TOP

Голас салідарнасці

Жыхары квартала, дзе я жыву, увечары 13 жніўня 2020 года выйшлі на балконы дамоў з ліхтарыкамі, пляскалі ў далоні і скандзіравалі: «Разам!», «Верым, можам, пераможам!», «Сыходзь!», «Жыве Беларусь!». Такога парыву пачуццяў яшчэ не было ў гісторыі маёй краіны, але ён назіраецца паўсюль.

Насуперак песімістычным прагнозам «матерых» аналітыкаў, я пісаў у «Снплюс», што сёлетняя выбарчая кампанія незвычайная і выразна паказвае народную сілу, што рэвалюцыя лілей, пратэст, які набыў белы колер, пераможа. Інтуіцыя, без якой няма паэзіі, не падвяла. Следам за жанчынамі ў белым на вуліцы рушылі рабочыя, а побач — медыкі, настаўнікі, акцёры, спевакі, музыкі, айцішнікі, журналісты, мастакі.

У нядзелю мы з жонкай, ігнаруючы хваробы, узрост і каранавірус, не змаглі быць у ізаляцыі і выйшлі на Марш салідарнасці. Божа мой, што адбывалася! Столькі шчаслівых людзей, шчырай радасці, светлых усмешак, добрых слоў я ніколі не бачыў і не чуў на праспектах, вуліцах і плошчах роднага Мінска. Не хачу спрачацца з тымі, хто падлічыць больш дакладна, але пасля прагляду відэа, здымкаў здаецца, што, з улікам мікрараёнаў, на марш выйшла каля паўмільёна чалавек.

У час нарастання лукашэнкаўскай дэспатыі ў вершы «Мой горад» я напісаў:

Вы прывыклі хавацца ў хлусні і ў закутках,
Я ж іду па вуліцах смела і горда…
Праўда возьме верх — ці марудна, ці хутка…
Гэта ўсё-такі мой, а не ваш горад!

Так і сталася! Сталіца, дзе мне ў складзе студэнцкага будатрада давялося ўзводзіць школу, а праз год — цеплатрасу ў Заводскім раёне, дыхала людскім яднаннем, прыгажосцю і свабодай.

Увесь дзень прад вачыма на экране кампутара былі паведамленні з розных гарадоў і пасёлкаў пра Марш салідарнасці. На мірнае змаганне за выхад з дэспатыі на свабоду выйшла ўся Беларусь!

Увечары на сувязь выйшлі беластоцкія беларусы, якія наладзілі тэлефонны «мост». Я дзякаваў ім за маніфестацыю салідарнасці, віншаваў з блізкай перамогай, чытаў верш «Я — беларус!», які цэнзура выкінула са школьнай чытанкі «Чабарок», і слухаў магутны выдых іхняй радасці.

Лічу, што чалавечая салідарнасць — гэта самае выдатнае і дарагое, чым уразілі ўвесь свет беларусы. Расійскі акцёр Д. Казлоўскі кажа: «Невероятный народ этой небольшой, но такой сильной страны! Мирный, добрый народ! Беларусь, ты прекрасна! Дай Бог, чтоб все это поскорее закончилось. Дай Бог, чтобы больше не проливалась кровь!»

Салідарнасць нараджалася доўга. 26 гадоў цярплівыя беларусы знаходзіліся пад дыктатурай саўгаснага кшталту, але ад гэтага не менш жорсткай, чым іншыя. Сотні тысяч лёсаў былі зламаны, шмат моладзі з’ехала, каля мільёна землякоў працуе за мяжой.

Рэжым верыў, што ўсё можа рашыць абяцанкамі павышэння зарплат і пенсій, прымусам. Так доўга было, але не будзе. Беларусь прагаласавала за дэмакратычныя перамены.

Пратэстны настрой народа перад выбарамі шакіраваў А. Лукашэнку. Таму махінацыі пры падліку галасоў проста на вачах грамадскіх актывістаў і назіральнікаў былі бяспрыкладна нахабнымі і маштабнымі. Л. Ярмошына ўшчэнт заблытала вынікі. Але сфатаграфаваныя пратаколы, лічбы праграмы «Голас», усе парушэнні заканадаўства, што зняты на відэакамеры, запісаны на аўдыатэхніку, дазваляюць упэўнена лічыць С. Ціханоўскую прэзідэнтам.Таму дэмакратычныя краіны свету не прызналі афіцыйныя хлуслівыя вынікі выбараў!

Узурпатар раз’ядноўваў, нацкоўваў адных на другіх. Але нічога не выйшла. Беларусы ў змаганні з ім згуртаваліся як ніколі! Без прымусу ў народнае жыццё вяртаюцца родная мова, бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня». А ён, чапляючыся за ўладу, якая выплыла з рук, помсліва і подла кінуў орды сілавікоў на вайну з народам.

