Гульбішчы нячысцікаў

Першы раз табакерку мне давялося ўбачыць у школьным падручніку па гісторыі як ілюстрацыю. Пазней рэч у розных дызайнерскіх вырашэннях і аздобленасці трапляла ў поле зроку ў музеях Санкт-Пецярбурга, Масквы, Варшавы, Кракава, Берліна, Дрэздэна, Рыма, Ліёна.

Чаму скрыначка, у якой захоўваецца нюхальны тытунь, згадалася менавіта цяпер? Таму, што дзясяткі чытачоў тэлефануюць з просьбаю выказаць сваё меркаванне з прычыны ўсталявання ў гарадах нашай краіны гэтак званых «Табакерок».

Пачну з банальнага, але бясспрэчнага: паліць цыгарэты — вялікае зло як для сябе, так і для акаляючага люду. Шчыра прызнаюся, што быў у палоне шкоднай звычкі, але знайшоў сілу волі, каб ад яе пазбавіцца. Мяркую, калі б своечасова разумны крок не зрабіў, то не стаў бы аўтарам гэтага роздуму.

Паводле інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ад хвароб, звязаных з паленнем тытуню, штогод памірае каля 3,5 мільёна людзей, прыкладна 10 тысяч чалавек кожны дзень. Нездарма пашыраецца змаганне са звычкай, якая прыносіць чалавецтву шкоду не меншую, чым войны. У Швецыі яно набыло агульнанародны характар, што прывяло да значнага змяншэння курцоў. У ЗША, у штаце Нью-Ёрк, нельга паліць у грамадскіх месцах і службовых аўтамабілях, штраф за парушэнне — да 1000 долараў. Такі ж памер грашовага пакарання ў Сінгапуры. Самы вялікі штраф у Англіі — да 2500 фунтаў. У Італіі штрафуюць на сумы ад 25 да 250 еўра, а калі запаліў цыгарэту каля цяжарнай жанчыны або дзіцяці да 12 гадоў — 500 еўра. У Расіі ўведзена забарона на ўжыванне тытуню ва ўсіх грамадскіх месцах, за выключэннем тых, якія для гэтага спецыяльна вызначаны. Толькі што аналагічны закон прыняў парламент Арменіі.

Паўсюль на дзяржаўным і мясцовым узроўні рознымі спосабамі стараюцца пазбавіцца ад тытунёвага зла. У Германіі прадаюць цыгарэты тым, каму споўнілася 18 гадоў. У Новай Зеландыі курцоў б’юць па кішэні — пачак цыгарэт каштуе 60 еўра. У Японіі некаторыя фірмы выплачваюць прэмію 190 долараў супрацоўнікам, якія пратрымаліся без тытуню паўгода. У Малайзіі тым, хто кінуў паліць, выдаюць льготныя крэдыты.

А што робіцца ў нас? У 2019 годзе ў Беларусі пачаў дзейнічаць падноўлены антытытунёвы дэкрэт правіцеля, які зместам скіраваны на ахову здароўя насельніцтва. У публічнай гаворцы пра «Табакерки» ён сам асудзіў аматараў атрутнага дыму. Праўда, у канцы яе дзіўным дысанансам прагучала слова: «Думайце…».

Думаць трэба над чым? Паліць людзям або не паліць? Або над тым, ці варта ваяваць з «Табакерками», якія ўзніклі паводле «высокага дазволу»?

Куды ні кінь, у нас усюды пануе дзяржаўнае двурушніцтва. Адной рукой пішацца антытытунёвы дэкрэт, а другой дазваляецца «свайму» алігарху ўсталёўваць «Табакерки» на прыпынках грамадскага транспарту. Такім чынам, тытунь паліць тут нельга, а прадаваць цыгарэты можна.

Акрамя таго, ад улады адным прадпрымальнікам — дуля з маслам, а «блізкім» — прывілеі на крэдыты, на выдзяленне зямельных участкаў, на імпарт тытунёвай сыравіны… «Дзівосы на калёсах», якія сталі звыклымі!

Другі год насельніцтва змагаецца з «Табакерками». Жыхары Салігорска справядліва лічаць, што прыпынкі: «…не являются местом для продажи сигарет и табачных изделий. На них находятся все категории граждан — от людей пожилого возраста до детей школьного и дошкольного возрастов, а киоски с направлением по продаже табака пропагандируют нездоровый образ жизни». Бацькі пытаюцца: «Почему мой ребенок должен научиться читать по слову «Табакерка»? Почему они появляются возле школ и детских садов? Это скрытая реклама табака!»

