Могілкі — тое месца, дзе можна спасцігнуць і адчуць як слодыч жыцця, так і яго сум, зразумець што такое род, хто свае і чужыя… А помнікі, ці крыжы — знакі розных падзей, якія адбываліся на гэтай зямлі.
І не так важна — маленькія тыя могілкі — зялёная выспачка пасярод узаранага поля, ці вялізныя — гарадскія, з тысячамі помнікаў, сярод якіх ёсць шыкоўныя, з эпітафіямі, пералічэннем заслуг, так і сціплыя, зусім без прозвішчаў, дат, імёнаў…
Вавёрка
Я сяджу на вясковых могілках. Пад змрочнымі старымі елкамі. Мне няўтульна, самотна, халодна і абыякава.
Гляджу на крыжы і агароджы, на шэрыя крыжы… Я прыехаў і прыйшоў, каб прыбраць, каб пафарбаваць жалеза, якое грызе іржа, паправіць лаву… Але не магу пачаць працаваць, бо наваліліся ўспаміны, нават з месца скрануцца няма як… Не ведаю, колькі б я так сядзеў: нерухома, каменна, і думаў пра кепскае і цяжкае, каб не яна — жывая душа.
Рудая вавёрка праскочыла праз пруты агароджы, зірнула на мяне з утравелага капца і пабегла па царстве сініх крыжоў… І самота мяне адпусціла…
Пра песні
Крыжоў пяць. Адзін, самы меншы, стаіць. Астатнія роўненька ляжаць. Пад імі сям’я — маці і чатыры дачкі. Мае стрыечныя браты, хоць і старэйшыя за мяне, хоць і нарадзіліся тут, але не імёнаў, ні прозвішчаў пахаваных не ведаюць. Жанчына з дочкамі жыла пры самым лесе. Першай захварэла на сухоты малодшая дзяўчынка, ад яе набраліся хваробы і астатнія. Памерлі. Яшчэ доўга ў вёсцы расказвалі, што маці з дочкамі вельмі добра спявалі, лепш за ўсіх.
Калі мы прыбралі свае магілы, то упарадкавалі і гэтыя… Калі што, то гэты ўспамін пра вайну. Сям’і не стала адразу пасля перамогі.
Глядзіш на дубовы крыж падперазаны рушніком, на ўтравелы капец, на злінялыя штучныя кветкі і сэрца сціскаецца, бо пад гэтым крыжам…
Солтыс
Гісторыя, якую пачуў, калі разглядаў са стрыечнымі братамі партрэты на белых медальёнах.
У нашай маленькай вёсачцы быў свой солтыс — Кандрат Сцепаненка, па мянушцы «Круль». Яго дзяцей, нявестак і ўнукаў называлі Крулевымі…
Солтысам Кандрата прызначылі немцы. Усё ў вёсцы ішло па-малу, па-ціху да таго моманту, пакуль не праехаў па вуліцы паліцай. Спыніўся, пагаварыў з маёй цёткай пра надвор’е — суседзі ж.. Перакінуў нагу праз раму і паехаў да бацькоўскай хаты, дзе і наскочыў на партызана. Паліцая партызан застрэліў і кінуўся ў лес. Прыехалі карніка. Маю цётку схапілі, бо вырашылі, што яна наўмысна не папярэдзіла паліцая пра партызанаў. Білі доўга і моцна, прыкладамі і нагамі. Амаль непрытомную закінулі ў машыну і павезлі ў Буду, каб там павесіць, за сувязь з партызанамі.
Мой дзед пабег да Круля, які быў яму стрыечным братам, і пачаў прасіць дапамогі. Солтыс запрог каня і паехаў праз лес у Буду. Там пайшоў да бургамістра па прозвішчы Уласенка. Доўга яму тлумачыў, казаў, што атрымалася памылка, што жанчына невінаватая, што партызанаў яна сама баіцца. Цётку маю аддалі солтысу. Круль прывёз яе ў вёску, хоць і моцна пабітую, але жывую. На той час у цёткі было шасцёра малых дзяцей.
Партызана, які застрэліў паліцая, злавілі. Катавалі, выбілі вочы, адрэзалі вушы і нос.
Цяпер яны ляжаць на адных могілках: партызан, паліцай, Кандрат, які быў солтысам, мая цётка, дзед… Гляжу на белыя медальёны, на рушнікі, на крыжы, на помнічак з жалезнай зоркай (адзін такі на нашых могілках).
