TOP

Ад Грунвальда — і ў вечнасць!

Дыктатарскі рэжым узмоцнена вядзе зачыстку Беларусі ад бел-чырвона-белых сцягоў. Параіў бы А. Лукашэнку і яго чыноўнікам, якія абражаюць нацыянальную святыню, замяніць і ўвесь народ на такіх робатаў, як сілавікі. Тады стане лёгка кіраваць, будзе чутно толькі шчоўканне абцасамі.

Падзеі сведчаць, што сітуацыя рухаецца ў такі бок. Кіруючы клан ніяк не можа ўцяміць дзве элементарныя ісціны: па-першае, тое, што Лукашэнка і ўсе яны надакучылі, абрыдлі народу горш горкай рэдзькі, па-другое, людзі ніколі не прабачаюць, калі зневажаецца чалавечая годнасць, душацца гвалтам, катаваннямі яны і родныя, блізкія, калі іх лічаць за дурняў, хочуць супакоіць пратэст падманам. Замшэлыя фальшыўкі-страшылкі часоў халоднай вайны паміж СССР і ЗША, новыя прыдумкі “сакрэтных паліттэхнолагаў”, агучаныя Н. Качанавай (“план Даллеса” і г.д.), І. Церцелем, У. Каранікам або іншымі “цыцэронамі”, якія па камандзе дыктатара “пайшлі ў народ”, выклікаюць саркастычны смех. Чым і як могуць пераканаць адукаваных, разумных людзей Ю. Караеў, І. Кубракоў, М. Карпянкоў?

Рэвалюцыя адбываецца не толькі на вуліцах, але і ў душах грамадзян. Яе АМАП і “зялёныя чалавечкі” ніколі не разгоняць! Цяпер беларусы за свабоду і праўду будуць змагацца з мясцовымі і, калі гэта спатрэбіцца, з расійскімі садыстамі да перамогі. Лукашэнку не дапамогуць ні У. Пуцін, ні Расгвардыя, ні правядзенне Народнага схода, бо дыктатура патанула з галавой у сілавым, пракурорскім, судовым, заканадаўчым, палітычным і дыпламатычным брудзе, хоць напрошваецца іншае слова.

Але ўзурпатар не збіраецца сыходзіць, яму трэба дабіць усё да канца: “Пока последний омоновец и врач настоящий не скажет: “Все, Лукашенко, ты свое дело сделал”, до тех пор я буду драться за эту страну”. Яго крыважэрныя намеры пацвердзіў старшыня КДБ І. Церцель: “Как говорит глава одной из стран недалеко, будем “мочить в сортире”. Жизни сотрудников ставить под удар больше не будем — просто будем уничтожать”.

Барацьба ўпёртага дыктатара і яго цэрбераў за ўладу выглядае настолькі абсурднай і садысцкай, што змушае абурацца нават далёкіх ад палітыкі людзей. Кадэбісты, амапаўцы, унутраныя войскі, прадстаўнікі іншых спецслужбаў, “ціхушнікі” няспынна ваююць з мірнымі пратэстамі, кожны тыдзень арыштоўваюць сотні грамадзян, ізалятары і турмы перапоўнены. Але дыктатару гэтага мала. Табуны сілавікоў, пажарнікаў, камунальнікаў носяцца ў гарадах, знішчаюць сімвалы: з лёду вадаёмаў выдзёўбваюць сцягі, зразаюць бел-чырвона-белыя стужачкі, спілоўваюць дрэвы, зафарбоўваюць муралы, надпісы “Не забудзем!”, “Жыве Беларусь!”

Дайшло да таго, што злачынцай стала 87-гадовая Л. Бурсава, якая “с целью публичного выражения своих общественно-политических интересов (!) провела массовое мероприятие — пикетирование, на которое не было разрешения Мингорисполкома”. Зрабіла гэта жанчына “путем размещения на остеклении балкона флага”, за што суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска пакараў яе штрафам 405 рублёў. Яшчэ адну пенсіянерку, якая “выражала протест зефиркой”, судзілі, прычым сведкам з сур’ёзнай мінай выступаў капітан міліцыі. Да настаўніцы А.Пуцыновіч, якая прайшла пад бел-чырвона-белым парасонам і была аштрафавана на 1485 рублёў (!), раптам прыйшлі абшукваць дом ажно тры падпалкоўнікі міліцыі. Глядзіш на дурноту і думаеш: Божа, якая непісьменнасць, абмежаванасць і тупасць у пратаколах міліцыянераў, у пастановах судоў, увогуле, чым займаюцца здаравенныя бугаі ў пагонах? Ды здзіўляцца “цырку” не выпадае, калі па вуліцах Мінска за маніфестантамі з дубінкамі ганяюцца падпалкоўнікі і нават “цэлы” палкоўнік.

