TOP

Паланэз над Басфорам

Ашмяны — невялікі горад, дзе (як гэта бывае звычайна) усе ведаюць адзін аднаго, таму з дапамогай ютуба ўбачыць у далёкай Турэччыне адразу двух сваіх землякоў — амаль цуда. Таленавітая Таццяна Грыневіч-Матафонава і не менш таленавіты Сяргей Башлыкевіч разам спявалі знакамітыя «Тры чарапахі».

Пра тое, што племяннік маёй жонкі збіраецца ў тыя мясціны, я ведаў, а вось яго дуэт з Таццянай стаў поўнай нечаканасцю і прычынай першага пытання да вядомай зямлячкі.

— Сёння яшчэ раз пераканаўся: ты ўмееш не толькі спяваць, але і здзіўляць… Што гэта? Палітычная эміграцыя?

—Як нi дзiўна для мяне таксама стала нечаканасцю тое, што жыццё закiнула ў Стамбул. З адной дыктатуры ў другую. Увогуле апошнiя мае гады складалiся з цудаў. Вiдаць, наглядзелася фiльма «Сакрэт», якi змянiў мае думкi. Нягледзячы на складанасцi i цяжкасцi жыццё напоўнiлася пазiтывам.

Не так даўно мы з мамай ездзiлi на турэцкiя курорты Анталii, i тады я пачала цiкавiцца турэцкай мовай i культурай, а два гады таму Бог паслаў мне ў фэйсбуку чалавека (больш распаўсюджана: бой-фрэнда — заўвага аўтара) з амаль беларускiм iмем Сабры. Ён аказаўся вельмi блiзкiм па духу i праз мяне зацiкавiўся ўсім беларускім. Калi прыязджаў у Беларусь, мы многа вандравалi: вяселле-фэст у вёсцы Стойлы Пружанскага раёна, Мiр, возера Свiцязь, Наваградак, Iў’е, Гальшаны, Баруны, Крэва, Залессе, Ашмяны, беларуская Вiльня, мясцiны, звязаныя з Мiцкевiчам, Агiнскiм, Калiноўскiм.

Мустафа Сабры і Тацяна каля музэю Адама Міцкевіча

У жнiўнi-вераснi Сабры сачыў за падзеямi ў Беларусi праз тэлеграм-канал TUT.BY. Як пачалi затрымлiваць першых музыкаў, даваць iм соднi, паклiкаў мяне ў Стамбул. Я думала, што проста адпачну месяц-другi i вярнуся, каб працягваць спеўна-танцавальныя дваравыя сустрэчы. Нават быў куплены зваротны квiток, але сiтуацыя ў Беларусi выглядала неспакойнай i мама папрасiла мяне заставацца там. Калi кавiд забраў ейнае жыццё, нават i на развiтанне не атрымалася прыехаць…

Вельмi чакаю, што можна будзе ўрэшце вярнуцца, прыйсцi да мамы на магiлку…

— Не перабольшаная небяспека нейкіх рэпрэсій, бо музыкаў наўрад ці можна назваць «лялькаводамі» або драйверамі пратэсту?

— Хацелася, каб гэта было перабольшваннем, але такая нашая рэальнасць складаная…. Да апошнiх падзеяў з TUT.BY, з Вiтольдам Ашуркам, з самалётам i Раманам Пратасевiчам мой турэцкі сябра Сабры да канца не верыў, што так можа быць. Ён лiчыў, што небяспекi для музыкаў няма, бо гэта толькi песнi i танцы. Навошта саджаць? Але зараз згадзiўся: Беларусь — «1984» Аруэла. Калi не горш…

Праблема выбару абмяркоўваецца заўсёды. Адны выступаюць за «ірваць кіпцюры з цяперашняй Беларусі», іншыя — супраць. Маўляў, улада толькі таго і дамагаецца, а калі ўсе з’едуць, у Беларусі застануцца толькі БРСМ і «Белая Русь». А тваё меркаванне?

