляшкі,
Ужо здароўя не стае…
* * *
Бабуля не дабудавала
Свой шматпакутны асабняк
І атрымае грошай мала,
Прадасць яго, лічы, за так.
Была б на лепшае надзея,
Змагла б катэдж дабудаваць,
Каб меў спагаду да зладзеяў
Яе добрасумленны зяць…

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Не замяніў замок і атрымаў урок

Як не цаніць вартаўніка, ён будзе красці спадцішка

Паспіваліся жанкі, а каровы — як быкі

На ўсіх такіх кіраўнікоў не набярэшся малаткоў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.