Маючы за плячамі немалое жыццё, я добра ўсвядоміў: калі мы дрыжым ад страху перад начальствам, верым прапагандысцкай хлусні, калі ўласнай свабоднай думкай не спрабуем асэнсаваць далёкую і навейшую гісторыю, сённяшні дзень, то зноў спаўзаем у рабскі стан.
Насельніцтва Беларусі на доўгі час адхілена ад аналізу дзяржаўнага жыцця. За грамадства думае адзін «герой». А ўсім трэба няўхільна выконваць яго планы. Якой яны якасці — гэта няважна! Такі стан задавальняе людзей.
Але зацягнутае выманьванне і спажыванне аўтарытарным рэжымам эканамічных і фінансавых падачак, нахлебніцтва ў багатай усходняй суседкі, перыяд бяздумнасці і бесклапотнасці беларусаў заканчваецца. Сутнасць не толькі ў кардынальнай змене ладу існавання ўсяго чалавецтва ў сувязі з каранавірусам і яго негатыўным уплывам на сусветную эканоміку, з інфекцыйнымі, экалагічнымі і нават касмічнымі небяспекамі.
На беларускую зямлю прыйшоў нязвыклы час. Гэта час, калі бязлітасныя рэаліі будуць перамагаць начальніцкія пераможныя рапарты і прапагандысцкую хлусню. Змены ў стасунках з Расіяй, з іншымі краінамі, нерэфармаваная эканоміка, неэфектыўнае выкарыстанне інвестыцый, выдаткі народных грошай на спартыўныя забаўкі і многія сумніўныя праекты нараджаюць складаныя праблемы. Наперадзе ў нас — перыяд хаатычнага спаўзання ў яшчэ больш цяжкае матэрыяльнае выжыванне мільёнаў людзей.
Каранавірус прымусіў беларусаў «запаліць лампаду ва ўласнай галаве», пачаць разважаць. Што для грамадства важней: аснашчаныя сучаснай апаратурай і класнымі спецыялістамі бальніцы або затратныя лядовыя палацы, дзе ганяе шайбу невялікая прывілеяваная кагорта здаравенных дзецюкоў?
Людзі пачынаюць разумець сутнасць сістэмы, у якой жывуць. У ёй спорт выкарыстоўваецца для маскіроўкі дэспатызму і гвалту.
Цана, якую заплаціў савецкі народ за катаржную індустрыялізацыю, прымусовую калектывізацыю, цяжкую перамогу ў вайне, прарыву ў космас — неймаверная. Гэта самазнішчэнне. У ХХ стагоддзі ніводзін народ свету не ішоў да эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу такімі людажэрнымі метадамі і спосабамі.
Час, у якім давялося жыць, занатаваны ў маёй новай паэме «Пякельны каляндар», раздзел з якой прапаную:
Адыход тырана. 1953
«Сапоги — это очень удобно, можно так ногой пнуть в морду,
что все зубы вылетят»; «И всё-таки любит меня мой народ».
З выказванняў І. Сталіна
«Хамоватый недомерок», — так да ўзурпацыі ўлады называлі
Сталіна партыйцы… Са 139 членаў і кандыдатаў у члены ЦК ВКП(б),
абраных на ХУІІ з’ездзе партыі (1934 год), 70% былі арыштаваны і
расстраляны ў 1937 — 1938 гадах як «ворагі народа». З 1966 дэлегатаў
асуджана за контррэвалюцыйныя выступленні больш паловы —
1108 чалавек.
З палітычнага даведніка
Дзень той згадваю, быццам праплыў ён учора…
Галашэнне настаўніц лунала наўкола…
Мы на ложку сядзелі радочкам чацвёра —
Недаспаныя дзеці дырэктара школы.
Рэпрадуктар ахрып ад жалобнае весткі,
Што краіну, нібы землятрус, скаланула.
Толькі плач не спыніў волю радасці весняй,
Нечакана прыйшло развітанне з мінулым.
Мы няўцямна на свет на ўсе вочы глядзелі,
Мы дарма натапырвалі чуйныя вушы,
Недасяжным быў сэнс эпахальнай падзеі
Нават тым, хто ў змаганне за трон хціва рушыў.
Толькі там — за калючкай, у затхлай няволі,
Навіна разагнала паныласць і морак.
