TOP

Іншапланецяне спадцішка выкралі з трупярні мерцвяка?

У пінскім моргу сваякам выдалі цела іншага чалавека. Яго нават паспелі пахаваць, а потым давялося раскопваць магілу, мяняць нябожчыка. А зімой з гэтага ж морга ўвогуле знік труп жанчыны. Нябожчыцу пакуль што так і не знайшлі…

Алесь Няўвесь

Кіраўнік вачыма лыпаў тупа,
А сказаць нічога ён не мог:
Не знайшла радня чамусьці трупа,
Абшукаўшы ўвесь ягоны морг.
Кіраўнік глядзеўся нехлямяжа —
Ён і сам дапяць не мог ніяк,
Дзе схавацца ўздумала прапажа
І куды падзеўся той мярцвяк.
Труп ляжаў дагэтуль нерухома,
Выбачайце, быццам бервяно.
Трупы ж ажываюць, як вядома,
Толькі ў нейкім жудасным кіно.
Красці ж чалавека нежывога
Персанал не будзе спадцішка.
Ахапіла цьмяная трывога,
Як начны туман, кіраўніка,
Твар яго ажно пакрыўся потам…
Бо зыход прадбачыца які?
Калі труп не знойдзецца, дык потым
Вэрхал-гвалт падымуць сваякі.
Што ж рабіць? Ідэя, як маланка,
Раптам смела дзюбнула ў мазгі
(Для радні, вядома, нечаканка):
— Можа, я вам выдам… труп другі?
Дзіка прагучалі тыя словы —
Сапраўды збянтэжылі радню.
Ды, відаць, такія прапановы
Ён ужо рабіў не ўпершыню.
Гэтак жа душа яго трымцела,
Хваляваўся вельмі ён, калі
Сваякам другое выдаў цела,
І яны нябожчыка ўзялі.
А чаму? Бо не пазналі проста —
Навялі на целе марафет.
Чужака панеслі да пагоста,
Закапалі ў яме, як і след.
Потым спахапіліся, канешне,
Як прыгадваць сталі грамадой:
Хоць мярцвяк падобны вельмі знешне,
Але ўсё ж не “наш”, бадай, не той.
І дасталі з ямы дамавіну,
І “свайго” нябожчыка знайшлі,
Зноўку аддалі яму даніну,
“Свой” цяпер знаходзіцца ў зямлі.
Дзякуй богу, мінавала кара…
Мо за фінт бязлітасны такі
І цяпер не надаюць у карак,
Як падымуць лямант сваякі?
А яны заўпарціліся ўсё-ткі:
— Нам зусім не трэба труп чужы!
ТАМ яго не прымуць нашы продкі!
“Нашага”, нягоднік, пакажы!
Марна задаваліся пытанні,
Лаяла дарма радні гурма:
Як жа можа ён пры ўсім жаданні
Тое паказаць, чаго няма?
Ён жа, далібог, не вінаваты,
Што мярцвяк сышоў без дай прычын.
Словам, пасварыўшыся, дахаты
Сваякі паехалі ні з чым.
Думаюць, відаць: пакуль не трэба
Адпяваць нябожчыка ў царкве:
Можа, сапраўды забрала Неба,
А магчыма, ўсё яшчэ жыве.
* * *
Калі мы дзівіцца зноўку будзем,
Што з трупярні труп чарговы знік,
Сваякам і ўсім астатнім людзям
Гэтае трупярні кіраўнік,
Мусібыць, даводзіць палка стане,
Што жывых людзей спакон вякоў
Выкрадалі іншапланецяне;
Зараз выкрадаюць мерцвякоў…

Алесь Няўвесь

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.