— «Трэба заставацца i змагацца» — гаворыць розум, «За кратамi ты не выжывеш» — гаворыць цела. Быў такi ўкраiнскi спявак, Васiль Слiпак. Ён спяваў у французскай оперы, а калi пачалася вайна ў Данбасе, прыехаў дадому ваяваць i загiнуў. Тады было шмат абмеркаванняў i спрэчак, як яно лепей — працягваць спяваць, услаўляць Украiну цi загiнуць i стаць героем, прыкладам любовi да радзiмы? Усе варыянты маюць права быць. Галоўнае тут — выбар самога чалавека, яго наканаванне, лёс.

Як быў выбар і ў Вiтольда Ашурка. Ён мог выехаць за мяжу, але выбраў краты, а за iмi прыйшла i смерць. На мой погляд, таксама павiнны заставацца тыя, хто будзе жыць i памятаць, працягваць справу загiнулых герояў. А нашыя героi ўжо ў нябеснай Беларусi, больш не зазнаюць зямных фiзiчных пакутаў i будуць малiцца за нас, тых хто застаўся тут змагацца з несправядлiвасцю.

Гэта вельмi цяжка. I насам рэч мала рознiцы: застаўся ты цi з’ехаў, бо ў нас агульны боль. Адзiн на ўсiх і змаганне адно на ўсiх. Зброя мая — гiтара, скрыпка, а цяпер яшчэ i фартэпiяна. Калi б не прапанова Сабры прыехаць у Стамбул, то была б зараз у Беларусі. Спявала б беларускiя песнi там.

На жаль, даволі часта палітэмігранты, якія па розных прычынах з’ехалі за мяжу, «забываюцца» пра вяртанне. У некаторых гэта «непамятлівасць» доўжыцца дзесяцігоддзямі …

А як плануеш ты? Што адбудзецца, калі змена ўлады ў Беларусі здарыцца не хутка? Будзеш чакаць?

— Нiхто не ведае, што будзе заўтра, куды жыццёвая сцяжынка завядзе, але ў Беларусь вельмi хацелася б вярнуцца. Чакаць нельга, бо жыццё кароткае, буду дзейнiчаць, буду працаваць дзеля беларускае мовы i культуры, дзе б нi знаходзiлася.

Не толькі ябацькам, але і многім іншым цяжка паверыць у тое, што дваровая актыўнасць трымалася выключна на валанцёрстве. Асабліва выступы з канцэртамі, лекцыямі і г.д.? Плацілі?

— Уся мая грамадская дзейнасць ад пачатку 2000-х гадоў была найчасцей за «дзякуй». Iдучы на плошчу i ў двары, у мяне не было думкi пра грошы, хаця фiнансавая сiтуацыя сям’і не з лепшых. Я выхоўваю сына адна, чатыры гады таму фiлармонiя не падоўжыла са мной кантракт. Пастаяннай працы не стала, толькi выступы. Дзякуй Богу i тым людзям, якiя часам у мой футарал ад скрыпкi кiдалi грошы…

Бывала нават так: не ведала, за што дабрацца да плошчы цi да таго ж двара… Для мяне беларуская асветнiцкая iдэя заўжды была вышэй за грошы. Сведкам таму сыночак, якi пабачыў, што мама палову зарплаты аддае на друк дыскаў для школаў, у дзяцінстве казаў: «Навошта дыскi? Ты лепей каўбасы купi». Так i тут, працавала я за «дзякуй».

Ведаю, ты аддаеш перавагу беларускай мове. У першую чаргу ў творчасці. Як да гэтага ставяцца простыя людзі, тыя, хто не ангажаваны нейкай апазіцыйнай дзейнасцю?

