Мы сустрэліся пасля працоўнага дня, побач з былой «Журавінкай», на беразе Свіслачы і стукнуліся кулакамі — павіталіся. Позірк майго даўняга знаёмага быў не вельмі вясёлы. Ён здзёр белую маску, схаваў у кішэнь, і паспрабаваў усміхнуцца, але і тут атрымалася не вельмі.
Мы няспешна рушылі ўздоўж ракі.
— Ты сядзеў калі-небудзь за кратамі, цябе арыштоўвалі? — спытаў ён і зірнуў мне ў твар.
— Было неяк, у войску… Завялі на гаўптвахту, але раніцай выпусцілі… А чаго пытаеш?
— А я пражыў сорак тры гады і ніколі не сядзеў у каталажцы, нават, не магу згадаць, каб на вуліцы дакументы міліцыя праверыла…
— Гэта «на раз» можна выправіць.
— Уяўляеш, мой малодшы брат, ты яго ведаеш, ты яго бачыў, памятаеш Андрэя?
— Памятаю, ён мяне тады ў шахматы тройчы «зрабіў»… Яму гадоў восем было. Вундэркінд! Што з ім?
— Жывы-здаровы, але за год яго тройчы арыштоўвалі… Ты не здзіўляешся?
— Не.
За мостам грала музыка. Маладзён стаяў перад мікрафонам і спяваў нешта лірычнае і незнаёмае. Моладзь сядзела на зялёным адхоне, слухала, некаторыя падпявалі, парачкі абдымаліся-цалаваліся, смяялісяя. Зразумела. Цёплы вечар, прыгожая рака. Любімы горад. Траецкае прадмесце. Шматлюднасць. Адлюстраванні. Калі-нікалі хрушч праляціць. Быццам усё, як заўсёды, толькі размова не вясёлая…
— Андрэй малодшы, а таму і уся увага і любоў яму. Мы насіліся з ім, як з пісанай торбай. Пяці не было, а ён чытаў. Кніжкі — любімыя цацкі. Дачытаўся. У школе па тры разы на год на розныя алімпіяды ездзіў — і, самае галоўнае, перамагаў… Мы з сястрой малодшым братам ганарыліся. Спадзяваліся, што у яго ёсць ўсё тое, чаго нам Бог не даў. Здольнасці неверагодныя, а да таго і шанцуе заўсёды…
— Памятаю. Ты хваліўся, дыпломы паказваў…
— У гэты панядзелак ездзілі ў Жодзіна яго сустракаць. Мама не паехала, сказала што слёзы скончыліся, бацька хацеў з ёй застацца, каб калі што якое, ну сам разумееш… Але мама не пагадзілася, сказала, што і без яго святочны стол збярэ, і з намі яго выправіла. Ён, мы з сястрой і Маша — дзяўчына Андрэя (яны больш за год разам жывуць на здымнай кватэры). Паехалі на маёй машыне. Трывожна. Маўчым. У Мінску навальніца, а за горадам сонца, неба чорна-сіняе і вясёлка… Палі рапсавыя жоўтыя-жоўтыя, трава зялёная — прыгажосць… Атрымалася, што не толькі мы, а яшчэ яго сябры-таварышы на трох машынах да турмы прыехалі. Наш бацька, калі гэта пабачыў — не стрымаўся, слязу пусціў… Ай, што тут казаць, я і сам вочы пачаў церці… Дзве гадзіны чакалі абармота, на сцены і жалезныя вароты глядзець надакучыла, а яго ўсё няма…
Злева ад крытага катка моладзь весялілася, гуляла ў валейбол, каталася на скейтах, роварах, насілася на самакатах. Калі нам пад ногі прыляцеў мячык, то мой таварыш падхапіў яго і злобна шпурнуў дзяўчыне ў шортах, якая засмялася і паціснула плячыма.
— Адны за кратамі, а другія скачуць, як быццам усё добра… Як быццам не тут жывуць, а на іншай планеце! — сказаў і спахмурнеў. — Андрэй выйшаў нечакана, адразу пасля нейкіх людзей, якія, відаць, там працуюць — перасменка была. Выйшаў і стаіць, торба ў руках. Высокі, худы… Маша яго заўважыла і першай пазнала. Закрычала, пабегла, і мы за ёй. Андрэй разгубіўся, лыпае, спрабуе засмяяцца… Мне падалося, што не вытрымае — заплача, як дзіцёнак. Тут, каля машын, усе схамянуліся, кінуліся яго карміць. Навезлі ўсяго рознага… А ён адмаўляецца, кажа што там, у камеры, хлопцы засталіся, што там было добра, што і папера і сурвэткі і мыла — усё ў іх было… Адно, што на вуліцу за трыццаць дзён ні разу не вывелі… Ты сабе не уяўляеш, як мне захацелася яму ўрэзаць! З усяе моцы. Каб аж зубы павыляталі… У цябе няма цыгарэты?
— Ты ж не курыш.
— Сем гадоў не курыў, а калі яго другі раз судзілі і далі дваццаць сутак, то не вытрымаў…
— Няма ў мяне цыгарэт, ты ж ведаеш… А як Андрэя ў палітыку занесла, ён жа ўсім гэтым, здаецца не цікавіўся?
— Ведаеш, ён — праграміст. Добра зарабляў. І Маша такая ж, яны з ліцэя знаёмыя… Вандравалі — лёталі-ездзілі куды хацелі. Карацей, жылі сабе і нам на радасць. Кіно да рання маглі з сябрамі глядзець, музыку слухаць… А потым, мінулым летам, брат запісаўся назіральнікам на выбары. Я тады здзівіўся, падумаў што гэта ўсё фігня нейкае, што няма чым заняцца чалавеку… Мы, нават не спрачаліся з ім. Ён сядзеў на тых выбарах, нешта сабе пазначаў у нататніку, моўчкі падлічваў, а потым пачаў спрачацца са старшынёй камісіі. Не сварыўся, а спрачаўся і даводзіў, што лічбы не супадаюць. Выклікалі міліцыю. Андрэй паспрабаваў тлумачыць, але дзе там…
— А што яго сяброўка думае? — спытаў я і спыніўся, пачаў дзівіцца, як рыбак выцягвае бліскучую плотачку.
— Што яна можа думаць… Ёй няма калі думаць — яна валанцёрыць, грошы зарабляе… Слухай, ты б пагаварыў з ім. Нас ён не слухае: ні мяне, ні бацьку, ні сястру… Яны ж з яго могуць інваліда зрабіць…
Мы вярнуліся да былой «Журавінкі», дзе стаяла машына майго сябра, развіталіся. Праз тры дні ён мне патэлефанаваў і сказаў, што Андрэй і Маша сабралі заплечнікі і з’ехалі з Беларусі. Паляцелі ў Грузію, адтуль у Варшаву. Мне падалося, што ён сказаў гэта з палёгкай.
Уладзімір Сцяпан, мастак, літаратар
Мінск. Травень — чэрвень
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…