У сітуацыі палітычнай, юрыдычнай і маральнай заблытанасці ў вырашэнні праблемы ўлады ў Беларусі трэба адкінуць убок дэмагагічны прапагандысцкі антураж, бачыць сутнасць. Праўда ў тым, што кіруючы рэжым на выбарах выявіў сябе фальсіфікатарам, парушальнікам заканадаўства, што прывяло да выбуховай сітуацыі ў грамадстве.
Якраз злачынствы чыноўнікаў падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі і ёсць тое балота, адкуль вылезлі рознай масці і кшталту «чэрці», небяспечныя як для краіны, так і для канкрэтных грамадзян. Таму Беларусь загнана ў палітычны тупік, таму ёсць тысячы чалавек, пакалечаных фізічна і маральна,нават ахвяры. Выбарчы «боршч», цынічна звараны Л. Ярмошынай і яе камандай, афарбаваны не бурачным сокам, а крывёю. Зараз дыктатарскі рэжым прыкідваецца «шлангам»: маўляў, мы ні пры чым, гвалту ніякага не было. Чыноўнікі нахабна ўцюхваюць інструктажную лухту, стараюцца зрабіць віноўнікамі палітычнага ўзрушэння сумленных людзей, якія не змірыліся з хлуснёй, выйшлі смела адстойваць праўду. Але гэты нумар не пройдзе. Увесь свет убачыў здзек над выбарамі, а пасля бязлітасную вайну за ўладу з грамадзянамі. Між тым, артыкул 3 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гаворыць: «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ».
Ісціну, замацаваную ў галоўным дакуменце, не жадаюць прымаць А. Лукашэнка і яго апякун У. Пуцін. Яны прысабечылі троны, робяць усё, што захочуць. Але хто яны такія, каб рашаць лёс народаў? Звычайныя людзі, чыноўнікі, якім грамадзяне дазволілі кіраваць пэўны тэрмін. Аднак нахабным індывідам так спадабаліся «царскія седалы», што злазіць не хочуць, вышукваюць махінацыі, каб утрымацца, у тым лікумяняюць пад сябе Канстытуцыю.
У СМІ пракручваюцца сцэнары развіцця палітычных падзей у Беларусі. Хто ж узяўся рашаць наш лёс? Найперш — гэта нелегітымны дыктатар, адпрэчаны на выбарах. Ён яшчэ спадзяецца загнаць у рабскае стойла народ. Мяркуе, што дапамогуць дождж, снег, холад, стомленасць людзей. Бярэ беларусаў на змор. Ды нічога ў яго не атрымліваецца.
Рэжым у агоніі растрачвае сродкі на вайсковыя вучэнні, на ўзброеных сілавікоў, якім выплачваюцца вялікія прэміі за «боевые операции» супраць жанчын, бабулек, маладзенькіх дзяўчат. Як пачварна і ганебна выглядаюць перад светам гэтыя мардавароты «касманаўты», што валакуць цяжарную жанчыну ў аўтазак! Тут дэманстрацыя не сілы, а нікчэмнасці і дзікунства.Замест таго каб весці перамовы з Каардынацыйнай радай па трансферы ўлады, якую складаюць народныя прадстаўнікі, хутчэй выходзіць з палітычнага тупіка, рэжым кідае за краты або выціскае за мяжу яе актыў.
Армія на поўным сур’ёзе палюе за паветранымі шарамі, якія нясуць бел-чырвона-белыя сцягі, супрацоўнікі міністэрства па надзвычайных сітуацыях лазяць па верхатуры, каб знімаць нацыянальную сімволіку, камунальшчыкі ваююць з графіці, стужачкамі на платах, папяровымі караблікамі ў рэчках і штучных вадаёмах.
Пачалася валтузня чыноўнікаў і дэпутатаў па падрыхтоўцы новай рэдакцыі Канстытуцыі. Уяўляеце, што за дакумент зварганяць А. Лукашэнка, Н. Качанава, У. Андрэйчанка, Г. Давыдзька і іншыя «спецыялісты»!
Кіраўнічы маразм заганяе краіну ў катастрафічны эканамічны і маральны крызіс, у міжнародную ізаляцыю. Увогуле, за час дыктатуры зганьбаваны статус дэпутата, настаўніка, міліцыянера, вайскоўца, суддзі, пракурора. Яшчэ доўга давядзецца вяртаць чысціню гэтым пасадам і прафесіям.