Пад скаргамі ў органы ўлады пастаўлены тысячы подпісаў, а чыноўнікі, як пад капірку, адказваюць, што ўсталяванне кіёскаў (2500 гандлёвых кропак) кампаніі «Энерго-Оил», падкантрольнай А. Алексіну, «не противоречит действующему законодательству».

Ну і скажыце, які толк ад дэкрэта, калі адначасова адбываецца паскораны рост тытунёвай гандлёвай сеткі? Прытым у «Табакерках» асартымент тавараў пашыраецца. Тут прадаюць і талоны на праезд. Вядома, грошы дымам не пахнуць. Для зацікаўленых асобаў галоўнае, каб іх было болей.

Дарэчы, калі ў Мінску захацелі штрафаваць пасажыраў, якія не паспяваюць імгненна аплаціць праезд у грамадскім транспарце, але пасля абурэння людзей сваё рашэнне адмянілі, я прыйшоў да высновы, што да дэкрэтаў і інструкцый руку прыкладае нячысцік. Сапраўды, ствараецца ўражанне, што ў кабінетах сядзяць кручкатворы, якія займаюцца толькі тым, каб прыдумаць для насельніцтва нейкую «падлянку».

Бачна, што сёння тутэйшыя прапагандысты не сябруюць з сумленнасцю і прыстойнасцю, а ў многіх чыноўнікаў, архітэктараў, забудоўшчыкаў няма не толькі гэтых якасцяў, але яшчэ і густу.

За час аўтарытарызму ў краіне катастрафічны размах набыла практыка «уплотнения» гарадскіх раёнаў, якія даўно сфармаваліся. Такое будаўніцтва найбольш выгаднае і прыбытковае, бо не трэба выдаткоўваць грошы на інфраструктуру. Асаблівы ўрон наносіцца паркам і скверам. Сам стаяў у пікетах пратэсту супраць дзікунства. Але сілы няроўныя. Толькі адстаялі адно месца, як у іншым працуюць бульдозеры і экскаватары. Чыноўнікаў абсалютна не хвалюе тое, што знішчаецца «зялёная зона», наносіцца шкода здароўю не толькі чужых нашчадкаў, але і іхніх дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Я люблю Мінск, у якім пражыў 51 год, але зайздрошчу Лондану, дзе не быў і, відаць, ужо ніколі не пабуду. Тут забаронена высокім будынкам замахвацца на гістарычныя аб’екты. 40 працэнтаў горада — зялёная прастора! На адным гектары жыве толькі 43 чалавекі, што намнога менш, чым у нашай сталіцы…

У Лондане думаюць пра камфорт для гараджан, раяцца, як яго лепш наладзіць. А Мінск абстаўляюць «Табакерками». Многія з іх стаяць пакуль што самотна, без выкарыстання. Але на ўражлівага чалавека ўсё роўна ўздзейнічаюць.

На аўтобусным прыпынку стары чалавек паглядзеў на кіёск і з усмешкай прамовіў: «А вы ўяўляеце, колькі нячысцікаў па начах вылазяць з «Табакерок» і наладжваюць гульбішчы?» Заклапочаная кабета з гаспадарчай сумкай на жарт адгукнулася без гумару: «Каб жа толькі па начах! Ад нячысцікаў і ўдзень няма куды схавацца! Задзяўблі!»

Поўнасцю згаджаюся з народнымі меркаваннямі. Затхлая атмасфера хлусні, фальсіфікацый, жульніцтва, бясконцыя гульбішчы розных нячысцікаў абрыдлі. Значыць, сутнасць праблемы палягае не толькі ў канкрэтным выпадку з «Табакерками», а ў неэфектыўнай і несправядлівай аўтарытарнай сістэме.

Даўней вясковыя дзядзькі насілі тытунь у капшуках — мяшэчках з тканіны або скуры. У савецкі час «самасад», махорку, якія ішлі на выраб самакрутак і «казіных ножак», курцы звычайна захоўвалі ў бляшаначках з-пад манпасье, чаю…

З «савецкай бляшаначкі» ў 1994 годзе на незалежніцкую дзяржаўную арбіту раптам выскачыла самі ведаеце што. З таго часу жыццё нашага грамадства пайшло не паводле Канстытуцыі і законаў, а «по понятиям».

Для таго, каб кінуць паліць тытунь, чалавеку патрэбны розум і сіла волі. Без іх нічога не атрымаецца. Гэта тычыцца і вызвалення беларускага грамадства. Яно павінна падумаць, паднатужыцца і зрабіць рывок на свабоду.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

«Клочок земли»

Ода стратэгіі

Няўлоўныя грошы

Прысак

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023