Categories: История

Из почты. «Беларусы павінны ведаць праўду пра час акупацыі»

Калі прачытаў у «Снплюс» інтэрв'ю Святланы Алексіевіч «Война — страшное дело…», а потым у № 15 лісты ў газету чытачоў Вераб’ёвай і Кандратава, то вырашыў распавесці пра перажытае мной асабіста, а яшчэ гісторыю жыхаркі маладзечанскай вёскі Хатуцічы Монід Веры Сямёнаўны, што адбылася зімой 1943-га.

Пра тое, што бачыў сам.

Я Барыс Старыкевіч, сёння маю 85 год, усё жыццё працаваў інжынерам-будаўніком.

У 1943 годзе жыў у Докшыцах, сёння гэта райцэнтр Віцебшчыны, вучыўся ў беларускай школе — тады мне было ўсяго 8 гадоў.

Акрамя немцаў, у Докшыцах атабарыліся «радзівонаўцы». Радзівонаў-Гіль — гэта палкоўнік Чырвонай Арміі. Трапіўшы ў палон, ён, як і вядомы генерал Уласаў, згадзіўся супрацоўнічаць з немцамі. Але ўжо ў 1943 годзе зразумеў: вайну немцам не выйграць, трэба неяк ратавацца.

«Радзівонаўцы» дамовіліся з партызанамі і здалі ім горад. Гітлераўцаў знішчылі, а партызаны «гаспадарылі» ў нас дзень-ноч-дзень… За гэты час Докшыцы былі спалены і, трэба разумець, абрабаваны. Многіх местачкоўцаў забілі. Застрэлілі нашых суседзяў Ляговіча і Квачонка. Лаговіч працаваў электрыкам, у яго засталіся сіротамі дзве дачкі: Крысціна і Данута, мае аднагодкі, я з імі разам бавіўся. Была знішчана цалкам уся сям’я вядомага ў городзе натарыуса, які мясціўся побач з намі (прозвішча, на жаль, не памятую).

Толькі на другія суткі з Глыбокага пад’ехалі немцы. Жыхарам загадалі сабрацца на плошчу-рынак і сказалі, што ўсіх павязуць у Глыбокае. Але чамусьці гэтага не зрабілі, мне так і не давялося даведацца прычыну нашага збаўлення. Пазней гаварылі, што ў жывых застаўся адзін немец — мабыць, ён расказаў праўду пра тое, што ды як здарылася і тым самым выратаваў людзей.

Пра тое, што бачылі іншыя.

А зараз гісторыя, якую мне распавяла жыхарка вёскі Хатуцічы Монід Вера Сямёнаўна. Ёй было 13 год, калі гэта здарылася. Мне ўжо 85, таму лічу злачынствам уносіць з сабой у магілу пачутае. Людзі павінны ведаць як мага больш праўды пра акупацыю нашай зямлі.

Здарылася трагедыя ноччу, зімой 1943-га.

У сям’і Данілы Іванавіча і яго жонкі Надзеі было сямёра дзяцей: Ніна, Галя, Мар’я, Іван, Павел і Аляксандр. Старэйшы сын, Міхал, служыў у паліцыі і пражываў з жонкай і дзіцём у Вілейцы. Да Монідаў прыбіўся і палонны чырвонаармеец Павел — прозвішча ягонае Вера не памятала.

Адкуль з’явіўся Павел у Хатуцічах? Там побач чыгуначная ветка Вільня — Маладзечна. Па ёй у вагонах вазілі палонных у Нямеччыну. Супраць Хатуціч быў паўстанак з назвай Заскавічы, ён і сёння дзейнічае. Паравоз там заўсёды зніжаў хуткасць, і Паўлу з трыма сябрамі неяк удалося выскачыць. Аднак не разбіўся пры тым толькі ён.

Далей Павел і знайшоў прытулак у Монідаў. А ягоных сяброў мужыкі з вёскі пахавалі на мясцовых могілках. У аднаго знайшлі дакументы і збераглі. Пасля вайны маладзечанскі ваенкамат адшукаў родных загінулага чырвонаармейца. На яго магілу прыязджаў сын. Сёння тым палонным стаяць тры помнікі, але толькі на адным выбіта прозвішча.

Цяпер пра трагедыю вёскі.

У адну з начэй у дом Монідаў заскочылі партызаны і ўсіх выразалі — шасцёра дзяцей, бацьку, маці і Паўла. Але Паўлу і тут пашчасціла: быў парэзаны, але застаўся жывым. Раніцай сусед Сарока Мацей Іванавіч, ухутаўшы Паўла ў кажухі (была зіма), на сваім кані адвёз моцна параненага аж у Вілейку, дзе яго і вылечылі. Акрыяў і зноў вярнуўся ў Хатуцічы, дзе і дачакаўся канца вайны. Пасля яе арганізаваў з мясцовых банду і заняўся разбойніцтвам. Урэшце быў злоўлены і асуджаны. Далейшы лёс Паўла невядомы.

Пасля начной партызанскай разні днём з Вілейкі прыехаў старэйшы сын Міхал, паліцай, — разам з немцамі. Жыхароў не чапалі. Міхал пахаваў забітых бацькоў, братоў і сясцёр — усіх васьмярых і з’ехаў служыць назад. Праз год Міхал Монід уцёк з немцамі на захад і лёс яго застаўся невядомым.

…Людзі павінны ведаць, што савецкая ўлада дзесяцігоддзямі трымала нас у цемры і няведанні. Падавалі толькі частку страшнай праўды пра вайну… У выніку мы былі сляпымі, як краты, і дурнымі, як вароны. Таму сёння трэба друкаваць больш праўды, расплюшчваць людзям вочы.

Барыс Старыкевіч, г. Мінск

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023