6 чэрвеня споўнілася 180 гадоў пісьменніцы, якую мы па-беларуску называем Эліза Ажэшка, палякі – Eliza Orzerzkowa, а Францішак Багушэвіч у сваім вершы ў яе гонар назваў «Яснавяльможнай пані Арэшчыхай». Славутай літаратарцы, якая не толькі праславіла герояў паўстання 1863 года, але заадно расказала нам з вамі пра «неверагодных» сучасных нас.
Апавядаць пра Элізу Ажэшку (1841-1910) можна бясконца. Фантастычная пісьменніцкая працаздольнасць. Тры дзясяткі раманаў, шмат аповесцяў і апавяданняў, разам калі пяцідзесяці тамоў, дзесяць з якіх – бліскучае ліставанне, якое нічым не саступіць мастацкай прозе. Гучная і заслужаная літаратурная слава. Творы чакаліся, раскупаліся, чыталіся і перакладаліся на дзясяткі моваў. Пісьменніцу двойчы намінавалі на Нобелеўскую прэмію – і яе кандыдатура зусім не губляецца на фоне Генрыка Сянкевіча і Сёльмы Лагерлёф, якія тую ўзнагароду ўрэшце атрымалі.
І, мабыць, нашмат важнейшае – чалавечнасць. Абвостранае пачуццё справядлівасці і нязменнае жаданне бараніць кожнага і дапамагаць кожнаму, хто гэтай абароны і дапамогі патрабуе. Вядома ж, хавала ад пераследу паўстанцаў. Шмат разоў уратоўвала ад арышту аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута і дапамагла яму ўцячы (як і іншаму кіраўніку, Яну Ваньковічу).
Яшчэ адзін характэрны прыклад – спачатку халаднавата, з лёгкай дыстанцыяй ставілася да Гародні, але рэзка памяняла гэтае стаўленне пасля гарадскога пажару. Пабачыўшы горад з перспектывы небяспекі, палюбіла яго, пражыла ў ім некалькі дзесяцігоддзяў да самай смерці і шмат што зрабіла для яго. І гарадзенцы з любоўю і пашанай ставіліся да сваёй знакамітай зямлячкі. Мясцовая легенда апавядае: калі Ажэшка цяжка захварэла, жыхары заслалі брукаванку каля яе дома сенам, каб вазы сваім шумам не перашкаджалі слыннай гарадзенцы.
Захопленая натуралістка, вандроўніца і даследчыца роднай флоры. 228 апісаных і названых ёй па-беларуску раслінаў – гэтых назваў болей, чым змяшчае слоўнік Насовіча. А беларускія песні і загадкі яна проста жыўцом уключала ў свае польскамоўныя творы. Вось толькі адзін прыклад з апавядання «Зімовым вечарам», якое перакладаў Вацлаў Ластоўскі, а потым і Янка Брыль:
Еду, еду –
Ні дарогі, ні следу,
Каня бічом паганяю,
На смерць паглядаю.
Паспрабуйце адгадаць. Калі цяжкавата, перачытайце апавяданне, задавальненне гарантаванае.
Наогул інтэлектуалка, што ў свой час з вялікай карысцю «праглынула» бацькаву бібліятэку, якая складалася з твораў пісьменнікаў-філосафаў Асветніцтва. Адсюль талерантнасць і падазронае стаўленне да ўсякай нецярпімасці і дыскрымінацыі. Сёння, мабыць, была б названая мультыкультуралісткай і феміністкай. У сваіх шырокіх поглядах апярэджвала час і далёка выходзіла за стэрэатыпныя рамкі паводзін кансерватыўнага асяроддзя. Так, сама ініцыявала развод з мужам. Шмат гадоў пражыла па-за шлюбам і выйшла замуж толькі пасля смерці жонкі свайго партнёра. А на схіле гадоў не саромелася жарснага тону ў ліставанні з на пару дзесяцігоддзяў маладзейшым карэспандэнтам.
