Categories: Социум

Айцец Юзаф Пятушка: «Дзяржава не мае законнага права адбіраць у чалавека жыццё»

У выдавецтве «Канфіда» рыхтуецца да друку кніга «Апосталамі не нараджаюцца», якая складаецца з гутарак журналіста Яраслава Чаплі са старэйшым рыма-каталіцкім святаром Беларусі айцом Юзафам Пятушка. Першая палова святарскага жыцця 90-летняга ксяндза прайшла ў Польшчы, другая — ў Барысаве. Адной з тэм гутарак было пакаранне злачынцаў смерцю. Прапануем вашай увазе невялікі фрагмент гэтай часткі кнігі.

а. Юзаф Пятушка: Як Вы думаеце, чаму д’ябал з’явіўся для спакушэння Хрыста менавіта ў Юдэйскай пустыні, а не раней? Ён што, не ведаў аб існаванні Хрыста? Так, пасля 40-дзённага посту гэты Чалавек быў знясілены, а такога лягчэй узяць «на кручок». Але прычына ў іншым: Хрыстус ужо быў ахрышчаны! Да хрышчэння ў Ярдане Ён фармальна не адрозніваўся ад тысяч язычнікаў. Што за інтарэс д’яблу спакушаць сына звычайнага рамесніка? Якія ён ад гэтага будзе мець «дывідэнты»? А вось Езус ахрышчаны — найважнейшы «аб’ект» для спакушэння за ўсю яго «кар’еру»: бо як толькі Хрыстус ахрысціўся, «Голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў (Мц:3 16-17).

Мы ведаем, што надзея д’ябла схіліць Езуса на свой бок не ўдалася: Хрыстус адмовіўся перад ім схіліцца, не захацеў ні незлічоных багаццяў, ні бязмежнай улады. Зрабіў свой выбар і памёр на крыжы.

У кожнага з нас на працягу жыцця бывае неабходнасць адысці ў сваю «пустыню», каб добра-добра падумаць і прыняць вельмі няпростае рашэнне. Здараецца, перад намі стаць пытанне: з кім выйдзем «пустыні»? Мы шчаслівыя, калі выбіраем Хрыста. Бо калі не, то прыйдзецца скакаць пад дудку самі ведаеце каго…

Перакананы, што без разважанняў у сваёй «пустыні» не абышоўся і згаданы вамі раней хатынскі кат Васюра. Вы ведаеце, як ён апынуўся ў немцаў?

Аўтар: На пачатку вайны камандаваў аддзяленнем сувязі, быў старшым лейтэнантам, у канцы чэрвеня 1941 года пад Ліепаяй добраахвотна перайшоў на бок фашыстаў. Ну а далей усё таксама добраахвотна: вучоба ў Германіі ў школе прапагандыстаў, служба ў Кіеве ў нямецкай паліцыі, потым у войсках СС, удзел у карных акцыях на тэрыторыі Беларусі.

а. Юзаф Пятушка: Не можа быць, каб чалавек перайшоў на бок ворага без унутранага маналогу з самім сабой. Напэўна, яго «пост» доўжыўся менш, чым 40 дзён, але яго хапіла, каб спакусіцца.

«Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам» (Мц 4:3). Уявім сабе: пачатак вайны, Чырвоная армія адступае, не заўсёды паспяваючы нават хаваць сваіх воінаў. Правіянту не хапае, самалётаў і танкаў няма, бо разбітыя фашыстамі. Васюра малады, яму жыць хочацца. І жыць не ў канцлагеры, і есці не толькі баланду. А немцы — сытыя, дагледжаныя, добра ўзброеныя, на файных роварах ды матацыклах … І ён, у адрозненне ад сваіх таварышаў, якія гатовы загінуць са зброяй у руках, у нейкі момант робіць выбар на карысць хлеба, а не воінскага абавязку. Дух у ім не застаўся, яго месца запоўніў інстынкт самазахавання.

Яраслаў Чапля, журналіст, выдавец

Аўтар: Ну так, а 360 мірных жыхароў, забітыя, як даказана ў судзе, ім асабіста ў Хатыні і яшчэ сямі беларускіх вёсках былі расходным матэрыялам для падсілкоўвання гэтага інстынкту. Урэшце ён застаўся жывы, адседзеў у савецкім лагеры толькі тры гады, бо пра яго ролю ў трагедыі Хатыні на той момант не было вядома. І тут варта ўспомніць другую спакусу, спакусу славай, пыхай, калі д’ябал прапануе Езусу: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: «Анёлам сваім загадае пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй» (Мц 4:6). Маўляў, Ты — не як усе, і гэта людзі ўбачаць і будуць Цябе шанаваць, як нікога не шанавалі. Для Васюры было мала таго, што застаўся жывы і што пра яго злачынствы ніхто не ведаў. Ён да 1985 года ўшаноўваўся як ветэран вайны, у школах і ваенным вучылішчы з імпэтам распавядаў пра свае нібыта подзвігі на фронце. Апагеем яго славалюбства стала патрабаванне аб узнагароджанні ордэнам Айчыннай вайны. Толькі тады выявіліся нестыкоўкі ў яго біяграфіі, што ўрэшце скончылася арыштам, судом і расстрэлам у 1987 годзе.

а. Юзаф Пятушка: Ну вось, пакаранне смерцю… Я знаёмы з аргументамі прыхільнікаў пакарання смерцю. Праціўнікі такога пакарання гавораць аб праве чалавека на жыццё, магчымых памылках судовай сістэмы, утрымліванні за кошт падаткаплацельшчыкаў забойцаў, якія працуюць катамі, аб тым, што пакаранне некага смерцю не стрымлівае іншых ад злачынства.

