TOP

Прынёс бы шмат турбот чырвона-белы плот

Жыхарка Пружан захацела пафарбаваць свой плот у белы і чырвоны колеры. Яна падала заяву ў райвыканкам, што збіраецца зрабіць гэта «ў форме адзіночнага пікета», прычым гатова была заключыць дамову з міліцыяй «для забеспячэння бяспекі на месцы пікетавання». Райвыканкам дазволу не даў — на той падставе, што месцам для мітынгаў, сходаў і пікетаванняў прызначаны стадыён «Мухавец».

Алесь Няўвесь

Усім цяпер вядома гэта:
Патрэбны на пікет дазвол,
Інакш удзельніка пікета
Чакае строгі пратакол,
І не пазбегнуць потым кары —
Не будзе літасці ў судзе,
І давядзецца парыць нары
Ці штраф яму перападзе.
Бязглуздзіца, ды пінкертоны
Лічыць гатовы за пікет,
Як хтось трымае бел-чырвоны
Сцяжок, букет — любы прадмет.
«Тым больш у якасці пікета
Міліцыя палічыць плот, —
Рашыла мудрая кабета, —
І я займею шмат трубот,
Калі яна прышые справу.
Таму ў тутэйшы выканкам
На быццам бы пікет заяву
На ўсякі выпадак падам,
Каб не было праблемы потым…»
Кабета думала ўсур’ёз,
Што бел-чырвона-белым плотам
Падцерці зможа ўладзе нос.
Заяву ў выканкам прынесла
Пра незвычайны свой пратэст.
Чыноўнік ледзь не з’ехаў з крэсла,
Як прачытаў паперы змест.
І, так бы мовіць, канчаткова
Дабіў жанчыны маналог:
— Калі патрэбна вам дамова
З міліцыяй, дык я гатова
Аддаць ёй грошы, далібог,
Каб падзяжурыў каля плота,
Як фарбавацьму я, АМАП
І паганяў, калі ахвота,
Апойкаў і цікаўных баб.
Ды не плаціцьму жылкамгасу,
Бо сэнсу нейкага няма:
Як хтось курыцьме час ад часу,
Акуркі прыбяру сама.
Я ўжо чатыры банкі фарбы
Купіла ў краме напярод…
Амаль чырвона-белым твар быў
(Якраз такім, як будзе плот)
У местачковага чынушы,
Як слухаў гэты маналог.
Ад жаху ён закрыў бы вушы,
Але з-за гонару не мог.
Ён пад такім напорам цёткі
Сядзеў спачатку, як нямы,
Затым сказаў зацята ўсё-ткі:
— Пісьмова вам адкажам мы.
Ён доўга думаў над адказам,
І нарадзіўся хітры ход,
Каб адфутболіць злыдняў разам,
Як фарбаваць захочуць плот:
«Не зможаце дабіцца мэты,
Бо ёсць законы ў грамадзе:
Не дазваляюцца пікеты
Там, дзе спадручна, абы-дзе.
А што напісана ў законе?
І мітынг, і пікет, і сход
Правесці льга на стадыёне.
А там пафарбаваны плот!»
Апошніх слоў у тым адказе,
Вядома, не пісаў чынок,
Ды між радкоў ва ўсякім разе
Чытаўся гэтакі намёк.
Ну што сказаць аб гэтых словах?
Памром, бадай, ад смехаты,
Калі ў чыноўніцкіх галовах
Бунтуюць нават і платы…
* * *
Такая не адна жанчына,
Іх, пратэстантаў, — легіён.
Дык пафарбуюць гэткім чынам
Яны калісьці й стадыён…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.