TOP

Байкі на любы густ

Знарастаннем асуджэння міжнароднай супольнасцю сілавых дзеянняў рэжыму ў Беларусі настырна выскокваюць, быццам мітуслівыя чэрці з табакеркі, «байкары». Да мясцовых дадаліся расійскія, хоць аналіз падзей і ў іх фантазійны.

Сергей Законников

Пачынаючы ад «стрэлаў пад Лёзна», «пацукоў у мінскім вадаправодзе», казачны эпас дыктатарскай эпохі разбухае, як на дражжах. Небыліцы пякуцца на любы густ: у выглядзе аладак, тонкіх або тоўстых бліноў, нават пірагоў з начынкай. Усё было б добра, калі б не адна загана завіхання ідэалагічных кухараў. Прадукцыя атрымліваецца то ацеслівай, то падгарэлай.

Такую ацэнку выдаюць беларусы традыцыйным байкам кіраўніцтва краіны і прапагандысцкім перадачам тэлебачання. Аналагічна сустракаюцца ў нас каментарыі беларускай сітуацыі ў выкананні У. Пуціна, С. Лаўрова, Д. Мезенцава, якія патыхаюць цынічнай знявагай пратэстуючых грамадзян.

Не кожны чалавек здольны без душэўных тузанняў вярзці заведамую лухту і рабіць пры гэтым міну прыстойнасці. Але дыктатура нагаблявала шмат такіх кадраў не толькі ў журналістыцы. Яны ёсць у палітыцы, эканоміцы, навуцы, сярод юрыстаў, настаўнікаў, выкладчыкаў, даследчыкаў гісторыі. Гэта вялікая бяда, калі не катастрофа!

А наперадзе ўсіх ідуць сілавікі. Пасля 9 жніўня 2020 года пастаянна правакуюць мірных людзей на адпор, каб навесці жах больш знішчальнымі спосабамі і зброяй, ды гэта не ўдаецца. Таму нахабнічаюць не толькі на вуліцах, у дварах, у кватэрах або ў следчых кабінетах і судах, але і ў СМІ, выдумляючы неверагодныя страшылкі.

Сілавая валтузня на працягу васьмі месяцаў змусіла кіраўнікоў КДБ, міліцыі, унутраных войск, пракуратуры, следчых органаў, арміі стаць медыйнымі персонамі, чаго раней не было і што з улікам спецыфікі дзейнасці ім не ўласціва. Інфармацыйная прастора кішыць прыдумкамі, якія распальваюць у грамадстве варожасць і нянавісць. Агучваюцца новыя жахі на мясцовыя тэмы: «И там арсеналы», «Они готовы на все, на любые преступления, не жалея ни женщин, ни детей».

Але, перш чым лямантаваць пра «ўнутраныя і знешнія пагрозы», пра «экстрэмістаў» і «тэрарыстычныя групы з трацілам з Заходняй Еўропы, Польшчы і Украіны», трэба праўдзіва прызнацца, з-за чаго разгарэўся беларускі «сыр-бор».

Каля драматычных падзей накручана шмат чаго, а сітуацыя простая: нежаданне пакідаць прэзідэнтскае крэсла.

Грамадзяне Беларусі цвёрда выказалі сваю волю на выбарах і затым магутнымі мірнымі пратэстамі. Яны не збіраюцца жыць далей у стрэсавым стане знявагі, ведаючы, што наладжана паляванне за людзьмі, дабіванне іх пасля дубінак яшчэ і штрафамі, турэмнымі тэрмінамі. За праўду і свабоду беларусы будуць стаяць да канца.

Каса найшла на камень. Іскры ляцяць ва ўсе бакі, але народны маналіт вытрымае наскокі ўзурпатара і сілавікоў. Каго шкада, дык гэта не вінаватых ні ў чым людзей, якія становяцца ахвярамі самадурства і дэспатызму.

А. Лукашэнка шмат гадоў, нагнятаючы атмасферу, выяўлячы паўсюль «ворагаў», абяцае: «Мы такое расскажем. Вы ахнете!» Але заўжды чамусьці наступае маўчанне. А затым нараджаюцца чарговыя байкі.

