Кароткая размова
Насцярожваюся, хвалююсяі… Перанабіраю свайго вясковага таварыша з якім летам п’ём каву на ганку, гаворым пра ўсё на свеце, як дзеці, і ходзім на возера.
— Алё! Чуеш мяне, пазнаў, тады добра… А набяры ты, можаш? Выдатна, а то мне да пошты тры кэмэ цягнуцца, каб грошы пакласці…
Насцярожваюся, хвалююсяі… Перанабіраю свайго вясковага таварыша з якім летам п’ём каву на ганку, гаворым пра ўсё на свеце, як дзеці, і ходзім на возера.
— А чутна, быццам ты побач у лодцы… Як вы там, бушуеце ў сваёй сталіцы? Тады добра! Не, нічога не здарылася, усё пуцём … Я ведаю, яшчэ ранавата, але спадзяюся, што не пабудзіў… Вось справіўся па гаспадарцы, а потым буду заняты… Няма снегу, але лёд ёсць, і твае таварышы соўгаюцца на малым возеры, а вялікае яшчэ не замерзла — не выйдзеш, толькі пад самым берагам лядок, там, адкуль мы адплываем, дзе плытка…
Нават і вочы заплюшчваць без патрэбы, каб уявіць наша возера. Тое, якое яшчэ не замерзла… Убачыць мокрыя чараты, пачуць хрубаст пяску таропкія ўсхліпы помпы… Надзіманка павольна прымае форму, робіцца вялікай. Адчуваю, як пахне травой і цыгарэтным дымам. Пераношу да самай вады вуды, торбы, а мой таварыш у світальным змроку курыць і прытанцоўвае на помпе, ціскае яе нагой…
…Івана пахавалі заўчора, сюды прывезлі… Ты гэта ведаў, адкуль?.. А пра настаўніцу чуў? Пра Аксенчыц, з суседняй вёскі? Учора памерла. Пяцьдзесят шэсць толькі… Заўтра хаваць будуць, але мужык яе ў рэанімацыі, і сын у рэанімацыя… Во як. Можа і схажу, але мяне яна не вучыла…
Настаўніцу-нябожчыцу я не ведаў, уздыхаю і расказваю пра сябра-мастака, якога пахавалі на мінулым тыдні.
А мы тры дні, як Мішу закапалі. Як гэта якога — сына цёткі Вулляны, што за шашой жыла… Пра Ліду дакладна не ведаю, на ваш край не хадзіў, але паштарка казала, што перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, можа і вышкрабецца. Яна ж усім казала, што няма ніякай “кароны”, што гэта грып звычайны… І мужык яе перахварэў…
Хата цёткі Вулляны адразу за шашой, на дарозе да меншага возера. Маленькая, як цацачная…
Бацьку трэба аперацыю рабіць, але ўсе аперацыі адмянілі. Самі неяк з сястрой яму дапамагаем, катэтар мяняем… Соўгаецца па хаце… А мама нармальна. Нам бы так. Куды тут паедзеш? І працы ў Піцеры поўна, але ж бацькоў не кінеш, ды й “карона” гэтая паўсюль… Людзей амаль не бачу. Магазін збіраюцца закрыць да вясны. Будзе толькі аўталаўка ездзіць… Вы ж усе паз’язджалі, людзей няма, сабакі толькі бегаюць па вёсцы. П’юць, а што яшчэ рабіць… Вясны чакаюць, а яшчэ і зімы не было…
Пайду хлеў чысціць, а потым сена каровам дам, дроў прынясу на вечар… Вечар у нас хутка пачнецца, як папалуднуем так і гатова — цёмна…
Перадам прывітанне, і ты сваім перадавай. Чакаем… А то і пагаварыць няма з кім.
На гадзінніку палова на адзінаццатую. Па праспекце едзе змрочная калона аўтазакаў. На адным сцяг. Легкавікі сігналяць.
Уладзімір Сцяпан