Але для многіх аналітыкаў А. Лукашэнка — гэта матэрыял адпрацаваны, як палітычная фігура — ён спісаны. Іх увага цяпер звернута больш да Крамля, які нацэлены не выпускаць Беларусь са сферы свайго ўплыву. Для гэтага там распрацаваны розныя варыянты, пра якія шмат напісана і сказана, таму паўтарацца не буду.
Але што такое сучасная Расія? Гэта У. Пуцін, які лічыць сябе месіяй, ратавальнікам і збіральнікам імперскай супердзяржавы, а вакол яго «несколько десятков олигархов, руководителей кланов и прочих серьезных пацанов». Як і ў Беларусі, дэмакратыяй там і не пахне. А таму мы абыдземся без саюзных абдымкаў, без стаўленікаў Крамля на чале нашай суверэннай краіны. Будзем мець проста добрыя суседскія і партнёрскія стасункі.
Мяне, чалавека зацікаўленага ў тым, каб усё склалася як лепш, дзівіць і абурае, што аналітыкі і эксперты, у тым ліку і незалежныя, круцяцца толькі каля У. Пуціна і А. Лукашэнкі, ва ўпор не хочуць бачыць галоўнага героя палітычнай дзеі — беларускі народ, які мужна вядзе змаганне за выхад на свабоду ў цывілізаванае жыццё. А якраз ён прапануе рашэнне праблемы.
Дыктатарская дзяржава на вачах развальваецца, а народ, наадварот, набірае сілу ў згуртаванасці, салідарнасці, узаемападтрымцы, самаарганізацыі, набыцці кожным чалавекам унутранай свабоды. Беларусы саспелі да ўзроўню, каб разумець, што адбываецца ўнутры краіны і вакол яе, каб зрабіць самастойна свабодны выбар.
Расійскі палітык Л. Гозман падкрэслівае: «Ни Лукашенко, ни Кремль не понимают, какой зрелости достигло за последние годы общество Республики Беларусь. Кстати этого не понимает и часть наших либеральных комментаторов. Они никак не возьмут в толк, что мирный, ненасильственный характер протеста связан не с тем, что белорусы чего-то не понимают (что они и пытаются им объяснить), а является результатом свободного выбора, соответствует общественным настроениям в Беларуси. Может быть, конечно, белорусы и ошибаются с тактикой, но не нам их учить».
У каментары да санкцыйнага рашэння кіраўнік МЗС Англіі Д. Раат сказаў: «Сёння Вялікабрытанія і Канада далі выразны сігнал, увёўшы санкцыі супраць жорсткага і супрацьпраўнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мы не прымаем вынікі гэтых сфальсіфікаваных выбараў. Мы прыцягнем да адказнасці вінаватых у бандытызме, рагорнутым супраць беларускага народа, і будзем адстойваць нашы каштоўнасці дэмакратыі і правоў чалавека». ЗША і Еўразвяз таксама ўвялі санкцыі. Ці дастаткова гэтага? Што ж будзе далей?
Няўжо міжнародная супольнасць не можа нейтралізаваць агрэсіўны ціск Расіі і дапамагчы беларусам правесці сумленныя выбары, пачаць пераход ад дыктатуры да дэмакратыі? Мяркую, што можа, неабходна толькі крыху падціснуцца з уласнымі барышамі.
Трэба зразумець, што Беларусь не будзе калоніяй Расіі, якія б сілы ні былі на гэта кінуты. Пачнецца зацяжная вайна. Дакладную характарыстыку народу даў наш зямляк, амерыканскі эканаміст А. Цывінскі: «Белорусы — партизаны. Белорусы могут очень долго терпеть, но если белорусов достанут, то… Это, с одной стороны, очень спокойный народ, с другой стороны, они имеют высокий социальный капитал и друг за друга будут стоять очень долго. Это особенность образа жизни, национальной культуры, особенность воспитания».
Пра гэта сведчыць і апошні, як заўжды шматлюдны, марш Вызвалення 4 кастрычніка 2020 года. Асабліва ўразіў эпізод з вадамётам, які безабаронныя дэманстранты прымусілі рэціравацца.
Ніякіх хітрыкаў А. Лукашэнкі і Крамля беларусы не прымуць. Яны паказалі грамадзянскую самастойнасць, а таму маюць поўнае права на свабодны выбар.
Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…