У спорце сёння цырк на дроце: рэкорд пабілі па дурноце
Нацыянальны Алімпійскі камітэт паведаміў, што ліст у падтрымку існай улады падпісалі ўжо 5 тысяч спартсменаў. А хто ж яны? У спісе вельмі шмат так званых спартсменаў-аматараў. Напрыклад, у Светлагорску свой подпіс паставілі амаль усе кіраўнікі райвыканкама: старшыня, кіраўнік справамі, начальнік фінаддзела, галоўны ідэолаг і г.д. Многа «спартсменаў» сярод міліцыянераў. А ў Лідзе ў хакеісткі запісалі дзвюх прыбіральшчыц, бухгалтара, ветэрынара…
Каб не было вялікай шкоды
(Кавід лютуе, як чума),
Цяпер бываюць рэдка сходы
Ці іх увогуле няма.
Аднак дырэктар установы
Усё ж сабраў агульны сход −
Ён неадкладны, тэрміновы.
Найперш для доўгае прамовы
Сам, так сказаць, разявіў рот:
− Цяпер, на жаль, няпроста ўладзе,
Што нам надзённы хлеб дае:
Нацдэмны бунт на даляглядзе
(На трон, крый божа, іншы сядзе);
Спрабуюць укусіць яе,
Як згаладалыя сабакі,
Сябе сарваўшы з ланцуга,
Неўтаймаваныя «пісакі»,
І ўвогуле любы і ўсякі −
Кусаюць злыдні як мага.
Дык падтрымаць уладу трэба
У неспакойны час такі.
Адробім свой кавалак хлеба
(А хтосьці нават шашлыкі).
Усім вядома, што спартсмены
Нам падалі харошы знак:
Маўляў, не трэба перамены,
Няблага мы жывём і так;
Дык медалёў краіне многа
Прывозім мы з Алімпіяд;
Наогул Бацька ў нас ад Бога −
Такіх на свеце ёсць няшмат.
Хіба ж няправільна сказалі,
Не маюць рацыі яны?
Вось тут смяшок пачуўся ў зале,
Але дырэктар хоць бы хны:
Хоць насмяшыў людзей палову −
Не збіўся з панталыку ён
І прадаўжаў сваю прамову,
Як знакаміты Цыцэрон:
− Наш лёс пастаўлены на шалі −
Улада ў «чорнай паласе».
Ды ёй падтрымку аказалі
Спартсмены нашыя не ўсе.
Я мог бы іх назваць пайменна,
Ды вельмі доўгім будзе спіс…
(У гэтым месцы, несумненна,
Дырэктар трохі тварам скіс.)
Таму я толькі некаторых
З тых адшчапенцаў назаву,
Каб зналі вы, хто існы вораг
І людзям дурыць галаву.
Згадаю Леўчанка, Станюту…
Не толькі нашыя рублі −
Улада траціла валюту,
Каб дзеўкі поспех мець маглі.
Не пелі б гімн на п’едэстале,
Каб не спрыяў ім Бацька наш:
Хіба ў іх ёсць сапраўдны талент?
Ён несапраўдны, як міраж…
Або, напрыклад, Хамутоўскі.
Ён гарлахват і балабол.
Незразумелы нейкі, коўзкі…
Такі ён сам, як наш футбол!
Скажу і пра Герасіменю,
Што з-за мяжы нам творыць зло.
Хоць медалёў — не ўлезе ў жменю,
Ды кажуць: што было — сплыло.
Тым больш што і сама — плыўчыха.
У Лондан ездзіла, Парыж…
Не знала б ад улады ліха,
Калі б яна сядзела ціха
Пад венікам, як тая мыш…
Такая ж зараз і Скардзіна.
У ейных словах дух чужы,
І стала смелаю надзіва −
Брыдоту плешча з-за мяжы.
А Дар’я Домрачава… Глыба!
І гераіня сапраўды!
Аднак маўчыць, на жаль, як рыба −
І ні туды, і ні сюды.
АМАП «змясіў на цеста» брата…
Ды трэба ведаць з гэтых пор,
Што ў нас паплечнікаў багата,
Але няма братоў-сясцёр.
Цяпер ад Домрачавай Дашы
Якраз да «нашых» перайду.
Каб не яны, спартсмены «нашы»,
Зусім адчулі б мы нуду.
Ды не змаўчалі, дзякуй богу,
І свету выдалі зварот,
Што «мы — ябацькі!» Дапамогу
Яшчэ ацэніць наш народ.
Спартсмены ўсталі шчыльнай сценкай,
Стыдобіць сталі бунтароў…
Рэдут у сценцы − Сабаленка.
Гуляе ў тэніс будзь здароў!
Брыду на дзеўку, быццам з лейкі,
Нацдэмы плюхаць пачалі:
«Нашто ўстаўляла «тры капейкі»?»
На самай справе − тры рублі!
А як улада папрасіла,
У сценку стаў і сам Мядзведзь,
Хоць у яго не тая сіла
І ўжо, напэўна, ходзіць ледзь…
Са стадыёна і з арэны
Ідуць стары і малады!
А мы ж, лічы, усе спартсмены.
Чаму б не стаць у іх рады?
Папоўнім гэтую кагорту,
Дык будзе цэлы легіён!
Напрыклад, схільны я да спорту, −
У грудзі пальцам тыцнуў ён. −
Даўным даўно, прызнацца шчыра
(Як добра бачыцца здалёк!),
Раз-пораз я хадзіў да ціра,
А гэта значыць, што стралок
І, безумоўна, маю права
Таксама падпісаць зварот.
Намесніку, што чмыхаў справа,
Сказаў:
− Нябось, не раз за год
Ты ходзіш да кагосьці ў госці,
У парк ці ў лес. Не так хіба?
Не запярэчыць, пэўна, хтосьці:
Твой спорт — спартыўная хадзьба!
Расправіў ён, намеснік, плечы
І разгарнуў ушыр душу:
− Яшчэ ў піўбар хаджу, дарэчы:
Зварот, канешне, падпішу!
І чыркануў пяром. Адале
Ажыятаж амаль узнік.
Па ўсіх, хто быў у гэтай зале,
Прайшоўся мудры кіраўнік.
І ўсе, выходзіла, спартсмены:
Хтось у дзяцінстве біўся шмат,
А значыць, ён баксёр нядрэнны;
А нехта ўдала ставіў мат,
Як быў чэмпіянат аддзела;
А хтосьці два разы ці тры
У чоўне плаваў — значыць, смела
Запісваць можна ў весляры.
Адзначыць варта, што на сходзе
Была дыскусія, калі
На ўзнёслай хвалі (смех дый годзе!)
Да прыбіральшчыцы дайшлі.
Казала:
− Бегаць я не ўмею,
Бо ўжо нямоглая здаўна…
Дырэктар выказаў ідэю,
Што майстар кёрлінгу яна:
Падлогу швабраю шаруе,
Як дзеўкі, што шаруюць лёд,
Дык можна ўнесці ў спіс старую,
Няхай падпісвае зварот.
Вось так дырэктар установу
Зрабіў спартыўнаю як бач.
Калі выходзілі, выснову
Услых зрабіў адзін хахмач:
− Калі па іншых установах
Вось гэтак «паскрабуць» чуць-чуць,
Не легіён спартсменаў новых −
Пяць легіёнаў набяруць!
* * *
Хоць нехта скажа: «Цырк на дроце!
Яны пакрылі ганьбай спорт!»,
Аднак, прынамсі, па дурноце
Пабіты ўсё-такі рэкорд…
Алесь Няўвесь