Я расказваю сваю гісторыю ў чаканні міліцыянтаў. Трэба паспець, бо гэты аповед можа перапыніцца на сем содняў. Роўна столькі прысудзілі мне нядаўна ў нашым нясвіжскім судзе.
Судзілі па «ўказіўцы» з Мінску, дакладней, па здымках з мітынгу, які адбыўся больш за месяц таму. І яны зусім не сведчаць ні пра якія «масавыя мерапрыемствы». Сказала пра гэта следчаму. Як і пра тое, што не помню падзеі месячнай даўніны.
На жаль, яго хлусню гэта не спыніла. У судзе было агучана зусім не тое, што я казала «пад пратакол». Белае зрабілі чорным, і суддзя вырашыла кінуць мяне на тыдзень за краты.
Дарэчы, гэты суд давялося крыху перанесці па тэрмінах, бо якраз тады я здавала аналіз на каронавірус. Вынікі тэсту трэба было чакаць тры дні, але гэтага рабіць ніхто не стаў. Суд «ccyнyлі» толькі на 24 гадзіны.
Каб ковідны тэст апынуўся станоўчым, усе б моцна рызыкавалі, але, дзякуй Богу, я здаровая.
Шчыра кажучы, думала, што арыштуюць у судзе, але міліцыянты напужаліся слоў пра тэст і замест «казённага дома» павезлі да той дакторкі, якая тэст і прызначыла.
Урач мае словы пацвердзіла і сказала, што зараз я павінна быць дома. Нават прапанавала паразмаўляць з іх начальнікам. Пасля гэтага я яшчэ на некалькі дзён засталася дома.
Цяпер чакаю, калі за мной прыедуць. Сама «здавацца» не пайду.
Дарэчы, гэта будзе ужо другая мая «адсідка». Першая — яшчэ ў жніўні. Дакладней — 9 жніўня. Забралі прама з выбарчага ўчастка.
Справа ў тым, што за тыдзень да гэтага у нас быў мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Я выступала. Усе здымалася на міліцэйскае відэа. Думаю, за мной потым пільна сачылі.
Праз некалькі дзён я паспрачалася з дзяўчатамі з БРСМ, якія агітавалі за Лукашэнку: «Навошта вам гэта трэба?»
Гутарка праходзіла каля гарвыканкама і была запісана на камеры.
9 жніўня мяне затрымалі — па скарзе дзяўчатак у міліцыю… Нібыта прыставала да іх з «палітыкай», размахвала рукамі, перашкаджала рухацца і ледзь не жыць. Словам, стандартны набор.
Тады мяне засудзілі непасрэдна ў міліцэйскім пастарунку, у падвале дома, пабудаванага ў 1927 годзе.
Далі 10 содняў.
Падняўся ціск, сэрца пачало моцна біцца, мне стала так дрэна, што выклікалі хуткую дапамогу. Прыехалі ўрачы і зрабілі кардыяграму. Што там было, я не ведаю, сказалі мяне не чапаць. Ды якое там…
Першыя дні сядзела з жанчынай, якая пасварылася з дачкой і тая яе «здала». Калі яе выпусцілі, шэсць дзён была ў камеры адна.
Без выхаду на вуліцу, з вядром і прыадчыненай форткай.
Заспявала неяк «Магутны Божа», яшчэ — «Муры».
У камеру заляцеў нейкі страшны амапавец і доўгім металічным дротам праз трайныя краты закрыў той маленечкі прасвет волі. Паветра перастала паступаць, і мне зноў стала дрэнна. Я пачала задыхацца, усё трымцела. Падскоквала ад ложку ледзь не на сантыметр.
Прыйшоў ахоўнік начной змены, спалохаўся, выклікаў хуткую дапамогу. Прыехалі, нешта ўкалолі, накрылі двума коўдрамі. І — усё
… Мне 61 год. Па прафесіі я мастачка, але займацца вольным мастацтвам і мець адрозную ад улады думку у нашай краіне афіцыйна нельга. Раней працавала выхавальніцай ліцэйскага інтэрнату (зараз на месцы ліцэя звычайная гімназія), потым крыху ў каледжы.
Зразумела, мае палітычныя погляды не спадабаліся начальству і за паўтары гады да пенсіі мяне «ушли «.
Каб атрымаць хоць нейкую пенсію, займалася рамяством, роспісам пэўных мастацкіх рэчаў, малявала эцюды. Брала ў падатковай інспекцыі адпаведную даведку і неяк выжывала сама.
Яшчэ і малодшага сына Міхаіла вучыла у нашым каледжы. Яго потым затрымалі за Курапаты, і я доўга не магла Мішу знайсці. Ніхто з міліцыянтаў не казаў, дзе ён. Прыехалі з дзяўчатамі ў Жодзіна. Высветлілася, што яго ўжо перавялі ў Нясвіж.
Але ў нашым РУУС на пытанне наконт сына мне нічога не адказалі. Нават вачэй ад нейкіх папер не адарвалі… Наўмысна, каб больш балела матчына сэрца…
У рэгіёнах заўсёды цяжэй, чым у Мінску. Тут усе навідавоку. Але супраціў не спыняецца. Толькі ён стаў іншым. Людзі цёпла апранаюцца, і кожную нядзелю гуляюць па мясцовым парку. Без сцягоў і якіх-небудзь транспарантаў.
Большасць жыхароў горада супраць існай улады, супраць гвалту, але яны вельмі баяцца. Некаторыя мае сяброўкі нават перасталі тэлефанаваць. Затое з’явілася шмат новых сяброў.
Мы з імі наважаны змагацца да перамогі.
Наталля Бордак, мастачка з Нясвіжа