TOP

Без пэўных стылістычных прыкмет…

Праблема вызначэння стылю — асноўная ў мастацтвазнаўстве і гісторыі архітэктуры. Падбіраючы словы, мы даем максімальна дакладнае і трапнае вызначэнне цэлай эпосе, з якой знітаваныя і эканоміка, і палітыка, і культура… Часам нават кароткая гістарычная эпоха можа нарадзіць свой адметны стыль, што вымоўна сведчыць пра яе атмасферу.

Напрыклад, Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Рэспублікі Польскай усяго 18 гадоў, але за гэты час былі пабудаваныя фактычна з нуля павятовыя і ваяводскія цэнтры — так званыя «урадавыя калоніі» адм іністратыўных будынкаў. З 1924 па 1930 год узвялі чатыры дзясяткі падобных цэнтраў.

Да ўдзелу ў акцыі былі прыцягнуты архітэктары з Варшавы, Кракава, Пазнані, Львова. Яны распрацавалі безліч праектаў будынкаў, стварылі урбаністычныя праекты перапланіроўкі і добраўпарадкавання гарадоў і мястэчак. Заварожвае тагачасны масштаб будаўніцва сотняў школаў і рэстаўрацыі помнікаў архітэтуры…

Актыўна ўжываліся «закапанскі стыль», нэабарока і нэакласіцызм — у агульным рэчышчы нацыянальнага рамантызму тае эпохі. А напрыканцы 1930-х гадоў шырака стаў ужывацца найноўшы заходні стыль — фунцыяналізм, з мэтаю прадэманстраваць мадэрнасць і дынамічнасць тагачаснае польскае дзяржаўнасці.

Гэткая палітыка не толькі вырашыла праблемы з будаўніцтвам дзяржаўных установаў, ад ваяводзкіх управаў да вакзалаў, паштамтаў і школаў, але адлюстравала сутнасць палітыкі ўладаў і пасадзейнічала развіццю культуры. Адзін з гісторыкаў назваў гэта «гвалтоўнай эстэтызацыяй». Тым не меней, дасёння тая міжваенная урбаністыка шмат у чым вызначае атмасфэру і стылі гарадоў Заходняе Беларусі, а многія будынкі яшчэ функцыянуюць па сваім прызначэнні ўжо стагоддзе.

«Горад Сонца»

Яшчэ больш уражвае маштаб савецкага паваеннага аднаўлення і будаўніцтва, у стылі гэтак званага ў народзе»сталінскага ампіру». Кшталт тае эпохі стаў абсалютна вызначальным для цэнтра Мінска. Пампезныя, шчодра дэкараваныя дзяржаўныя будынкі і цэлыя раёны, грандыёзныя горадабудаўнічыя ансамблі вуліцаў і плошчаў застаюцца дасёння эрзацам гораду, яе «візітоўкаю».

Архітэктура таго часу слушна лічыцца адным з лепшых дасягненняў у гісторыі нашага дойлідства. Хоць яе і стваралі, у тым ліку, і запрошаныя архітэктары, інжынеры, будаўнікі з Масквы і Ленінграда. Манумэнтальны і пафасны усходні нэакласіцызм «Гораду Сонца», паводле мэтафары Артура Клінава, перадвызначае атмасфэру сталіцы і краіны ва ўсіх сэнсах. Але мала хто сёння гатовы даць веры, што ўся гэтая раскоша была пабудаваная меньш, чым за 10 гадоў! Ад канца 1945 года да 1955, калі раптам выйшла славутая пастанова ЦК КПСС і СМ СССР «Аб ліквідацыі празмернасцяў у праектаванні і будаўніцтве».

Для параўнання — будаўніцтва чатырох станцыяў трэцяе лініі Мінскага мэтрапалітэна расцягнулая на 6 гадоў…

«Савецкі манументалізм»

У кожным разе, кожная гістарычна эпоха спараджала свой адметны стыль. Мы беспамылкова пазнаем збудаванні 1930-х ці 1960-х гадоў. А вось як вызначыць, пазнаць і назваць стыль апошняе чвэрці стагоддзя, з моманту першых выбараў адзінага прэзідэнта? Бо, з распаду СССР прайшло ўжо тры дзясяткі гадоў — больш чым дастаткова, каб сцвердзіць стыль эпохі. І вось тут узнікае праблема…

Ці не самымі важнымі і пазнавальнымі будынкамі ў цэнтры сталіцы за гэты час сталі новы чыгуначны вакзал, галоўны ў краіне, Палац Рэспублікі — галоўная заля краіны, і галоўная бібліятэка краіны — Нацыянальная. Аднак усе гэтыя будынкі рэпрэзентуюць яшчэ савецкі манументалізм 1980-х гадоў.

Згадаем: першы конкурс на праектаванне галоўнага вакзала Мінска быў праведзены ажно ў 1974 годзе! Затым у пачатку 1980-х у маскоўскімі інстытуце «Мосгипротранс» стварылі праект, які і быў зацверджаны. Будаўніцтва пачалося яшчэ ў 1985 і да 1990 паўстала зала чакання ды адіміністратыўная высотка. І хоць урачастые адкрыццё адбылося ў 2000-м, усё адно гэта адзін з самых маштабных савецкіх даўгабудаў.

