TOP

Як будаваць без падмурку адзінства. Чаму ўлада і людзі не знаходзяць паразумення

Ідэалагічная бездань паміж дзяржавай і грамадствам імкліва пашыраецца. Апошнім прыкладам — надзвычайнае здарэнне на адной са святынь, якая замест таго, каб аб’яднаць, яшчэ больш развяла беларусаў. Дакладней, уладу і частку народу.

Паміж «чортам» і «неверагоднымі»

Ранкам 11 мая загарэўся дах нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе. У выніку пажару верхняя канструкцыя абрынулася на скляпенні. Па гэтым факце Следчы камітэт пачаў крымінальную справу «Парушэнні правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне» (ч. 2 арт. 304 КК). Максімальнае пакаранне — 3 гады калоніі.

Пакуль спецыялісты чысцяць і абследуюць будынак на трываласць, вернікі і неабыякавыя людзі скідваюцца грашыма на аднаўленне. Акрамя таго, запушчана кампанія беларускай супольнасцю ў Польшчы — ініцыятары паставілі за мэту пералічыць як мінімум 10 тысяч долараў. Каталіцкія іерархі разлічваюць, што не застануцца ў баку іншыя беларусы замежжа і, натуральна, Ватыкан.

Усё часцей чуюцца галасы, што рэальна абысціся без «падачак» дзяржавы, якая ў поўны гоас адрэагавала на трагедыю толькі праз тры дні. І тое ў манеры, ад якой шчырым вернікам стала не па сабе ад празмернай «чортавай лексікі».

«Не трэба спяшацца, — заявіў кірашнік краіны паміж шэрагамі фермерскага рынку. — Спецыялісты хай вызначацца, абследуюць. Без дзяржавы яны ўсё роўна ні чорта не зробяць, гэтыя „неверагодныя». Зноў кажуць, што „грошы збяром». Ветэранам ужо сабралі, у двукоссі. Ні чорта не збяруць. Проста людзям абвесцяць, хапнуць і падзеляць у Польшчы. Таму калі нехта хоча дапамагчы, няхай адкрыюць рахунак і туды перадаюць, а не ў Польшчу. Ды там асабліва і не трэба. Не думаю, што шалёны аб’ём. Дах адновім, унутры прывядзем у парадак. Спецыялісты зробяць выснову, тады падумаем, што і як».

Пасьля нават з’явіліся дапушчэнні, што гэта «праваслаўныя атэісты» падпалілі храм, каб яшчэ больш падняць градус канфлікту на фоне кампаніі пераследу актывістаў польскай грамады. Балазе, канспіралагічныя жарсці не знайшлі пацверджання, хоць нападзенне на курыю Мінска-магілёўскай епархіі пасля таго, як епіскап Юрый Касабуцкі выступіў у падтрымку парталу TUT.BY, пакідае пытанні.

Чаму прыклад Будслава паказальны для цяперашняй сітуацыі? Тут месціцца самы вялікі касцёл на тэрыторыі дзяржавы, помнік архітэктуры позняга барока. Храм мае статус нацыянальнага санктуарыя, то бок асаблівага святога месца. У ім вось ужо больш за 400 гадоў захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай, якую Папа Рымскі Ян Павел ІІ абвясціў патронкай Беларусі. Штогод 2 ліпеня праходзіць «Будслаўскі фэст», які ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Гэта самая масавая рэлігійная дзея ў краіне, якая збірае дзясяткі тысяч людзей.

Па ўсіх прыкметах — культавае месца, незалежна ад сацыяльнай прыналежнасці. А значыць, дапамагчы яго найхутчэйшаму аднаўленню — маральны абавязак кожнага нармальнага чалавека.

Унёсак нераўнадушных і дыктат дзяржавы

І хоць каталіцкая супольнасць актыўна збірае грошы, аператыўная дапамога з казны не зашкодзіла б. Нават Нотр Дам (Сабор Парыжскай Божай Маці ў Парыжы), у які пасля знішчальнага пажару ахвяравалі многія мільярдэры, так да канца і не акрыяў, хоць укладаньні непараўнальныя. Але пакуль спадзяванні дзяржаўных інвестыцый збольшага тэарэтычныя, «штаб» аднаўлення збіраецца звярнуцца з просьбай, каб прынамсі вызвалілі ад падатку на даданую вартасць. Згодна з законам, помнікі архітэктуры вызваляюцца ад ПДВ пры рэстаўрацыі і на матэрыялы.

«Без дзяржавы на падобных аб’ектах не абысціся, — прагназуе непазбежнае замірэнне старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Бо менавіта дзяржава рэгулюе дзейнасць на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Затым праектныя працы: нават калі праект выконваецца прыватным прадпрыемствам, усё роўна дазвольная дакументацыя выдаецца дзяржаўнымі органамі. Натуральна, грамадства можа паўдзельнічаць у зборы сродкаў, у валанцёрскіх працах на ўзроўні «падай-прынясі». Астатняе — ужо справа прафесіяналаў».

На перакананне Антона Астаповіча, канфрантацыя — зусім не лепшы саюзнік, калі гаворка пра аб’ект узроўню Будслаўскага касцёлу. Не той выпадак, каб мерацца ўзроўнем амбіцый, кажа ён. Хоць і прызнае, што ў дадзенай сітуацыі зрабіць першы крок складана кожнаму з бакоў.

