TOP

Лявон Баршчэўскі: “Перачытваю Маркеса з-за падобнай унутранай сітуацыі — адначаснай вонкавай несвабоды і ўнутранай свабоды”

Пра ўчорашнюю і сённяшнюю Беларусь ды беларусаў, пра пераклад як унутраную патрэбу і пра кнігі, якія ратуюць, — у другой частцы размовы з Лявонам Баршчэўскім.

Выкарыстаны фотаздымак Agencja gazeta

Чытайце таксама: Лявон Баршчэўскі: “У 2020-м мы зрабілі крок наперад, але да канца ізноў не дайшлі”


— Абуджэнне палітычнай, грамадзянскай актыўнасці ў 1980-х арганічна нарадзіла і запатрабаванасць у вяртанні беларускай мовы і Беларушчыны ў грамадства. Вы сталіся не толькі сведкам гэтага працэсу, але і яго актыўным правадніком…

— Напачатку 1980-х я выкладаў у Наваполацкім палітэхнічным інстытуце нямецкую і ангельскую мовы і ўжо тады спрабаваў са студэнтамі гаварыць па-беларуску, стымуляваў іх да гэтага — прасоўваў мову. У 1983 годзе ўступіў у Наваполацкае літаратурнае аб’яднанне «Крыніца», якое ўзначальваў Уладзімір Арлоў, пазнаёміўся там з такімі яркімі асобамі, як Вінцэсь Мудроў, Сяржук Сокалаў-Воюш ды іншымі. І тады ўбачыў, што ёсць шмат беларускамоўных людзей, сямей, і ўрэшце ўзнікла тусоўка, у якой мы размаўлялі далёка не толькі пра літаратуру. А потым у горадзе нарадзіўся моцны экалагічны рух, бо і Наваполацк вельмі забруджаны хіміяй, і да таго ж Чарнобыль выбухнуў… Вось і экалагістаў пачалі ўцягваць у беларускую справу. Карацей, крок за крокам, кола за колам.

Я не толькі выкладаў, але і займаўся перакладамі, бо катастрафічна не хапала тэкстаў на роднай мове… Аднойчы Сяржук Сокалаў-Воюш паказаў іх Васілю Сёмуху, той не проста раскрытыкаваў, а зрабіў канкрэтныя заўвагі. У выніку я пачаў рэальна вучыцца, падвышаць майстэрства. Ну а далей — першыя газетныя, часопісныя публікацыі, пасля якіх неўзабаве мне замовілі перакласці кнігу — зборнік паэзіі Бертальда Брэхта. Так развівалася мая другая іпастась. 

— Усё жыццё вы займаецеся перакладчыцкай дзейнасцю і пераклалі з розных моў вельмі шмат тэкстаў. Што для вас ёсць гэтая праца? Вы заняліся перакладам, бо не было каму гэтым займацца ці адчулі гэтую дзейнасць як унутраную патрэбу і прызванне?

— Тут, безумоўна, унутраная патрэба, і як казаў мой настаўнік Васіль Сёмуха:  “Будуць мяне друкаваць ці не — я ўсё роўна буду перакладаць”. І для мяне гэта таксама ёсць асноўным стымулам, а другім стаўся ліцэй, бо праграмных твораў сусветнай літаратуры па-беларуску было вобмаль, і я адразу пачаў рабіць хрэстаматыі, каб хоць бы ўрыўкі з тэкстаў даваць падлеткам на нашай мове. 

Калі па-за ўнутраным стымулам ёсць яшчэ і вонкавы, гэта толькі спрыяе такой працы. У 2016 годзе прыйшла ідэя стварыць серыю  “Паэты планеты”. На першыя пяць кніжак скінуліся грашыма ўдвух з выдаўцом Змітром Коласам. Ніякага прыбытку не мелі, але, што называецца, “выходзілі ў нуль”. 

Я звычайна імкнуся перакладаць тых паэтаў і з тых краін, што не былі раней прадстаўленыя па-беларуску. Ну вось няма ў нас ісландскага аўтара, а я згадаў, што некалькі вершаў Стэна Стэйнера перакладаў калісьці, а значыць можна дапрацаваць і зрабіць цэлую кніжку. Ці вось яшчэ ў 80-ыя гады ў альманаху “Далягляды” друкаваў падборкі вершаў галандскага паэта Герыта Ахтэрберга і чэха Яраслава Вырхліцкага… У выніку таксама давёў іх да ўзроўню зборнікаў, дапераклаў.

Адчуванне, што ты для некага і нечага патрэбны, стымулюе, асабліва творчага чалавека.

— А ўвогуле ці хапае ў Беларусі перакладчыкаў?