— Я не аддаю перавагу, я заўжды размаўляю на роднай мове, нават Сабры ўжо тое-сёе гаворыць па-беларуску, але для большага паразумення часам пераходжу на турэцкую. На плошчы i ў дварах мая задача была данесцi беларускую мову i культуру людзям. Песню «Муры» на той час усе ведалi па расейску. Мы раздалi беларускiя спеўнiкi, у кароткi час перавучылi словы, i песня загучала па-беларуску. Разам спявалiся iншыя беларускiя песнi, таньчылiся беларускiя народныя танцы i людзям гэта вельмi падабалася. Дагэтуль захопленая моладзь дзелiцца сваiмi ўражаннямi таго часу. Нядаўна атрымала такi лiст:»Дзяўчына распавяла, як восенню хадзiла да Чырвонага касцёла паслухаць скрыпачку i патаньчыць, i што так сумуе па тых вечарах. Але што самае прыемнае — яна ж зусiм не з беларускамоўнай тусоўкi, а такiм чынам адчула цiкавасць да свайго». Гэта радуе. Можна сказаць, што зробленая праца прынесла плён.

У Стамбуле ты ўсяляк спрабуеш прыцягнуць увагу да беларуска-літвінскіх складнікаў гісторыі старжытнага горада. Гэта цікава толькі нашым суайчыннікам ці яшчэ каму-небудь?

—Добра пададзеная iнфармацыя будзе цiкава ўсiм, таму зараз застаецца пытанне, як найлепш паднесцi гэту гісторыю. А насам рэч проста ўвесь час i паўсюль трэба распавядаць пра беларускiя старонкi ў Стамбуле, бо яны самi па сабе цiкавыя. Гэта i апошнiя днi жыцця Адама Міцкевiча, i жыццё паўстанцаў у польска-беларускай вёсцы Паланэзкёй, i жыццё Міхала Клеафаса Агiнскага ў Стамбуле, авантуры Саламеi Русецкай-Пiльштынавай надзвычай цiкавыя… Мы з Сабры разам чыталi i не маглi адарвацца ад чытва, пасля чаго ён сказаў, што варта гэтыя авантуры перакласцi на турэцкую мову.

Традыцыйнае пытанне — чым займаешся зараз?

— За 20 гадоў было перароблена мора працы на беларускай нiве, але ўсё прайшло i такое ўражанне, што высілкі тыя нiхто не заўважыў. Зараз я шкадую, што раней не мела тэхнiкi i належных ведаў, як працаваць з вiдэа i выкладаць яго для шырокага прагляду. Кожная нашая лiтаратурна музычная сустрэча з Мiхасём Скоблам, Антанiнай Хатэнка, Анатолем Вярцiнскiм, Сяргеем Чыгрыном — адметная. Іх былi сотнi, шкада, што яны засталiся толькi ў памяцi нашай i ў гiсторыi, а не на ютубе, напрыклад. Таму зараз я актыўна асвойваю працу з вiдэа, напаўняю наш з сынам ютуб-канал Matafan Records беларускiмi жаўнерскiмi, народнымi, школьнымi, патрыятычнымi, лiрычнымi песнямi, перакладнымi песнямi з iншых моваў, вершамi са школьнай праграмы, народнымi танцамi, вандроўкамi па Стамбулу, па музеях Стамбула.

Зноў жа гэта мая грамадская праца. Восемь месяцаў у Турцыi жыву без працы, якая б прыносiла хоць нейкi заробак. Сорамна перад сабой i сынам. Адно апраўданне, што ў лакдаўн не надта і з хаты выйдзеш, не тое, што папрацуеш.

Сабры не разумее, як такое можа быць, бо турэцкія спевакi майго ўзроўню зарабляюць вялiкiя грошы. Але гэта вынiк майго стаўлення да жыцця: ты павiнен рабiць-рабiць, а Бог не дасць табе памерцi з голаду.

Да ўсяго вышэйсказанага пра цяперашнюю працу, мы аднавiлi лiтаратурна-музычныя сустрэчы онлайн. Ужо прайшло тры зумы з Сержуком Сокалавым-Воюшам, Алесем Чумаковым i Аляксеем Галiчам. Наступная плануецца на 7 чэрвеня. Далучайцеся. Разам мы мацней.

Аляксандр Тамковіч

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.