Паша Любецкі
Нарадзіўся ў 1993 годзе ў Мінску. Піша вершы й прозу на беларускай і рускай мовах, матэматык па адукацыі. Цікавіцца рэлігіямі (пераважна будызмам), натуральнымі навукамі, псіхіятрыяй, парадоксамі, этыкай і рацыянальным альтруізмам. Аўтар кнігі “в основном без рифмы” (Логвінаў: Вільня, 2020). Жыве ў Мінску.
Гэты матэрыял для СН плюс – выцінка з будучай кнігі вершаў “Левіяфан-2020”. Публікацыя падрыхтаваная ў межах майстар-класу для аўтараў дэбютных кніг “Неба з сабою”, прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча.
1. хваля маніякальна-рэпрэсіўнага псіхозу
анейроідны жах надыходзіць тады, калі:
- людзі павінны былі б хадзіць у масках, але замест гэтага маскі сарваныя
- краіну накрывае хваля маніякальна-рэпрэсіўнага псіхозу
- ахвотна ідуць на ахвяры, але ахвяруюць чамусьці тымі, за каго нясуць адказнасць
- самым важным з мастацтваў робяць мастацтва звальваць своечасова і на патрэбных людзей, забываючы пра мастацтва сыходзіць своечасова і з годнасцю
- рэальныя праблемы замоўчваюць, затое ствараюць штучныя, каб дэманстратыўна іх “вырашыць”
- баішся, як бы з-за невялічкай ядзернай зімы ў моду не ўвайшлі свінцовыя касцюмы
- на сцэну выходзяць людзі, якія б’юць ляжачых, папярэдне іх паклаўшы пры затрыманні
- лаяльнасць куды важнейшая за кампетэнтнасць; тыя ж, хто застаецца лаяльнымі, ужо абсалютна бескарысныя
- баішся, што хтосьці не вельмі мірны выпусціць чаргу ў чаргу на мірным сходзе
- краіне хапае на Тэслу Ілана Маска альбо масак для маскі-шоў на затрыманні, але не хапае медыцынскіх масак для грамадзян
2. высокароднасць як рыса для расходнага матэрыялу
анейроідны жах надыходзіць тады, калі:
- баішся, што хтосьці прадаў душу д’яблу, а расплачвацца давядзецца табе
- баішся, што законы зусім спыняць дзейнічаць, і давядзецца жыць па законах Мэрфі
- людзей, якія ламаюцца не адразу, змятаюць людзі, якія адразу не ламаюцца
- тым, хто спрабуе навучыцца лётаць, выбіваюць з-пад ног зэдлік, а некаторыя жарты, што ўжо зацягнуліся, зацягваюцца шчэ й вузлом на шыі
- для таго, каб адмазацца, некаторыя людзі гатовыя пайсці на ўсё, акрамя эшафоту
- тыя, хто па званні павінен быць патрыятычным, па сваёй сутнасці тыповыя калабаранты
- апраўдваючыся “хлуснёй у ратаванне”, кажуць пра хлусню ў ратаванне сваіх азадкаў, а не грамадзян
- хтосьці лічыць, што нават тыя, да каго яны заўсёды ставіліся як да расходнага матэрыялу, павінны быць ім лаяльнымі
- у высакароднасці бачаць проста карысную рысу для расходнага матэрыялу
3. пудзіла Тамаша Гобса
анейроідны жах надыходзіць тады, калі:
- патрыятызм рызыкуе ператварыцца ў стакгольмскі сіндром
- страта змяняльнасці ўлады прыводзіць да таго, што тая паступова едзе дахам
- суверэнітэт азначае вярхоўную ўладу “суверэна”
- ісці супраць “суверэна” = “падрываць суверэнітэт”
- смяротнае пакаранне ніколі не скасуюць, бо гэта святое права суверэна паводле “Левіяфана” Гобса
- дзяржава – гэта грамадская дамова, пра якую з табой ніхто не дамаўляўся, і наўрад ці з аўтарамі гэтай дамовы зможаш дамовіцца ты
- падазраеш, што бяспека дзяржавы азначае тое, што разумеў бы пад бяспекай дзяржавы Людовік XIV
- улада сумнеўнай канстытуцыйнасці збіраецца змяняць Канстытуцыю
4. перавод краіны на рэжым ваеннай дыктатуры
анейроідны жах надыходзіць тады, калі:
- краіну пераводзяць на рэжым ваеннай дыктатуры, а яе насельніцтва на бязгучны
- забаронена ўсё, акрамя таго, што дазволена тымі, каму ўсё дазволена
- выказванні выгляду “а кароль-та голы” могуць расцаніць як самы небяспечны від экстрэмізму
- само сабой зразумела, што акрамя судовай улады ёсць яшчэ і пазасудовая
- сацыяльных ліфтаў амаль няма, а ў тых, што ёсць, хтосьці нагадзіў
- пад выглядам барацьбы з карупцыяй яе манапалізуюць
- на кожную сумленную і высакародную публічную персону ёсць праўда, якую яна гатовая хаваць любым коштам, у тым ліку коштам не самых сумленных і зусім не высакародных учынкаў
- заігрываюць і адыгрываюцца, каб падмазвацца і адмазвацца
5. выграбная яміна пад пазалочаным тронам
анейроідны жах надыходзіць тады, калі:
- розум засынае, а прачынаюцца яго пачвары
- чалавек з сіндромам начнога вартаўніка злоўжывае манаполіяй на гвалт
- органы ўнутраных спраў нядрэнна адбіваюць унутраныя органы, у той час як органы накшталт парламента вось-вось зусім атрафіруюцца
- спрэчкі пра родную мову абсалютна незразумелыя людзям, для якіх родная мова – крымінальнае арго
- заўважыўшы чалавека, здольнага адказваць за свае ўчынкі, яго прымушаюць адказваць яшчэ і за чужыя
- “адказны чалавек” азначае, што на яго прасцей за ўсё сапхнуць усю адказнасць
- пад пазалочаным тронам заўсёды знаходзіцца выграбная яміна, і чым даўжэй сядзяць на гэтым троне, тым больш усяго ў ёй
- “вы маеце права захоўваць маўчанне: усё, што вы скажаце, можа быць скарыстана для фабрыкацыі справы”
6. запаведзі лаяльнасці
анейроідны жах надыходзіць тады, калі глебай новай «палітрэлігіі» робіцца наступнае скажэнне Запаведзяў блажэнства з Евангельскай Нагорнай пропаведзі:
- лаяльныя ўбогія духам, бо ў іх няма смеласці быць самімі па сабе
- лаяльныя тыя, што плачуць, бо ім абяцаюць суцяшэнне
- лаяльныя пакорлівыя, бо яны зручныя
- лаяльныя тыя, хто жадае і прагне праўды, калі ім як след затлуміць галаву і выкарыстоўваць у сваіх мэтах.
- лаяльныя міласэрныя, бо даруюць нават тыя памылкі, якія дараваць не варта
- лаяльныя чыстыя сэрцам, бо іх так проста падмануць
- лаяльныя міратворцы, бо яны гатовыя нават стрываць беззаконне, каб не развязалася вайна, дзе гінуць мірныя людзі
- лаяльныя гнаныя за праўду, бо рана ці позна ім давядзецца стрываць падман кагосьці іншага. але гэта не значыць, што гэтая лаяльнасць будзе доўжыцца заўсёды.
Паша Любецкі