Зона ўплыву

Падзеі ў Беларусі паказваюць, што большасць народа не жадае і не будзе мірыцца з дыктатурай, паслухмяна жыць і працаваць пад дубінкамі і аўтаматамі.

Сілавое падаўленне не спрацуе. Чым больш жорсткасці з боку рэжыму і сілавікоў, тым вынаходлівей дзейнічаюць гераічныя маніфестанты.

Беларусы бачылі працэс гніення дыктатарскага рэжыму даўно, але, па прычыне страху перад уладай з часу сталінскіх рэпрэсій і традыцыйнай цярплівасці, яго трывалі. Здзеклівая хлусня на прэзідэнцкіх выбарах, жорсткае падаўленне сілавікамі мірнага пратэсту, забойствы і катаванні, невераемны садызм у стаўленні нават да падлеткаў, студэнтаў, пенсіянераў і інвалідаў, звальненні з працы, фізічная і псіхалагічная апрацоўка кожнага пратэстуючага спецслужбамі, маразматычныя дзеянні Лукашэнкі і яго прыхлябацеляў ва ўсіх сферах прывялі людзей у рэвалюцыйны стан.

Калі я чую расчараванне і “стогны” замежных журналістаў або аналітыкаў, што палітычны крызіс у Беларусі зацягнуўся, што Лукашэнка не сыходзіць, а народны пратэст “сдувается”, то напомню зноў: сутнасць не ў колькасці тых, хто больш за чатыры месяцы выходзіць на вуліцы гарадоў. Іх стала менш, але кожны раз не так мала — дзясяткі тысяч! Такое ў Расіі, дзе жыве 146 мільёнаў чалавек, уявіць немагчыма.

Галоўнае ў тым, што народ не здаўся, а рэгулярна пратэстуе пад дубінкамі, кулямі і гранатамі! Дарэчы, часта дапамогі людзям пасля збіцця, катаванняў, выключэнняў, звальненняў, накатаў кантрольных службаў на бізнес — няма. Выкручваюцца, як умеюць і могуць.

Той “каментатар”, які сядзіць у цёплым офісе ў Маскве, няхай сам выйдзе на мароз, атрымае па хрыбетніку некалькі ўдараў дубінкай, затым пройдзе катаванні ў міліцыі, пятнаццаць сутак у камеры, а пасля яшчэ выплаціць драконаўскі штраф (акрамя таго, сотні пратэстуючых застаюцца ў турмах надоўга). Тады ён будзе ведаць, якой цаной у Беларусі здабываецца свабода.

Прыклад суседзяў павучальны і для расіян, але яны плаваюць у тумане ўяўнай імперскай велічы. Толькі тэрыторыя і багатыя рэсурсы яшчэ нічога не значаць. Прыняцце Дзярждумай Расіі законаў, якія «закручваюць гайкі”, набліжае краіну да дыктатуры. У адказ на неасталінізм, на разгул чэкісцкай усёдазволенасці расіяне пакуль што маўчаць. Так можна дачакацца бяды.

А смелыя беларусы — героі! Іх гераізм трымаецца не на імгненным парыве, а на ўсвядомленым разуменні, што дыктатура — гэта зло, што ёй няма месца на роднай зямлі. Людскія сэрцы і душы, што пазбавіліся ад страху, унутраная свабода, якую ніхто не знішчыць, вядуць наш народ да перамогі.

Але не трэба прыменшваць негатыўны ўплыў Расіі, як “суседкі і саюзніцы”, на сітуацыю. Гісторыя ўзнікнення расійскай “зоны ўплыву”, якая закранае Беларусь і Украіну, патанула ў змроку гістарычных палітычных калізій. У свядомасць расіян урасло фальшывае меркаванне аб “адзіным народзе, лёсе і тэрыторыі”, якое не выветрываецца. Яно стала падставай для русіфікацыі, знішчэння нацыянальных традыцый, звычаяў, беларускай мовы, культуры, для скептычнага стаўлення да новай самастойнай, незалежнай Беларусі.

Патрэбна ўсвядоміць, што сёння канчаткова распадаецца тое, што засталося яшчэ ад Расійскай імперыі і СССР. Працэс зацягнуўся, ды гісторыя тчэцца павольна.

Свет памяняўся, гэта тычыцца і постсавецкай прасторы. Але У. Пуцін, які ўявіў сябе палітычным супермэнам, спрабуе зляпіць новую імперыю. Нічога не выходзіць, аднак пры дапамозе ваеннай агрэсіі ў суседзяў пэўныя кавалкі тэрыторый адгрызены. Праўда, туды даводзіцца бяздарна ўбухваць трыльёны бюджэтных рублёў.