Жыхарка шматкультурнага памежжа, уважлівая да галасоў культур-суседак. Чаго вартая габрэйская тэма ў творчасці пісьменніцы. (Згадайма хаця б раман «Мэір Эзафовіч», што быў перакладзены на тузін моваў і спрычыніўся да міжнароднай славы пісьменніцы.)
Зразумела, Ажэшка не магла прайсці і паўз беларускую тэму, не заглыбіўшыся ў яе – як у кантэксце блізкай культуры, якую можна вывучаць і папулярызаваць, а заадно і натхяцца ёй (досыць згадаць пра падтрымку беларускамоўнай творчасці Багушэвіча), так і ў святле сацыяльнай няроўнасці, дзе аўтарка гатовая быць на баку слабейшага і пакрыўджанага, чытай: на баку беларускага сялянства. Вынік – аповесці «Нізіны», «Дзюрдзі», «Хам», шматлікія апавяданні. Дарэчы, спачуванне прыгнечанаму не замінае бачыць яго негатыўных бакоў – неадукаванасці, забабоннасці і г.д. Як на мае чытацкія адчуванні, ідэалізацыя беларускага селяніна ідзе хутчэй ад літаратуры (сентыменталізм з Русо, рамантызм з Гюго і Жорж Санд, «кепскі» горад, несапсаваная сучаснай цывілізацыяй вёска і ўсё такое), а вось цвярозы погляд, амбівалентнае стаўленне – ад уласнага досведу і жыццёвых назіранняў, але пра гэта яшчэ будзе нагода сказаць.
Карацей, пісьменніца настолькі ўвайшла ў тэму, што стала неад’емнай часткай не толькі польскай, але і беларускай культуры. Прывяду характэрную цытату з рускай вікіпедыі: «В Польше считается выдающейся польской писательницей, в Белоруссии – белорусской». На маю сціплую думку, Элізы Ажэшкі (як і Адама Міцкевіча) хопіць на ўсіх – было б жаданне вывучаць, перакладаць і папулярызаваць яе творчасць! Чым, дарэчы, плённа займаецца ўжо не адно пакаленне беларускіх перакладчыкаў і даследчыкаў. Мне ж сёння хочацца звярнуць увагу на адзін матыў у творчасці літаратаркі, які робіць яе асабліва актуальнай для Беларусі і беларускага грамадства ўзору 2020-2021 гадоў.
Апошняй Ажэшкавай кнігай стаў зборнік апавяданняў «Gloria victis» («Слава пераможаным»), што выйшаў у год смерці аўтаркі, у 1910. Кніга палемічна перайначвае вядомы лацінскі афарызм «Vae victis!» («Гора пераможаным!»), услаўляе подзвіг і памяць паўстанцаў 1863 года, адлюстроўвае эвалюцыю, так бы мовіць, культурнага супраціву ў творчасці літаратаркі: ад эзопавай мовы, намёкаў і недагаворанасці ў рамане «Над Нёманам», праз «пісанне ў стол» (так стваралася загалоўная навэла) да грамадзянскага пафасу, выказанага ў друку адкрытым тэкстам. У выніку кніга выбухнула, як бомба, прыцягнула пільную ўвагу царскай цэнзуры, якая адпомсціла аўтарцы пасмяротна: у 1911 кніга была забаронена, а нераспрададзены наклад было загадана канфіскаваць. Але лёгка сказаць «канфіскаваць». Трохтысячны наклад разышоўся імгненна, і канфіскоўваць проста не было чаго.
У зборніку пяць навэлаў. Чатыры з пяці «правільныя». Вельмі сур’ёзныя паводле тону. З захапленнем самаахвярнасцю герояў. З адназначным падзелам свету на чорнае і белае (не раўнуючы беларуская карціна з лета 20-га да сёння). З праведным гневам, радаснымі чаканнямі, светлымі надзеямі, іх крушэннем ды слязамі на вачах. Пятая ж – «Бог ведае хто» – выглядае на пэўны збой у гэтай сістэме. Бо гэта гумарэска. Так, гэта не памылка – Ажэшка сапраўды напісала пра паўстанне 1863 г. гумарыстычнае апавяданне. Аўтарка на пачатку нават шукае слоў апраўдання: «Як гэта, дзівішся ты, пасярод такой трагедыі – смех?» І далей: «Усё бывае, і бывае адразу, у адзін момант – у адным людскім сэрцы» (пераклад Анатоля Бутэвіча).