Чытачы тэлефануюць мне, што вельмі ўражаны колькасцю службоўцаў, якія займаюцца рэпрэсіямі. Сапраўды, дармаедаў на народным хрыбце дыктатар трымае шмат! Лічбы засакрэчаны, але, як пішуць эксперты, прыблізна 200 тысяч дзяржчыноўнікаў і 350 тысяч сілавікоў. Яшчэ маецца тэхнічная абслуга пражорлівай “арды”. Многім з іх няма чаго рабіць, штаны праціраюць. А тут халтурка прыбытковая і просценькая падваліла, можна мускуламі пагуляць. Вось адкуль гіганцкі размах тэрору!

Паралельная зачыстка краіны ад смелых, мужных і разумных грамадзян і ад гістарычнага сцяга, колеры якога на баявых прапарах горда луналі над палкамі землякоў яшчэ ў славутай бітве пад Грунвальдам, сведчыць пра нацыянальнае невуцтва і нігілізм тых, хто ўзурпіраваў уладу. У іх адсутнічае не толькі свядомасць, але і элементарнае адчуванне гісторыі.

Незалежная Беларусь — гэта заслуга не ўзурпатара, а многіх пакаленняў гераічных продкаў. Улада і грошы — вось што рухала А. Лукашэнку і яго першую каманду, за якой цягнецца шлейф злачынстваў. У іх адкрыліся магчымасці шляхам абяцанак вернага саюзніцтва і палітычнай падтрымкі “даіць” Расію. Сёння дыктатар працягвае гандляваць незалежнасцю…

Малады ўрач, які ўдзельнічаў у аперацыі, а затым лячыў маё хворае сэрца, на прыёме, беручы медкарту, усклікнуў: “Мне вядома ваша прозвішча! Мы ў школе вучылі верш “Я — беларус!” і прыгадаў радкі. Цалкам тэкст такі:

Я — беларус.
Спрадвеку мне належыць
Чароўны край
бароў, палёў, крыніц
Ад тураўскіх муроў да Белавежы,
Ад Крэва і да полацкіх званіц.

Крывіч,
радзіміч,
дрыгавіч у згодзе
Дапамаглі мне моцным верай стаць,
Каб прарастаў, як колас, у народзе,
Які ніхто не зможа растаптаць.

Каб моваю душа мая світала,
Каб стаў я вартым матчынай зямлі,
Скарына,
Каліноўскі
І Купала
Свой горды дух і мне перадалі.

Я — беларус.
Я ведаю сягоння,
Як пракладаць да шчасця
вольны шлях.
Са мною неўміручая Пагоня
І бел-чырвона-белы родны Сцяг!

Светла і добра стала на знямоглым сэрцы, я сказаў урачу: “Цяпер няма чаго баяцца, іду на аперацыю спакойна”.

Верш жыў з 1989 года, адкрываў чытанку А. Клышкі “Чабарок” для 4 класа школ з рускай мовай навучання. Пасля прыходу А. Лукашэнкі цэнзары знялі апошнюю страфу, а пазней тэкст наогул выкінулі. Але святло нацыянальных сімвалаў вядзе беларусаў наперад. Выдатны байкар К. Крапіва напісаў: “Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала!”

Мне сапраўды няма чаго баяцца. Веру, што пры любым, нават часова неспрыяльным павароце падзей, народная салідарнасць не пакіне Беларусь, стане мацнець.Зарукай гэтаму — моладзь, сталыя людзі, пенсіянеры, інваліды, якія смела выступілі супраць зла. Не крымінальныя элементы, не наркаманы, не прастытуткі, не беспрацоўныя, не бамжы, як заяўляе дыктатар, а свядомыя грамадзяне Беларусі змагаюцца за вызваленне палітычных вязняў, за сваё канстытуцыйнае права на сумленныя выбары, за шчаслівую будучыню.

Сардэчна віншую суайчыннікаў і беларусаў замежжа з Калядамі і Новым годам, зычу здароўя, удачы ва ўсім! Мы пражылі трагічны, але несумненна самы выдатны, знакавы год у айчыннай гісторыі. Сёлета напоўніцу выявіліся лепшыя якасці нацыі, якія назапашваліся праз стагоддзі.

Я шчаслівы, што дажыў, што ў меру магчымасцяў набліжаў важны час, убачыў яго і сам паўдзельнічаў у векапомных падзеях. Такое перажывае не кожны чалавек. Стан свабоды, натхнёнасці і творчасці трэба ў грамадстве замацоўваць.

Беларуская нацыя пад бел-чырвона-белым сцягам здабудзе волю і светлую долю. Яна ідзе ад гістарычнага Грунвальда — і ў вечнасць! Ніхто і нішто не спыніць яе на слаўным шляху.

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.