Гэткіх скокаў ГУЛАГ больш не ўбачыў ніколі,
Так бурліла людское шчаслівае мора:
«Сдох Гуталин!
Усатый надел деревянный бушлат!
Жди амнистии!»
…У пакоі задушлівым бабскія слёзы,
Быццам сок сакавіцкі сачыліся ў зляку.
Толькі бацька глядзеў у вакно на бярозы,
Толькі бацька маўчаў —
Не ўсміхаўся, не плакаў.
Выраз твару худога —зацяты, маўклівы —
Праз гады, старшакласнікам, я зразумею,
Калі ў вязняў былых і ў глыбокіх архівах
Мы шукалі хоць нешта пра дзядзьку Сяргея.
А тады ўсё было пад хлуснёю схавана:
Як наладзіў садыст нечуваную бойку,
Як даносы пяклі стукачы апантана,
Як ударна пацелі расстрэльныя «тройкі»,
Як пад брэх ваўкадаваў нямыя калоны
Упаўзалі ў нявольніцкі холад і голад,
Як дрыжэлі ад страху ў кватэрах мільёны,
Хоць далдоніў пра поспехі дыктарскі голас.
Ён пайшоў на той свет, а ў Маскве да світання
Зноў змывалася кроў, прыбіраліся трупы.
Да трох тысяч ахвяраў забраў развітаннем
У бязлітаснай даўцы на вуліцы Трубнай.
Шмат гадоў баязліва, бязладна, няўмела
Адсявалася ад асцюкоў праўды зерне,
Але ўсё ж і дагэтуль не ўсім зразумела,
Што тыран чалавекам быў надта мізерным.
Людзі розныя…
Сутнасць, канешне, не ў росце,
Не ў слядах воспы і не ў руцэ сухаватай,
Не ў ступні толькі 40 памерам, а проста
Сталін жыў шантажыстам, садыстам і катам.
Ён і сёння атручвае свет, плодзіць клоны,
І нішто ўжо віны вурдалака не скосціць.
Варта ўбачыць вусаты партрэт над калонай —
Мне чуваць, як трашчаць чалавечыя косці…
Клоны Сталіна ткуць папулізм і інтрыгі,
Бо любошчы з уладай страшней, чым зараза…
Меў да смерці тыран з мяккай скуры ічыгі,
Ды ад іх след застаўся крывавы, выразны.
Шмат дыскусій вядзецца каля заслуг Сталіна ў перамозе над фашысцкай Германіяй. Пагаджаюся з высновай прафесійных гісторыкаў: узурпатар сам удзельнічаў у развязванні бойні пад бальшавіцкім лозунгам «мировой революции», яго злачынствам стала трагедыя 1941 года, калі Чырвоная армія, маючы перавагу ў людской сіле, артылерыі, танках і авіяцыі, страціла амаль усё ў першыя месяцы вайны, хаатычным адступленнем аддала ў акупацыю 70 мільёнаў грамадзян СССР.
Я ўпэўнены, што ніхто не прынізіць подзвіг савецкіх людзей, але свята трэба адзначаць не лязганнем зброяй, а ўдзячнай памяццю пра герояў, якія адстаялі мірны дзень.
Ад мерапрыемстваў, праведзеных сёлета 9 мая ў Беларусі, патыхала савецкімі ідэалагічнымі міфамі, застоем. У нас ёсць адзін «вораг» — хранічна хворая эканоміка, якую рэжым за 25 гадоў не здолеў умацаваць, каб забяспечыць годны народны дабрабыт.
Дзеля пыхі аднаго чалавека, які паказвае «круцізну», нельга падвяргаць небяспецы здароўе тысяч людзей. Навошта большая нагрузка медыкам, якія і так збіліся з ног, ратуючы суайчыннікаў?
Чыноўнікі-аўтаматы і журналістачкі з ліслівымі, умільна-уважлівымі тварамі, якія, стоячы перад правіцелем, ківаюць галовамі, некалі на пенсіі будуць расказваць унукам пра сваю «нялёгкую» і нават «небяспечную» службу і ўздыхаць: «Што зробіш, такі быў час!»
Час заўсёды такі, якім яго ствараюць людзі. Усё залежыць канкрэтна ад кожнага і ад усіх разам. Спіхваць віну на некага — не выпадае.
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…