— Не, вядома, іх крытычна мала, хоць у апошнія гады пабольшала. Былі часы, што ў нас увогуле перакладамі нават з ангельскай (з ангельскай!) практычна ніхто так па-сур’ёзнаму не займаўся. Гэта проста фатальна…

— Карлас Шэрман пісаў: “Мастацкі пераклад – гэта вынік творчасці, дзе валоданне мовамі, энцыклапедычная эрудыцыя, філасофска-філалагічны талент, індзейскі слых на падтэкставыя плыні, моцная нацыянальная свядомасць і спрадвечнае імкненне да высокіх агульначалавечых каштоўнасцяў маюць аднолькавую інварыянтную сілу і праяўляюцца ў моманты найвышэйшай гармоніі сферы інтэлекту з тонкім дыяпазонам пачуццёвай сферы – якраз гэтыя моманты прынята называць натхненнем. Выкіньце хоць адзін з названых элементаў – і вы атрымаеце не мастацкі пераклад, а штукарства. Штучна канструяваць верш і потым шукаць у ім мастацтва паэзіі немагчыма”. То бок пераклад — надзвычай шматгранны працэс, трэба шмат якімі інструментамі валодаць… 

— Карлас Шэрман тут бліскуча сфармуляваў сваю думку, але адну рэч, якой ён сам добра валодаў, не ўзгадаў. Васіль Сёмуха падкрэсліваў, што перакладчык — гэта яшчэ і актор, ён мусіць чужы тэкст увасобіць так таленавіта, каб ён успрымаўся як свой, эмацыйна. Усе найлепшыя перакладчыкі, каторых я ведаю, мелі выдатныя акторскія здольнасці. Язэп Семяжон нават выступаў, ён да вайны іграў у Купалаўскім тэатры. Шэрман сам быў выдатным акторам, Сёмуха — найталенавіцейшы актор, Андрэй Хадановіч таксама. Гэта людзі, якія маюць акторскія здольнасці, бо, калі ўдумацца, тут насамрэч вельмі падобныя прафесіі.

— Вы працягваеце выдаваць слоўнікі, нядаўна выйшаў двайны беларуска-літоўскі і літоўска-беларускі. Ці актуальна гэта сёння? Ёсць жа google translate?

— Google translate вельмі карысная практычная штука як дапамога ў камунікацыі, але слоўнік дае апору, ён мае грунтоўнасць. Слоўнік — гэта абагульненне вялікага досведу, абагульненне не адзінкавых ужыванняў мовы, не рэдкіх, а масавых ужыванняў значэнняў слоў. Ну і да таго ж — ніякага google translate не было б і не будзе яго ўдасканаленай версіі, калі б не было тысячагадовай працы філолагаў. 

— Што вы зараз чытаеце? Раскажыце пра кнігі, да якіх вяртаецеся ўвесь час, якія асабіста вас ратуюць.

— Апошнім часам мяне ратаваў Сяргей Даўлатаў, якога я пасля дваццацігадовага перарыву перачытаў усяго. У нечым унутраная сітуацыя вельмі падобная… Не скажу, што я новымі вачыма перачытаў, але нейкія новыя нюансы заўважыў. Рэгулярна перачытваю Маркеса. Зноў-такі вельмі падобная ўнутраная сітуацыя, гэтая лацінаамерыканская адначасна вонкавая несвабода і ўнутраная свабода – стан, які вельмі падобны. Гэта безумоўная класіка. А так спарадычна — не я адзін заўважыў, што з гадамі становіцца менш цікавай чыстая фікцыя, хочацца чытаць мемуары, нечыя жыццёвыя ўспаміны, ліставанне, таму больш стаў звяртацца да біяграфій.

— Коласаўскі ліцэй даўно з’яўляецца вялікай часткай вашага жыцця: як ён жыве цяпер, у перыяд татальнай ліквідацыі ўсяго і ўся?

— Ліцэй існуе, але больш я нічога сказаць не магу.

— Другая арганізацыя, да якой вы здаўна належыце і з’яўляецеся ганаровым старшынём — Беларускі ПЭН — была ліквідаваная ў жніўні. Як успрынялі гэтую навіну?

— Я з таго пакалення ПЭНа, калі ён быў клубнай закрытай арганізацыяй, і ў прынцыпе не было важным мець рэгістрацыю. Але Шэрман – тагачасны лідар арганізацыі — казаў, што яе трэба атрымаць, каб, напрыклад, легальна мець памяшканне ў цэнтры горада.  [У гэтым годзе Беларускі ПЭН выдаў мемуары Шэрмана, набыць можна тут — С.Н.]

А ў прынцыпе творчаму чалавеку ніякія арганізацыі не патрэбныя. Арганізацыя патрэбная, каб бараніцца, бо супольна адбівацца лягчэй, а таксама дзеля таго, каб падтрымаць адзін аднаго, калі тое неабходна. Сімвалічны характар таксама важны. Але я разумею калег, якія прыйшлі рабіць гэтую арганізацыю дзейнай, а не проста закрытым клубам. Мне гэта падабаецца, бо тут рэальныя праекты, рэальная праца і дапамога творчым людзям. Таму я б сказаў, што перафарматаванне ПЭНа ў гэтай сітуацыі і актывізацыя вельмі практычных аспектаў дзейнасці — вельмі патрэбныя, і я зычу поспехаў камандзе, упэўнены — шмат што атрымаецца.

— Правілы жыцця Лявона Баршчэўскага?

— Пражываць сённяшні дзень, як апошні — тады ёсць мэта жыцця і мэта руху. Бо, калі ты ўвесь час будзеш думаць, што заўтра стане лепш, чым сёння, то і ўвесь час будзеш адкладаць на заўтра, на паслязаўтра… Я жыву з адчуваннем, што сёння да вечара — гэта Богам дадзены мне дзень, і тады заўсёды на гэты дзень будуць планы, не будзе культу адпачынку: маўляў, вось адпачну і тады пачну штосьці рабіць — у мяне так ніколі не было. Адпачынак для мяне — проста змена характару дзейнасці.

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.