Гісторыя першая
У нашу «хату» гарадзенскай турмы канца 1997-га кінулі не надта каб ужо і маладзёна з відавочным мастацкім дарам…
Абураны пасадкай фацат шмат паліў ды мацярыўся, а паралельна маляваў на лісце са сшытка «у клетачку» ікону.
Ікона ў яго атрымалася файна. Тое была першая ікона ў нашай хаце, і мы – сядзельцы – сустрэлі яе з энтузіязмам, тым больш набліжаліся Каляды. Ікону размясцілі над адным з ложкаў. Як высветлілася пазней – менш чым на суткі, да чарговай ранішняй паверкі.
На паверцы вертухаі ікону брутальна сарвалі, разадралі і кінулі на падлогу… Стваральнік, мацюкаючыся, яе падрэстаўраваў і размясціў на ранейшым месцы. Ды наступная паверка ікону вынішчала цалкам.
Але тэма была зададзеная. Пачуўшы ад аднаго з сусядзельцаў пра вопыт вырабу насценнага крыжа з хлеба і зубной пасты, я, тады яшчэ нехрысць, ідэяй пранікся і ўзяўся за справу, дбайна слухаючы інструкцыі, ды адключыўшы, наколькі атрымалася, астатнія эмоцыі, патрэбы і думкі…
«Калегі» па хаце ацэньвалі мае намаганні пазітыўна, але са скепсісам: маўляў, паўтарыцца гісторыя з іконай… Ды гісторыя не паўтарылася. Крыж з хлеба, павешаны над закратаваным вакенцам, выжыў. Прынамсі на тыя дні, пакуль я быў у той хаце і мог назіраць яго лёс…
Гісторыя другая
На Дзяды-2010-га некалькі гомельцаў пранеслі праз горад драўляны крыж і ўсталявалі яго на адным з месцаў масавых растрэлаў людзей чэкістамі.
Праз дзень крыж знайшоўся выдраным з зямлі ў прыдарожных хмызах. Гомельцы ўсталявалі яго ізноў, але гэтым разам прывезлі святара, які правёў чын асвячэння крыжа. Проста памятны крыж стаў святыняю. А невядомыя выдзіралы чапаць яго перасталі.
Выснова з гісторый
Сімволіка, нават патэнцыйна святая, вынішчаецца лёгка, пакуль яе дастаткова не напоўніць. У абодвух прыведзеных выпадках, аказалася дастаткова напоўніць патэнцыйна святы сымбаль рэальнай святасцю.
Моц грамадскага абурэння
Памятаеце: Іван Ціцянкоў рве бчб-сцяг. Гэты эпізод з дакументальнага фільма Юрыя Хашчавацкага «Обыкновенный президент», калі адзін з паплечнікаў маладога кіраўніка Беларусі Лукашэнкі ўтылізаваў нацыянальную святыню, толькі што перастаўшую быць дзяржаўнай, пасеяў у многіх беларусаў варожасць да новай, чырвона-зялёнай сімволікі. Пасеяў лагічна, і можа быць болей за якія заўгодна іншыя эпізоды.
І чалавек зусім іншай палітычнай арыентаці рве бчб-сцяг. Гэты эпізод быў, бадай, яшчэ больш публічным. Адно што, у фільмы не ўвайшоў. Кіраўнік беларускага Саюза Палякаў Тадэуш Гавін на шматлюдным мітынгу ў Гродна (калі не памыляюся, 25 сакавіка 1997 года) атрымаў у падарунак бел-чырвона-белы беларускі штандар. І тут жа адарваў ад яго адну з белых трацінаў, дадаўшы фразу: «Вось цяпер правільна!» Варожасці да польскай сімволікі тое не надта павялічыла, больш за тое, эпізод, нягледзячы на шматлікіх сведкаў, замялі і публічна нагадваць не сталі.
Не кідайце святыні псам…
Кожнае дзяржсвята на франтоне нашай аршанскай хаты мы з бацькам вывешвалі сцяг СССР.
Паступова чырвоны штандар заўважна выцвіў і настала заняў месца на сцяне майго пакойчыка, а на франтон на святы мы сталі вывешваць сцяг БССРаўскі… Паміж святамі ж ён, згорнуты, займаў месца ў куце адной з нашых гаспадарчых будоваў.
Перабудова прынесла мне знаёмства з сапраўднымі беларускімі нацыяналістамі, а таксама са сцягам нацыянальным – бел-чырвона-белым. І на першым шматлюдным дэмакратычным аршанскім мітынгу 6 жніўня 1989 года, дзе давялося быць адным з арганізатараў, мы ўжылі і бел-чырвона-белыя сцягі і серпаста-малаткастыя БССРаўскія. Абурэння ў аршанцаў мікс не выклікаў – беларускасць бачылася ў абодвух сцягах.
Але нечаканае абурэнне (а можа і іншая была матывацыя парваць) да чырвона-зялёнага сцяга праявіў наш хатні немалады сабака-дваранін Барс. Аднойчы ён яго моцна пашкуматаў і падраў. І больш мы той сцяг на франтоне ўласнай хаты ня вешалі. Дакладней, я ня вешаў, бо бацька ў верасні 1990-га памёр.
P.S.
Ворагі беларусаў прадпрынялі паспяховыя, трэба сказаць, намаганні, каб развесці за некалькі дзесяцігоддзяў бел-чырвона-белых і чырвона-зялёных беларусаў у супрацьстаячыя лагеры.
Хоць насамрэч, прорва паміж абодвума не такая і вялікая. І ў сімволіцы пераадольная. Калі мы паставімся да сімволікі як да святыняў, а не як да інструментарыя самасцверджання.
Святыня не раздаецца для ўсеагульнага ўжывання. І не нясецца ў чужыя для яе асяродкі, калі мы, канешне, не жадаем тыя асяродкі панішчыць ці падпарадкаваць. Мы ж не пойдзем хросным ходам на габрэйскія могілкі ці ў сінагогу, праўда? Так жа і з бел-чырвона-белым сцягам, які ў найвышэйшым тлумачэнні свайго сэнсу сымбалізуе ахвяру Хрыста і завецца ў хрысціянскай традыцыі – Істочнік (Крыніца). Не варта несці гэты сцяг туды, дзе яго ўспрымаюць варожа.
А што тычыць чырвона-зялёнага… Ён – пра святога Юрыя (Георгія) – нашага нябеснага апекуна ў хрысціянскай традыцыі. Прычым зялёны колер сымбалізуе зьмія, якога Юр’я паражае дзідаю…
Асэнсаванне сімвалаў павінна быць як мага больш поўным. І тады раскрываецца іх найлепшы сэнс і акрэсліваецца найлепшае ўжыванне.
Для чыстых усё чыстае…
Андрэй Мельнікаў
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…