Затое пасля выбараў 2020 года беларусы сапраўды ахнулі! Яны не маглі нават уявіць, да чго могуць дайсці «государевы люди», выконваючы загады.

Усё ж нездарма бегаў па Мінску былы міністр унутраных спраў І. Шуневіч у энкавэдысцкай форме, палохаючы «глыбокіх» пенсіянераў, якія зведалі сталінскія «хапуны». Старыя людзі, што ціха драмалі на лавачках у скверах, жахаліся, спалохана хрысціліся, думалі — прымроіўся прывід, але гэта было не так. Усё нас чакала наперадзе.

Бабулі і дзядулі адыходзяць у вечнасць, невядома чаму не стала ў скверах і лавачак, на якіх яны сядзелі. А прывіды сталінскага часу матэрыялізаваліся, набылі жывую плоць, узброіліся па сучасных мерках. Абараняючы гаспадара, яны запалохваюць людзей «дзяржаўным пераваротам», малююць «жудасці», высмактаныя з пальца, іншадумцаў залічваюць у «экстрэмісты» або «тэрарысты», сыплюць пагрозы, адразу называючы турэмныя тэрміны.

Інтэлектуальны стан сілавікоў прадэманстраваў ваенкам, які пабыў на гэтак званым «Всебелорусском народном собрании», выпрасіў «поціск рукі» і вырашыў перадаваць «заряд бодрости» ад А. Лукашэнкі «в низы». Да такога не дадумаліся нават у Паўночнай Карэі, дзе тысячы вайскоўцаў па камандзе танцуюць мужчына з мужчынам на пляцы, смяюцца або плачуць.

Але здзівіў не ваенкам, бо ўрэшце ці мала «дзівакоў» у арміі, а маладзейшыя афіцэры, якія з сур’ёзнымі мінамі вытрымалі «мерапрыемства», ніводзін не ўсміхнуўся з абсурду. Як далёка ўсё зайшло! А нехта яшчэ чакае ад сілавікоў строгага выканання службовых абавязкаў, адэкватных дзеянняў. Не будзе такога…

Мне як грамадзяніну Рэспублікі Беларусь абрыдла слухаць выдумкі, якія становяцца злавеснымі. Я давяраю фактам. Ад «тэрарыстычнай дзейнасці», пра якую далдоніць десяцігоддзямі рэжым, не пацярпеў ніводзін чалавек. Ад рук жа сілавікоў людзі загінулі, ёсць тысячы збітых да жахлівых гематомаў (у тым ліку жанчыны і падлеткі), сотні пакалечаных фізічна і псіхічна, частка грамадзян стала інвалідамі.

З кожным днём сітуацыя ў Беларусі ўскладняецца. Чым больш людзей б’юць, арыштоўваюць, судзяць, штрафуюць, садзяць у турмы, тым хутчэй грамадства радыкалізуецца. Адзіны «падрыўны цэнтр» — гэта дыктатарскі рэжым. Сваімі дзеяннямі ён нагнятае канфрантацыю, якая можа выбухнуць. Лічу, што заява А. Лукашэнкі аб выкарыстанні арміі, «начиная изнутри», заслугоўвае разгляду на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН.

Узнікаюць пытанні наконт дзеяння дзяржаўнага механізму. Няўжо так кепска нясуць службу памежнікі, што ў краіну спакойна прасочваюцца і шастаюць па лясах групы дыверсантаў, а тэрарысты валакуць сюды траціл і пластыд цэнтнерамі?

Калі сілавікі выліваюць на галовы грамадзян, як гэта робіцца цяпер перад 25 сакавіка, цэбры страшылак, то не выключаны правакацыі. Усім трэба заставацца мудрымі і асцярожнымі!

Знешняга ціску на Рэспубліку Беларусь няма. У краіне мужна пратэстуюць падманутыя і зняважаныя людзі, а ўвесь свет бачыць гвалт над гераічным народам і дапамагае яму. Толькі дапамога магла б быць больш эфектыўнай.

Сяргей Законнікаў

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.