Як і будоўля Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы, што адразу стаў прадметам кпінаў і адмыслоўцаў, і звычайных людзей. Конкурс на ягоны праект прайшоў яшчэ ў 1982-м. А будаўніцтва пачалося ў 1985-м, да «перестройки»… Аднак адкрыццё Палаца Рэспублікі адбылося ў 2001-м. У выніку мы ўбачылі велічэзную шэрую спаруду, нягеглую інтэрпрэтацыю савецкага Палаца з’ездаў у маскоўскім Крамлі. Гэтае збудаванне пакалечыла асяроддзе старога гораду і ансамбля галоўнага праспекта сталіцы.

А праект будынка Нацыянальнай бібліятэкі быў распрацаваны ў 1980-я і яшчэ ў 1989 годзе стаў пераможцам на ўсесаюзным конкурсе. Будаваць аднак пачалі толькі ў ХХІ стагоддзі. Што праўда, пабудавалі даволі хутка.

Але гэтак жа хутка аббудавалі вакол таннымі шматавяховікамі, што калі-небудзь дапоўніць гмах маскоўскага «Газпраму», дзеля пабудовы якога знеслі самы характэрны постмадэрнісцкі аб’ект нашае найноўшае архітэктуры, часоў незалежнасці — аўтавакзал «Маскоўскі». Ён быў разлічаны на тое, каб за суткі абслугоўваць да 15 тысячаў чалавек! Той унікальны для Мінска будынак праіснаваў усяго… 15 гадоў!

Ягоны знос, рыхытк як выпусканне джына з бутэлькі, стала прыкладам татальнага разбурэння ўсяго таго вартага, што было напрацавана ў папярэднія эпохі. Канчаткова знішчанымі аказаліся цэлыя горадабудаўнічыя ансамблі: Прывакзальнае плошчы з Цэнтральным аўтавакзалам, Кастрычніцкае плошчы з музэем Вялікай Айчыннай вайны, Траецкае гары з Опэрай, якую захінуў макабрычны «дом Чыжа», колішняе Паркавае магістралі і г. д.

«Galeria Minsk»

Там паўсталі выпадковыя несувымерныя і стылістычна інвазіўныя гмахі, што дэманстратыўна пярэчаць не толькі добраму густу, але і здароваму цяму. Ну, каму, напрыклад, трэба пайсьці ў гандлёва-забаўляльны комплекс на загазаваным Цэнтральным аўтавакзале, перад ад’ездам у Бабруйск ці ў Вільню? Або як цяпер прыпаркавацца ў транспартным хаасе вакол Galeria Minsk? Ці як можна будзе пад’ехаць да палаца сэрбскіх алігархаў Карычаў на Кастрычніцкай плошчы? Роўна ж толькі бракам цяму можна вытлумачыць невытлумачальнае — замарожаныя і, выглядае, нікому ўжо непатрэбныя даўгабуды ў самых прэстыжных месцах, славутага колісь на ўвесь свет Мінскага водна-зялёнага дыямэтра — не-» Hyatt Regency»ды не-»Kempinski»…

Натуральна, у такой вялікай сталіцы, як Мінск, за гады незалежнасці паўстала нямала вартых увагі, годных з архітэктурнага гледзішча, знакавых аб’ектаў — такіх, як катарскі цэнтар «Сокал», у выглядзе эмблемы арміі Катара, гатэль Renaissance, офіс «Белгазпрамбанка» са скульптураю Осіпа Цадкіна пры ўваходе, або бізнэс-цэнтр «Silver Tower», жылы комплекс «Новая Баравая», што стаў славуты гэтай восенню, ды многія іншыя. Але іх ня ведаючы дзе шукаць, не ўбачыць чалавек, які прыехаў у Мінск.

«Чистенький городишко»

Аднак не яны, выпадковыя архітэктурныя ўдачы, вызначаюць сёння агульнае аблічча гораду, а перадусім цэнтра, што на вачах дэградуе.

Самымі прыкметнымі завершанымі збудаваннямі за апошнія гады сталі падробкі пад даўніну, з бэтона і шкла — новая Зыбіцкая і новая Няміга… Менавіта іх найчасцей і бачаць госці сталіцы… Наіўныя праекты, кшталту паставіць у кожным раёне Мінска хмарачосы, што цалкам сур’ёзна анансавалася дзесяць гадоў таму, або пераўтварыць яго ў Монтэ-Карла, з казіно ці ня ў кожным квартале, выглядаюць сёння ўжо абсурдам…

Мінск, адна з найбуйнейшых сталіцаў Еўропы, спакваля пераўтвараецца не ў «чистенький городишко», як яго назваў адзін дзеяч, а ў хаатычна забудаванае мястэчка. Вельмі вялікае, але мястэчка…

А як ж назваць, вызначыць той стыль, што запанаваў у сталіцы Беларусі цягам апошняя чвэрці стагоддзя?

Часам гісторыкі архітэктуры сутыкаюцца з гэтай праблемаю, калі старасвецкі будынак, што мае бяспрэчную гістарычную каштоўнасць, вонкава ўжо пазбаўлены канкрэтных мастацкіх рысаў ранейшых эпох.

То тады зазначаюць — аб’ект без пэўных стылістычных прыкмет…

А стыль, апроч увасаблення тэхналагічных магчымасцяў і адпаведнасці клімату, перадусім, ёсць адлюстраванне праграмных ідэяў. Ці гэта готыка ці нават «хрушчоўкі». Калі ў каляніяльнай польскай адміністрацыі ў Заходняй Беларусі, або ў кіраўніцтва БССР часоў сталіншчыны былі канкрэтныя, і вельмі пафасныя, ідэі, то сёння навідавоку іх поўная адсутнасць.

То бок — адсутнасць пэўных стылістычных прыкмет…

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры, выкладчык Еўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсітэта

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.