Дзіўнае пакаленне вырасла. Выхаванае, адукаванае, разумнае… Я не толькі пра тваю «дзеўку» (так ён заве маю дачку, з якой перапісваецца ў фэйсбуку), — я пра беларускую моладзь... Прыгожыя яны, як маладыя багі. Смелыя…
— Здароў, братка! — гучыць у маім тэлефоне знаёмы, крыху ўсхваляваны голас.
— Прывітанне, Рабіновіч! — абачліва кажу нейтральнае слова, бо не магу імгненна скеміць, дзень, вечар, ці раніца на тым беразе акіяна, дзе амаль сорак гадоў жыве мой сябар.
— Слухай, а цябе бацькі выхоўвалі?
— Э-э-э…
— Як цябе выхоўвалі: нешта расказвалі, вучылі, білі, калі не слухаў? — гучна пытае амерыканскі грамадзянін, а яго голас гучыць так ясна, быццам ён ідзе па тым беразе замерзлай Свіслачы, побач са знакамітым зялёным домікам, і я, з Купалаўскага сквера, дзе мяне заспеў званок, пачынаю ўглядацца ў той бераг…
— Калі-нікалі і лупілі, вушы дралі… Так было за што! — адказваю са стрыманым смехам і ўздыхаю. — І сварыліся, асабліва мама… Яна крычала, што са школы выганяць, у турму пасодзяць, калі ўтвару яшчэ што-небудзь такое.
— Слухай, мне здаецца, што нашым выхаваннем бацькі зусім не займаліся. Мае сыходзілі на працу яшчэ цёмна, і прыходзілі позна. Не было у іх часу, каб чытаць натацыі, вучыць, нешта такое расказваць. Вярталіся стомленыя. — З нейкай асалодай згадвае свае маладыя гады ў Мінску мой сямідзесяцігадовы таварыш.
У тэлефоне я чую нервовыя крыкі чаек, сабачы брэх, вісклівыя галасы дзяцей, якія пра нешта спрачаюцца па-англійску… А яшчэ я чую акіян. Хвалі з важкім шумам набягаюць на бераг праз аднолькавыя прамежкі часу. Я гляжу на Свіслач, на шэрыя шары і уяўляю, як мой сябар ідзе па пяску, як грузнуць ногі, як ягоны стары сабака бегае побач і ляніва брэша на вялікіх белых птушак і незнаёмцаў. Здаецца, што ў цэнтры Мінска, нават пах марской вады і вільготнага паветра адчуваю…
— У нас сёння цёпла… — радасна паведамляе таварыш з таго берага Атлантыкі. Ён чакае, што я раскажу пра надвор’е ў Беларусі, пра наша каля нуля, але я зачаравана слухаю ў тэлефоне шум акіяна і спрабую уявіць яго веліч і бясконцасць. — Алё-алё, што там з табой, ты мяне чуеш?
— Чую!
Сам не разумею чаму, але ўся веліч Атлантычнага акіяна мне уяўляецца блакітнай картай памерам са старонку школьнага сшытка, а адлегласць у сем тысяч кіламетраў перарывістай лініяй, якая злучае берагі кантынентаў. На адным канцы мой таварыш, у сваім Н’ю-Ёрку, а на другім я.
— Хто нас выхоўваў? Вуліца, школа, сябры? Быццам ніхто нам нічога не казаў, а мы выраслі нармальнымі… Ты згодны, ці я памыляюся?
— І мы розныя… У мяне палова вулічных сяброў і аднакласнікаў праз турму прайшла… Большая палова… І я там мог апынуцца, але пашанцавала — трапіў на добрага настаўніка, заняўся маляваннем… Мастацтва забірала ўвесь вольны час… А потым з’ехаў са свайго гэпэ ў Мінск вучыцца… Калі цяпер туды прыязджаю, то амаль нікога з ранейшых сяброў-таварышаў не сустракаю…
— Чаму не сустракаеш? — гучыць пытанне з таго берагу.
— Няма іх… Паўміралі… А некаторыя так змяніліся, што не пазнаеш. Асабліва аднакласніцы. У іх унукі дарослыя… Мінулай восенню падвозіў хлопец ад вакзала. Гляджу — твар быццам знаёмы. Пачынаю распытваць — унук аднакласніка.
Некаторы час у дынаміку толькі шум хваляў, хрубаст пяску і цяжкае дыханне майго таварыша. Я пачынаю перабіраць прозвішчы сяброў дзяцінства, згадваю іх твары. Яны падаюцца такімі ж далёкімі як той бераг Атлантычнага акіяна, а можа і больш далёкімі.
— Я сваіх сыноў ніколі не біў… Упэўнены, што ты на дачку нават не крычыш…
— Як гэта не крычу! Магу і крыкнуць, калі не слухаецца.
— Ай ладна, не расказвай казкі… Ты для яе ўсё зробіш… — Кажа ён і задаволена смяецца… — Дзіўнае пакаленне вырасла. Выхаванае, адукаванае, разумнае… Я не толькі пра тваю «дзеўку» (так ён заве маю дачку, з якой перапісваецца ў фэйсбуку), — я пра беларускую моладзь… Прыгожыя яны, як маладыя багі. Смелыя… Што маўчыш, не згодны?
Я згадаў сябе маладым… Згадаў, як не хацеў вучыць англійскую мову, бо быў упэўнены, што яна мне ніколі не спатрэбіцца… Што за мяжу мне ніколі не патрапіць, а таму і час губляць на «інгліш» не варта. Лепш сядзець у майстэрні і маляваць-маляваць…
Сёння, знайсці маладога чалавека, ва ўзросце да дваццаці пяці гадоў, які не быў за мяжой — складана. Яны — маладыя, ездзяць па свеце, лапочуць на розных мовах, лёгка знаёмяцца са сваімі аднагодкамі, знаходзяць агульныя справы і інтарэсы.
— Не прападай, братка беларус?! Што, задумаўся, зайздросціш маладым? Прызнаюся, я ім зайздрошчу… Усё згодны аддаць, каб быць маладым і здаровым. — Апошнія словы гучаць трохі сумнавата.
— У нас сваё жыццё, а у іх сваё. Яны ніколі не былі галоднымі…
— Пачакай… Хіба ты не згадзіўся б пабыць галодным, каб потым з апетытам, здаровымі, сваімі зубамі ірваць кавалак мяса?— Амаль пракрычаў ён з таго берага акіяна.
Побач са мной прайшла жанчына — на шыі чырвоны шалік, а на шворцы кудлаты сабака з чырвоным ашыйнікам. Жанчына гаварыла праз навушнік па-італьянску.
— Ты мяне чуеш, братка беларус?
— Чую!
— Яны — небітае пакаленне. Яны такімі выраслі. Цяпер іх біць бессэнсоўна. Позна…
Мой сябар папрасіў прабачэння, бо заспяшаўся да свайго старога і непаслухмянага бульдога, які знік у кустах. Я ішоў уздоўж Свіслачы, глядзеў на лёд, і думаў, што хутка яго не будзе. Знікне. Растане. Сплыве.
Уладзімір Сцяпан, мастак, літаратар
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…