Калі быў малым, то за колькі дзён да Радаўніцы, хадзіў на могілкі з дзедам і бабай. Потым, да магілы дзеда з бацькамі. Потым з мамай да бацькавай магілы. Цяпер, калі маці зусім старая і слабая — выбіраюся туды са стрыечнымі братамі. Чысцім, зграбаем леташнюю траву і лісце, падсыпаем жоўтым пясочкам сцежкі і капцы, фарбуем крыжы і агароджы… І гаворым, размаўляем з тымі, хто ў зямлі і з тымі, хто прыехаў у гэтыя дні, як і мы — наведаць сваіх…
Золата
Цяпер я ведаю праўду. А вось мой бацька так і пайшоў з жыцця ўпэўнены, што ўсё было менавіта так, як яму расказаў яго бацька — мой дзед.
«…Сярод ночы ў трыццаць трэцім годзе забрахаў сабака, пагрукалі ў шыбку, матка прахапілася, думала, можа, хто з сыноў вярнуўся, і паляцела з печы. Пабілася дужа: і галаву, і плячо, і рэбры, відаць, зламала… Злегла, а праз колькі дзён і памерла… Я яе нават і не памятаю — малы яшчэ зусім быў… Мне тры, а твайму дзядзьку і года тады не было…» — гучыць, чуецца нетаропкі, амаль не ўсхваляваны бацькаў голас.
Як было насамрэч, расказала дзедава дачка — дзевяностагадовая цётка Адарка. Зразумела, у такім узросце памыліцца і пераблытаць няцяжка, але старыя звычайна блытаюць і забываюцца на дзень сённяшні-ўчарашні, а вось тое, што было семдзесят гадоў таму — памятаюць дакладна.
«…Увесну, пад вечар, прыйшлі да нашага двара трое мужчынаў. Старшыня, міліцыянер і незнаёмы, апрануты па-гарадскому. Бацька згледзеў і паспеў схавацца на агародзе, залез у стог, за хатай. Гэтыя, што прыйшлі, загадалі, каб мама аддала ім золата, якое, як яны казалі, у бацькі ёсць. Пачалі шукаць, а калі не знайшлі, пачалі маму біць, каб сама паказала, дзе схованка. Білі доўга: і нагамі, і рукамі, і палкай, і наганам жалезным. Бацька хаваўся, чуў, як крыкам крычыць жонка, плачам заходзяцца дзеці…
Тата загадаў, папрасіў мяне — сваю адзіную дачку — нікому пра тое, што было, не казаць, бо калі яго забяруць — уся сям’я прападзе…»
Яна паслухмяна маўчала аж семдзесят гадоў. А калі б памерла, то і знесла б з сабой таямніцу смерці маёй роднай па крыві бабулі.
Пад крыжом бабулі чырвонае яйка, колькі цукерак і чарачка поўная дажджу.
Шчасце
Мала я ведаю пра сапраўднае шчасце, але ведаю.
Яго звалі Якаў, а яе Еўга. Казалі, што ён крышку старэйшы, можа, на якіх пару гадоў. Але і дзед Якаў і баба Еўга былі сівыя, дробныя, за восемдзесят, а мне гадоў дзесяць. У іх сабака Букет, але на мяне ён не брахаў і не кідаўся. У іх маліна за хатай. І дзед Якаў і яго Еўга заўсёды самі казалі, каб я пайшоў ды нашчыкаў тых малін, і місачку прапаноўвалі.
Еўга захварэла і хутка памерла. Яе памылі, прыбралі, у труну паклалі. Дзед Якаў усё кулакамі вочы цёр, а слёзы не цяклі. Сядзеў ён і на сваю Еўгу глядзеў. А потым папрасіў сыноў Пятра з Сашкам, каб хлопцы не спяшаліся… Ні сыны, ні нявесткі не зразумелі, падумалі, што стары загаворваецца… А дзед Якаў прылёг ноччу трохі адпачыць, і больш не прачнуўся.
У той жа дзень ямку на могілках большую выкапалі, труну зрабілі, крыж яшчэ адзін. А на пахаванні, і потым усе толькі і гаварылі, што вось яно — шчасце. Жылі добра і доўга і памерлі, лічы, у адзін дзень.
А Букета з ланцуга спусцілі. А маліны яшчэ не паспелі.
Вузел
Мае стрыечныя браты парадкуюць могілы. Мікола завязвае на бацькаў крыж новы доўгі рушнік.
— Не так, брат! — кажа яму Пятро.
— А як?
— Як-як… Вяжы вузел, як на піянерскім гальштуку!
— Так бы і сказаў, прасці Госпадзі.— Мікола завязаў і перахрысціўся.
Могілкі — адзінае, што засталося ад нашай вёскі. Здаецца, што яны амаль не змяніліся. Тыя ж цёмныя старыя елкі, тыя ж бярозы ды сосны… Можа толькі жалезных, пафарбаваных у нябесны колер, крыжоў дадалося. А старых — дубовых, паменела. Некаторыя ляжаць, адзін пры адным, на пагорках, як і стаялі.
Уладзімір Сцяпан, мастак, літаратар
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…