У Расіі кіруе аўтакратычны, чэкісцка-алігархічны рэжым, а ў Беларусі ўладу ўзурпіраваў дыктатар, які трымаецца на сілавіках. У 90-я гады ХХ стагоддзя алігархамі станавіліся партыйна-камсамольскія функцыянеры, прафесійныя махляры і звычайныя бандыты. У пачатку новага веку гэтым заняліся новыя чыноўнікі, якія перацякалі з дзяржаўных пасадаў у бізнес або, хаваючыся ад грамадскасці, спалучалі адно з другім. Адбылося зрошчванне алігархічнага бізнесу, чыноўніцкай вертыкалі і сілавога блоку.

Дзеці і іншыя родзічы функцыянераў, алігархаў, ваеннай і паліцэйскай вярхушкі, губернатараў, сенатараў, дэпутатаў у Расіі і Беларусі займаюць важныя пасады, будуюць палацы, набываюць нерухомасць за мяжой, скупляюць велізарныя ўчасткі зямлі. Гэта сённяшнія рэаліі.

Аналітыкі кажуць пра тое, што Захад баіцца перайсці “чырвоную лінію” ў стасунках з агрэсіўнай пуцінскай Расіяй і яе беларускім “прыёмным дзедам-узурпатарам”, бо ёсць небяспека, што развяжацца трэцяя сусветная вайна. Адсюль — малаэфектыўныя санкцыі.

Але бойся або не бойся, а ЗША і Еўразвязу ўсё ж давядзецца ставіць на месца палітычных лузераў А. Лукашэнку і У. Пуціна, якія ў хаўрусе праводзяць “мяккі генацыд” беларускага народа. Масавыя рэпрэсіі ахапілі ўсе сферы жыцця краіны. Жыхарка Мінска кажа ў інтэрв’ю: “Боюсь, если власть не сменится, они доберутся до каждого из нас”.

На сумленні палітыкаў Захаду ляжыць адказнасць за тое, што адбываецца ў Беларусі, таму што яны шмат гадоў рашуча не спынялі, а толькі “выхоўвалі” постсавецкіх аўтакратаў. Выхаванне, якое прадугледжвала ў асноўным “пернікі”: выдзяленне грошай на сумесныя праекты, інвестыцыі, крэдыты, навуковую і тэхналагічную падтрымку, скончылася правалам. У дачыненні да Расіі і Беларусі “realpolitik” не спрацоўвае, бо тут кіруюць паталагічныя, жорсткія ўладалюбцы і махляры, якія могуць падмануць у любую хвіліну.

Захад, актыўна спажываючы расійскую нафту і газ, пашыраючы гандаль і іншыя стасункі, дапамог Пуціну нарасціць ваенны патэнцыял, пачаць змаганне за лаўры “ўладара свету”. Лукашэнка для падаўлення народных пратэстаў за чужыя грошы ўмацоўваў КДБ, міліцыю, унутраныя войскі і іншыя спецпадраздзяленні, давёў да велізарных маштабаў іх колькасць.

Расійскі журналіст А. Мінкін заўважае: “Мир в ужасе от действий Лукашенко. Он уже осужден, независимо от того, доживет ли он до суда и будет ли этот суд. Он изгой /…/ Но разве это мы решили помогать кровавому диктатору? Разве у народа России спросили? Нет. Белорусскому властителю помогает Путин”.

Зоны ўплыву адрозніваюцца. Калі Амерыка, пры усіх сваіх памылках, дапамагае прыгнечаным народам прарывацца да свабоды і дэмакратыі, аказвае ім эканамічную падтрымку, то Расія, кормячы дыктатара, душыць народную волю. Пуцін, даючы Лукашэнку грошы на аплату падаўлення пратэстаў, выступае ў ролі вядомага ў гісторыі, ненавіснага кожнаму беларусу Мураўёва-вешальніка.

Я — не русафоб. Маю шмат добрых знаёмцаў у Расіі, ведаю і люблю лепшыя здабыткі яе культуры. Але Беларусь — краіна еўрапейская. Нам не трэба ніякай “азіяччыны”. Калі саманадзейны Пуцін, яго ваенныя і цывільныя “ястрабы” ўвядуць на нашую зямлю нейкія войскі, то Расія страціць з беларусамі сяброўства, як з Украінай, і атрымае партызанскую вайну. Мы не прызнаем “зон уплыву”, цвёрда стаім толькі за ўзаемавыгаднае партнёрства і добрасуседства.

Расійскі рэжысёр тэатра і кіно Ю. Грымаў справядліва кажа: “Понты закончились!” Свет убачыў, што нахабства дыктатараў неабходна спыняць. Нельга дапускаць, каб людзі гінулі з-за таго, што адзін неадэкватны індывід захацеў быць “вечным прэзідэнтам”.

Сяргей Законнікаў

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023