«Што тычыцца прыроды канфлікту, то гэта непазбежная сітуацыя, калі справа тычыцца аднаўлення помнікаў гісторыі, — працягвае ён. — У нас літаральна кожны грамадзянін лічыць сябе спецыялістам у галіне рэстаўрацыі. А гэта сфера для прафесіяналаў. У нашым таварыстве мы многія пытаньні наўпрост вырашаем праз тыя ж дзяржструктуры, ды і шмат у чым нас падтрымліваюць пракурорскія органы. Так што калі ёсць жаданне, пункты судакранання заўсёды знайсьці рэальна. Трэба толькі шукаць гэтыя шляхі, а не з парога пачынаць высвятляць адносіны».

Гістарычны баласт і спроба паразумецца

На іншым краі Беларусі за высакародную місію аднаўлення руіны ўзяўся літаратар Андрусь Горват. Паўгода таму зрабіў сабе калядны падарунак, якім трызніў апошнія паўтара дзясятка гадоў — заснавальнікі юрыдычнай асобы купілі на траіх стары палац у Нароўлі. Дакладней, тое, што ад яго засталося: муры з пустымі праёмамі вокнаў, парэшткі фантана з басейнам, невыразныя сьляды пейзажнага парку. Не так і шмат на інвеставаныя 50 тысяч рублёў.

Андрусь Горват, фота «Радыё Свабода»

Двухпавярховы будынак на беразе Прыпяці, вытрыманы ў стылі класіцызму, заклаў у 1850 годзе ўладальнік навакольных земляў Даніла Горват (цяперашні герб горада — спрошчаная версія герба ўсяго роду). Зрэшты, нараўлянская дынастыя спынілася ўжо на трэцім пакаленні. Пасля драматычных падзей 1917-га «эксплуататараў працоўнага люду» пагналі з «бальшавіцкага раю», і яны выехалі ў Польшчу.

Сам Андрусь у тэму фамільнай повязі з еўрапейскім родам заглыбляецца неахвотна. Хоць уласны радавод вывучыў «да 14-га калена», кажа, што яно не мае ніякага значэння — маўляў, ніколі не ставіў за мэту набыць «элітную нерухомасць», апелюючы да генеалагічнага дрэва. Так, гэта было прычынай, чаму сюды першы раз прыехаў 15 гадоў таму, але зачараваў сам дом-прывід.

Цяпер ён тут і прараб, і будаўнік, і чорнарабочы, і адказны за справаздачнасць. На этапе расчысткі завалаў самастойна перацягаў тоны друзу, але вечна так працягвацца не можа. Адпаведна, вымушаны звяртацца па дапамогу да валанцёраў і ўсё тых жа неабыякавых людзей, якім баліць за стан гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ўласнай публічнасці і папулярнасці, людзі і грошы ў Нароўлю падцягваюцца адмыслова пад Горвата — хай не лавінападобна, але тым не меней.

Несумненнай палёгкай было б, каб вартыя жалю руіны выставілі на аўкцыён не за 50 тысяч рублёў (дзеля справядлівасці, ніхто з патэнцыйных пакупнікоў на такую прапанову і не паквапіўся), а за базавую велічыню. Зэканомленых грошай якраз хапіла б на новае перакрыццё даху. Аднак у дадзеным выпадку дзяржаўных прадаўцоў — Нараўлянскі райвыканкам — абараняе Антон Астаповіч.

«Не выканкам вызначае кошт, — тлумачыць старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. — Ацэнка помніка праводзіцца спецыялістамі «Белрэстаўрацыі» на падставе зацверджанага палажэння і ўзгадняецца навукова-метадычнай радай. І палажэнне ніхто парушаць не будзе, бо гэта нарматыўна-прававы акт».

Андрусь Горват на адсутнасць паразумення з уладамі не наракае. Хоць матэрыяльнай дапамогі і не прапануюць (як ні круці, задаволеныя, што скінулі баласт з рахункаў), але прынамсі спрыяюць у тэарэтычнай плоскасці.

«У нас спачатку былі праблемы, куды ахвяраваць сродкі, не было адзінай платформы. На сваю картку — несур’ёзна, да таго ж, паўстаюць праблемы са справаздачнасцю. Таму нарэшце адкрылі адмысловы рахунак для Нараўлянскага палацу. Ну і мясцовыя ўлады даволі прыязна ставяцца, па меры магчымасці спрыяюць. Калі нейкія правалочкі з дакумэнтацыяй, дапамагаюць хутчэй разруліць. Канечне, крыху з засцярогай ставяцца асабіста да мяне, да валанцёраў. Але, мабыць, таксама разумеюць: гэта агульная адказнасць, трэба аб’ядноўваць сілы і намаганні, каб захаваць нашу спадчыну. У Нароўлі больш няма падобных будынкаў, ды ўвогуле ў рэгіёне такіх помнікаў вельмі мала», — канстатуе Андрусь Горват.

Апошнія 10 гадоў у Беларусі дзейнічае дзяржаўная праграма, закліканая вярнуць з нябыту дзясяткі помнікаў гісторыі і культуры. Яе рэалізацыя прабуксоўвае з-за адсутнасці фінансавання і часта неадпаведнай кваліфікацыі падрадных арганізацый, якія з аднолькавай лёгкасцю бяруцца за будаўніцтва кароўніка і рэканструкцыю замка. Да таго ж, няма трыдыцыі абмеркавання праекту аднаўлення з жыхарамі рэгіёну, якім не ўсё роўна, як плануецца выкарыстоўваць тую ці іншую памятку даўніны. І пакуль няма саюзу ўлады і народу, зрушыць працэс з месца будзе складана.

Игорь Карней, журналист

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.