І гэта пазіцыя менавіта хрысціянская. Калі ўлады тлумачаць захаванне смяротнага пакарання негатоўнасцю грамадства ад яго адмовіцца, то я думаю пра тое, што адной з функцый дзяржавы з’яўляецца выхаваўчая. Дзяржава, дзейнічаючы разумна і цярпліва, з дапамогай філосафаў, сацыёлагаў, псіхолагаў можа змяніць грамадскую думку на гэты конт. Бо помста — а што такое пакаранне смерцю, калі не помста? — не ёсць прыкмета маральнага здароўя грамадства.

Аўтар: У кантэксце гэтай тэмы мне прыгадаліся мемуары Альберта Шпеера, гітлераўскага міністра ўзбраенняў і ваеннай вытворчасці. У турме ў яго было даволі часу для разважанняў аб сваёй дзейнасці і сваім пакаранні. Вось што ён напісаў: «Я ніколі не забуду адзін фотадакумент, які адлюстроўваў габрэйскую сям’ю, якая ішла на смерць: мужчына са сваёй жонкай і сваімі дзецьмі на шляху да смерці. Ён і сёння стаіць у мяне перад вачыма. У Нюрнбергу мяне прыгаварылі да дваццаці гадоў турмы. Пакаранне паклала канец майму грамадзянскаму існаванню. А той фотаздымак пазбавіў маё жыццё асновы. Ён стаўся больш даўгавечным, чым прыгавор».

Бачыце — прыгавор выдаліў чалавека з грамадства, ён стаў нікім, і гэта яго прыгнятае. Але асновы жыцця пазбавіў не прыгавор, а трагедыя толькі адной сям’і, сканцэнтраваная ў фотаздымку. А каб жа Шпеера павазілі па спаленых беларускіх вёсках, каб яму паказалі ірвы з тысячамі ахвяраў габрэйскіх гета…

Дарэчы, варта ўзгадаць, што ў самой Германіі яшчэ ў 1937 годзе былі закатаваны тысячы католікаў.

а. Юзаф Пятушка: Вы маеце на ўвазе падзеі, звязаныя з энцыклікай Святога Папы Пія ХІ «Mit brennender Sorge» — «З вялікай занепакоенасцю», у якой выкрываўся нацысцкі міф аб арыйскай расе і называліся сапраўдныя прычыны вайны нацыстаў з Касцёлам?

Гэтая энцыкліка, дарэчы, стала першай, апублікаванай Апостальскай Сталіцай не на лаціне. Нямецкая мова была выкарыстана знарок, бо дакумент прызначаўся ў першую чаргу для грамадзян Германіі. Варта ўзгадаць і пра няпросты шлях энцыклікі да вернікаў. Была ж распрацавана цэлая аперацыя: энцыкліку кантрабандай увезлі на тэрыторыю Трэцяга Рэйха; у друкарнях яе патаемна набралі і аддрукавалі, а потым сотні матацыклістаў развозілі яе па парафіях. Ніводзін экзэмпляр дакумента не павінен быў трапіць у рукі ўладаў, пакуль не будзе прачытаны з амбонаў касцёлаў у Вербную нядзелю 14 сакавіка 1937 года. Падумаць толькі: пры ажыццяўленні гэтага маштабнага сакрэтнага плану, у якім была задзейнічана вялізная колькасць людзей, ніхто з іх не збаяўся, не перадаў нацыстам нават аркушыка энцыклікі. Такая адданасць Касцёлу, такая самаахвярнасць нямецкіх католікаў заслугоўвае самай глыбокай павагі. Яны ведалі пра небяспеку, але выканалі свой хрысціянскі абавязак. Неўзабаве большасць з іх была арыштавана, многія прапалі ў вязніцах ды канцэнтрацыйных лагерах.

Аўтар: Адзінаццаць ваенных злачынцаў, прыгавораных Нюрнбергскім трыбуналам да смерці, былі павешаныя ў кастрычніку 1946 года. Не ведаю, ці хапіла ў іх часу на поўны і шчыры рахунак сумлення. Можа, каб усе яны сядзелі ў берлінскай турме Шпандау да скону сваіх дзён, то, магчыма, ім для пакаяння спатрэбілася б менавіта такое доўгае раскаянне…

Вы, айцец Юзаф, гаварылі пра магчымасць скіравання дзяржавай грамадскай думкі на адмоўнае стаўленне да смяротнага пакарання. Але з гісторыі нам вядомы факт, калі аргументацыя толькі аднаго чалавекапаўплывала на адмену пакарання смерцю ў многіх краінах Еўропы. Я маю на ўвазе італьянскага дзеяча эпохі Адраджэння Чэзарэ Бекарыя, які ў 1764 г. напісаў трактат «Аб злачынствах і пакараннях». Сярод іншага ў працы ёсць такая думка: «Пакаранне смерцю не абапіраецца ні на якое законнае права, таму што чалавек, уступаючы ў грамадства, не аддаваў яму права на сваё жыццё. Жыццё даруецца чалавеку не дзяржавай, а таму дзяржава не мае законнага права адбіраць яго».

а. Юзаф Пятушка: Я ўзгадваю думку Махатмы Гандзі: прынцып «вока за вока» зробіць увесь свет сляпым. Але ж Зямлю засяляюць відушчыя. Значыць, людзі ўмеюць прабачаць і даюць магчымасць злачынцам раскаяцца і пакаяцца. Таму я ўпэўнены, што і тыя дзяржавы, дзе пакуль не адменена смяротнае пакаранне, прыйдуць да разумення яго бессэнсоўнасці.

Яраслаў Чапля, журналіст, выдавец

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023