Кантралёры: «Штось не так, калі часам спіць мастак…»
У майстэрні вядомага мастака Уладзіміра Цэслера (яго творы ёсць нават у Луўры) супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю ўбачылі ложак і зрабілі выснову, што мастак там жыве. Таму арэндная плата ўзрасла ў чатыры разы. Пішуць хвацкія карціны — Свет здзіўляюць мастакі. Гэта гонар для краіны! Ёсць і ў нас мастак такі.
Ён і дома вельмі знаны,
І славуты за мяжой.
Шмат пражыў, ды строіць планы,
Не пакрыўшыся іржой.
Ён свае карціны піша
У майстэрні дзень пры дні.
Там заўжды спакой і ціша,
Перашкод няма ані,
Каб маглі з’яўляцца творы
Пад ягонаю рукой.
Ды аднойчы кантралёры
Патрывожылі спакой.
Абхадзілі ўсе закуткі,
Абшманалі ўсе куты
І сказалі:
— Ходзяць чуткі,
Што славуты вельмі ты,
Што мазюкаеш шэдэўры,
Што не нейкі абалдуй
Сярод вашай творчай хеўры.
Дык пабольш працуй-малюй,
Бо карысць прыносіць праца,
Бо цябе натхняе Бог…
І збіраліся падацца
Кантралёры за парог,
Ды адзін усклікнуў:
— Божа!
Хоць вачам сваім не вер:
Вунь стаіць, зірніце, ложак.
Сапсаваны інтэр’ер!
Тут, выходзіць, творца гэты
І працуе, і жыве.
Ён, бадай, махляр адпеты,
І карыслівыя мэты
У ягонай галаве!
Прыгаворам тыя словы…
Сам галоўны кантралёр
(Ён для ўсіх мужык суровы)
На «славутага» папёр:
— Твой шэдэўр для нас — пустое,
Хоць любуецца Парыж.
Нас хвалюе болей тое,
Што ў майстэрні гэтай спіш.
Адказаў мастак вядомы:
— Дзень стаю ці гнуся ў крук,
Ледзь не падаю ад стомы,
Выпадае пэндзаль з рук.
Дык прылегчы трэба ўсё-ткі
І заснуць тады-сяды
Хоць на нейкі час кароткі,
Бо даўно не малады…
— Не хачу я знаць пра стому! —
І галоўны кантралёр
Вынес беднаму старому
Канчатковы прыгавор.
— Ты пускаеш пыл у вочы! —
Прабіраў ён мастака. —
Тым жа крукам і рабочы
Дзень стаіць каля станка,
Толькі ложка ён не просіць,
Каб упасці, быццам сноп.
А табе, як творцу, досыць
Табурэткі тут было б.
І таму не дам я веры,
Што працуеш толькі тут.
«Офіс» твой накшталт кватэры:
Ходзіць розны брыдкі люд,
Ты сюды, у ложак гэты,
Можа, нават водзіш баб.
Падабаюцца кабеты,
Шал самцовы не аслаб?
Карацей: забудзь пра льготы,
Больш не будзе як было.
То — не месца для работы,
Дык плаці як за жытло!
Выглядаў як апляваны
Ашаломлены мастак.
І чамусь пабляклі планы,
І працуецца не так…
* * *
Падарылі нечаканку —
Падсадзілі на рублі…
Каб талерку, лыжку, шклянку
У майстэрні той знайшлі,
Давялося б цяпнуць гора,
Набакір пайшлі б мазгі:
Ён вердыкт ад кантралёра
Мог пачуць зусім благі:
— Той, хто хлусіць, робіць гадка.
Ты таксама ўвёў у зман:
Не майстэрня гэта, братка,
А сапраўдны рэстаран!
Чытайце таксама ў рубры4цы «Фельетон»:
Здабыткам грош цана і без вайны вайна
Хоць не радуе табло, ды грабуць гульцы «бабло»
Хоць нямоглая, аднак збудавала асабняк
Не замяніў замок і атрымаў урок