Але выбачацца тут дарэмна, бо ў выніку атрымаўся ці не самы цікавы твор у кнізе – калі не найлепшы, то адназначна найсучаснейшы па светабачанні і інтанацыі. Твор, які – без высокіх пафасных слоў – больш за іншыя кажа пра тагачасную салідарнасць і больш за іншыя перагукаецца з сённяшнім адчуваннем таго, як фармуецца наша грамадзянская супольнасць.
Гераіні навелы, маладыя жанчыны і дзяўчаты, рыхтуюць вайсковую амуніцыю для паўстанцаў. Дакладней – шыюць для іх канфедэраткі. (Нічога не нагадвае?) Вось толькі бракуе аўчынкі на ўсе 100 запланаваных штук. А ў дом, дзе яны занятыя гэтай працай, якраз прыязджае, сярод іншых гасцей, нейкі спадар Буракевіч. (Імя, дарэчы, вымоўнае: у спадара вельмі чырвоны твар, на якім кантрастава глядзяцца валошкавыя вочы. Даследчыца Святлана Воцінава заўважае ў сваёй лекцыі, што кожны выпадак блакітных вочэй – выразны сігнал: пісьменніца ставіцца да такога героя пазітыўна.) Але гераіні Ажэшкі пра гэта яшчэ не ведаюць: прыязджы спадар ім пакуль абсалютна незнаёмы, яны не давяраюць яму як чужому. Усё, што яны ведаюць, – ён прыехаў у авечым футры, якое вісіць проста ў іх на вачах. А аўчынкі на канфедэраткі не хапае. А футра вісіць і дражніць магчымасцю скарыстацца кепскім сродкам для дасягнення добрай мэты. Груба кажучы – парэзаць чужое футра, каб хапіла на ўсе 100 штук. Урэшце такі адрэзалі ад футра адно крысо. І апраўданне гатовае, бо робяць жа не для саміх сябе, а «для грамадскага шчасця». Гэтае «грамадскае шчасце» праходзіць праз усё апавяданне рэфрэнам – і то паварочваецца да чытача сваім камічным бокам, то праз іронію прабіваецца цалкам сур’ёзны і важны змест.
Асабліва калі жанчыны прыходзяць прасіць прабачэння ў госця, а той разумее, дзеля чаго яны так зрабілі. А заадно – што аўчынкі ўсё адно на ўсе канфедэраткі не хапіла. І ўвесь ягоны гнеў за адну секунду выпараецца. Змяняецца расчуленасцю. І ён сам бярэ і адразае другое крысо, бо ж «для грамадскага шчасця». Так «чужы» імгненна ператвараецца ў «свайго», а выпадковае, на першы погляд, таварыства – у суполку аднадумцаў і хаўруснікаў, гатовых падтрымаць адно аднаго.
Ужо згаданая С.Воцінава інтэрпрэтуе назву апавядання – «Бог ведае хто» – як: Бог ведае хто толькі ні далучыўся да агульнай справы змагання. Мовай сённяшніх мемаў: «мы не знали друг друга до этого лета». Або мовай апавядання: «Пасля таго дня і ўсёй той вясны пачалося для нас такое грамадскае шчасце, што ажно – ха!»
Андрэй Хадановіч
8 чэрвеня ў межах цыклу анлайн-сустрэчаў «Санаторый пад клепсідрай» на старонцы Польскага інстытута ў Менску адбудзецца размова «Эліза Ажэшка: праўда і міфы». Пачатак а 18.00.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…