Чаму забіты маніфестанты, пакалечаны тысячы мірных людзей,праліта кроў? Чаму так раз’юшана, па-садысцку паводзяць сябе прадстаўнікі АМАПА, іншых спецпадраздзяленняў, лінейнай міліцыі, унутраных войск, «ціхушнікі» КДБ, супрацоўнікі следчых ізалятараў і турмаў? Таму што, прымаючы прысягу, яны падразумяваюць пад народам не людзей краіны, а галоўнага гаспадара. Іх так вучаць, убіваюць у мазгі.

Сэрца разрываецца ад болю і гневу. Гэта словы чалавека, які жыў пры І. Сталіне, М. Хрушчове, Л. Брэжневе, Ю. Андропаве, К. Чарненку, М. Гарбачове і 26 гадоў пры А. Лукашэнку. Пасля 1994 года вытрымаў не толькі цкаванне, звальненне з працы, але і збіццё «эскадронам смер­ці». Але такога жаху бачыць не даводзілася.

Мае выказванні не галаслоўныя, я кантактую з людзьмі, якія аказваюць пацярпелым ад пабояў гуманітарную дапамогу. Як грамадзянін Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы (1992), міжнародных прэмій Польшчы, Украіны і Германіі, заклікаю Ю. Караева, У. Караніка, Н. Качанаву прайсці па бальніцах, дзе ў рэанімацыі ляжаць збітыя на «горкі яблык» студэнты, рабочая моладзь, па месцах зняволення, дзе садысты катуюць затрыманых. А ўзначаліць дэлегацыю павінны А. Лукашэнка і Л. Ярмошына, таму што трагедыя адбылася з-за фальсіфікацый на выбарах і нацкоўвання сілавікоў на мірны народ.

Замест таго каб падаць у адстаўку,міністр унутраных спраў Ю. Караеў цынічна кажа: «Простите моих сотрудников, если они сделали вам больно», лічыць, што журналісты вінаватыя самі, бо «попали под раздачу». Але што гэта за выраз? Раздача бывае тады, калі нехта вінаваты. А чым правініліся мірныя людзі, сярод якіх параненая 5-гадовая дзяўчынка, 14 — 16-гадовыя падлеткі?

Цэрберы наладзілі па ўсёй краіне, як пісаў У. Караткевіч, дзікае паляванне на людзей.Нездарма яны любяць апранаць форму сталінскіх энкавэдыстаў. Скажыце, ці захоча пасля такой жудасці моладзь ісці служыць у міліцыю і ў армію?

Лукашэнка і яго каманда «включили дурака». Бастуючыя рабочыя не ставяць эканамічных пытанняў, яны патрабуюць адно: «Уходи!» А Н. Качанава далдоніць: «Все ваши вопросы президент услышал. Разберемся».Чыноўнікі абвінавачваюць пратэстуючых: «Вам дали инструкции извне!». Каты збіваюць чалавека і дапытваюцца: «Сколько тебе заплатили?» Зацыкленыя на грашах, карумпаваныя правіцель, чыноўнікі і міліцыянты не могуць уявіць, што народ можа дзейнічаць самастойна, без каманды, без «бабла».

Нелегітымны правіцель добраахвотна не сыходзіць. Нам разам трэба яго «добра папрасіць»! Нельга даць рэжыму збіць пратэст, схаваць злачынствы і такім чынам выжыць.

Самым галоўным цяпер паўстае пытанне вызвалення ўсіх палітвязняў. Гэта трэба зрабіць неадкладна! А затым павінна быць правядзенне нечарговых прэзідэнцкіх выбараў строга па закону і пад наглядам заходніх міжнародных назіральнікаў, як патрабавала праграма С. Ціханоўскай, што стане выйсцем з крытычнай сітуацыі.

Салідарнасць спатрэбіцца нам не толькі ў бліжэйшыя дні, месяцы, але і заўсёды.Ніякай эйфарыі! За тыдзень ваенізаваная, бюракратычная сістэма не рэфармуецца.

Пільна мы павінны глядзець у бок Расіі. З суседзямі трэба жыць дружна, але кожны — самастойна. Наша задача — пазбегнуць агрэсіі. Расія выхавана на азіяцкай жорсткасці, імперскасці. А Беларусь гістарычна і па выхаванасці — еўрапейская мірная краіна. Але народ паказаў: калі спатрэбіцца, знойдзем управу на «зялёных чалавечкаў», якія акапаліся ўнутры або пагражаюць нам звонку.

Вопыт сведчыць: мы будзем змагацца за свабоду да канца!

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

На разрыў

«Полковника никто не ждет…»

Прыкарытнікі

Рэвалюцыя лілей

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.