Categories: Фельетон

Бяруць за шкіркі ворага здаровага і хворага

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, незалежнага назіральніка на выбарах Аляксандра Елісеева супрацоўнікі Калінкавіцкага РАУС забралі з-пад кропельніцы ў бальніцы, дзе ён лячыўся ў стацыянары. Кропельніца нават не паспела закончыцца. А забралі апазіцыянера для таго, каб правесці ператрус у рамках крымінальнай справы за паклёп. Падставай стала нейкае паведамленне ў мясцовым тэлеграм-чаце.

Хварэць нікому не жадаю,
Тым больш на жудасны кавід:
Любога з нас хвароба тая
Адправіць можа і ў нябыт.
Ды ёсць і іншыя хваробы,
Іх нават цэлая гайня:
Галовы, спіны ці вантробы
Баляць у нас амаль штодня.
Хвароба нейкая аднойчы
З ног паваліла й дзецюка:
Падкралася і сярод ночы
Яго схапіла спадцішка.
І так прыціснула, што толькі
З бальніцы лепшыя ўрачы
(Пад сілу ім любыя болькі)
Маглі яму дапамагчы.
Яны й вылечвалі патрошку,
Вярталі сілы пакрысе.
Але было не ўлежна ў ложку.
«Краіна ў чорнай паласе,
Народ на вуліцы і плошчы
Гатовы выйсці, — думаў ён, —
А я свае тут грэю мошчы,
Як у Егіпце фараон…»
Цяпер, напэўна, зразумела,
Што быў ён з ліку бунтароў,
І ўсім служакам з райаддзела
Дзяцюк псаваў, як кажуць, кроў,
Таму трымалі на кантролі
Ягоны кожны крок і чых,
І факт, што ён яшчэ на волі,
Само сабой, турбоціў іх.
Шукалі нейкую падставу,
Каб «злыдня» ўзяць у абарот,
Прышыць яму якуюсь справу,
Закрыць яго «паганы рот».
Пакуль законаў не парушыў,
І гэта дужа неўспадоб.
Прыйшлося прыцягнуць за вушы
(Тым больш заява ёсць) паклёп:
У Інтэрнэце дзесьці хтосьці
(А раптам гэта быў дзяцюк?)
Перамываў камусьці косці.
Паклёп яму не сыдзе з рук,
І хоць на год ці на паўгода,
Ды сядзе ён, паклёпнік-хлус!
Галоўнае ж, што ёсць нагода
Зрабіць у доме ператрус.
Прыйшлі ў бальніцу пінкертоны,
Бо без яго не зладзіш шмон.
Быў, пэўна, цяжкім стан ягоны —
Ляжаў пад кропельніцай ён.
Маглі ахоўнікі парадку
І пачакаць крыху, бадай, —
Няхай падлечыцца спачатку.
Ды загадалі:
— Уставай!
Ім падпарадкаваўся хворы,
Хоць учынілі гвалт, лічы.
(Відаць, стаялі ў калідоры
І не ўмяшаліся ўрачы.)
Не падказаў служакам розум,
Калі выводзілі з двара,
Што іхні гвалт нясе пагрозу
Жыццю, здароўю «бунтара».
* * *
Цяпер міліцыя краіны
Качае нам свае правы.
Адказнасць, лічыцца, павінны
Панесці мёртвы ці жывы —
Задача, ставіцца такая…
А лепш, відаць, з нядаўніх пор,
Каб той, хто іншых заклікае
На бунт, усё-такі памёр…

Алесь Няўвесь

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023