TOP

Ці стасуюцца дуліны з мемуарамі? Заканчэнне

Цыкл «Лета з Барадуліным» яшчэ не адгучаў, а я задумаўся над тым, як захаваць тое эфірнае свята? Мо таму, што прыйшоў на радыё з газеты, выйсце бачыў у надрукаваным. У кнізе. І зусім нечакана з’явілася нехарактэрная для Радыё Свабода «Дуліна ад Барадуліна».

Заканчэнне. Пачатак у № 9

Кніга

Апроч летняга цыкла туды ўвайшлі ягоныя вясёлыя эсэ пра паганства, сэкс па-беларуску ды іншае з разраду, так бы мовіць, для большасці аўтараў «фрывольнага»…

А паколькі ў тыя дні рэдакцыя рыхтавалася да свайго паўвяковага юбілею, дзядзька Рыгор напісаў эпіграмы на радыёжурналістаў.

Важная акалічнасць: пара показак, што прагучалі ў эфіры, з дазволу аўтара мы з кніжкі выкінулі — вельмі ўжо пакрыдзіліся героі… Бывае: гэта жыццё.

Ну а далей засталося арганізаваць прэзентацыю 250-старонкавай кніжкі ў Доме літаратара. Была паўнюткая зала, куды не ўбілася некалькі дзясяткаў чалавек — проста скандал, засталіся на вуліцы!

Такое больш не паўтарылася ніводнага разу, хоць «Свабода» і выпусціла пасля «Дуліны» процьму класных кніжак.

Гэта я не сябе хвалю: аддаю павагу генію і грамадскаму прызнанню Рыгора Барадуліна.

P.S.

Пасля той шумнай прэзентацыі прайшло зусім няшмат часу і дзядзьку Рыгора вылучылі на Нобелеўскую прэмію за зборнік духоўнай паэзіі «Ксты».

Яна непараўнальна адрозная ад «Дуліны».

Проста не-па-раў-наль-на.

Іх аб’ядноўвае хіба адно: аўтарская геніяльнасць.

Цяжка згадваць адзін нечаканы эпізод, але ён варты згадкі.

Неўзабаве пасля кніжкі ў Празе здарылася трагедыя: з-за аварыі патрапіў у кому і праз месяцы сканаў адзін з першых і найславутых web-мастакоў Беларусі свабодавец Уладзя Каткоўскі. Дык вось бацькі і родныя Уладзі неўзабаве выбілі чаканнныя барадулінскія словы пра гэтага маладога чалавека на помніку…

І эпізод зусім іншага кшталту.

Адзін крытык, што жадаў вялікага поспеху Барадуліну, нібы абараняючы высокую духоўнасць зборніка «Ксты» ад сцёбу папярэдняй кнігі аднаго і таго самага аўтара, літаральна абрушыўся на «Дуліну». Спрабаваў даказаць, што тыя радкі — нейкія выпадковыя, нехарактэрныя для дзядзькі Рыгора… Уражанне такое, што дай гэтаму інтэлігентнаму чалавеку волю — прынародна спаліў бы. Ці то аўтара за такі «хіб», ці, хутчэй, укладальніка разам з выдаўцамі;

За ерась.

За вальнадумства.

За вальнаслоўства.

Але запалак крытыку ў запале не далі — ягоныя патрабаванні засталіся грамадой непачутымі.

Бо глупства.

Бо дзядзька Рыгор — ён існуе не ў адной іпастасі. Ён і з зоркамі, ён і з бульбай, ён і з гарэлкай — бо беларус. Хай і святы для беларусаў паэт, але — не святоша.

Бо гэта геній, сапраўды варты Нобеля, а геніяў часта не разумеюць.

Ну а мы з ім паразумеліся.

Мы — гэта не я і ён.

Мы — гэта тысячы тых, хто слухаў яго на хвалях «Свабоды» летам 2004-га і тысячы тых, хто літаральна вырывалі для сябе тыя пару тысяч асобнікаў, выдадзеных восеню таго самага году. Напярэдадні 70-годдзя паэта.

Бо мы, хто чыталі кнігу душой, сэрцам, разумелі: гэта — сапраўды вольная энцыклапедыя жывога беларускага духу.

Яна — непаўторная, як сам дзядзька Рыгор.

Спампаваць кнігу «Дуліна ад Барадуліна» у розных фарматах можна тут.

P.P.S.

…Памятаеце, у шпітальным дворыку дзядзька Рыгор прызнаўся, што ў яго не было тэлефона. Дык вось, на 70-годдзе мая шаноўная калега, геніяльны пражскі рэдактар ранішняй «Свабоды» Вольга Караткевіч падарыла Барадуліну мабільнік. Мы паведамілі нумар на радыё, і славуты юбіляр выслухаў у тыя дні ну проста процьму самых светлых словаў пра сябе…

Сярод іншага, гэтая народная шчырасць сталася рэакцыяй слухачоў на ягоныя непаўторныя, запамінальныя ды кранальныя «дуліны»…

Аляксандр Уліцёнак

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.