TOP

Гарбачоў жорстка памыліўся: беларусы выйшлі з СССР не апошнімі, а пятымі

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Лявон Баршчэўскі пра распад СССР: міфы і рэальнасць

Перад Домам Ураду на плошчы, 1991 год.

(Працяг. Пачатак — Частка 1)

Пятая надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 12-га склікання, якую пазней назавуць Сесіяй Незалежнасці, пачалася роўна а 10.00 24 жніўня 1991 года і ад пачатку пайшла вельмі цяжка.

Вышэйшыя службовыя асобы на чале з тагачасным старшынём Вярхоўнага Савета Мікалаем Дземянцеем не толькі спрабавалі апраўдвацца за сваю больш ці менш адкрытую падтрымку маскоўскіх путчыстаў, а нават ішлі ў наступ і не раз паводзілі сябе агрэсіўна, не выбіраючы слоў на адрас сваіх апанентаў. Даставалася і тым некалькім тысячам народу, што няспынна стаялі перад Домам Ураду на плошчы (там, на наша патрабаванне, ішла прамая аўдыятрансляцыя пасяджэнняў)  і актыўна падтрымлівалі нашы заклікі.

Партыйны бетон не даваў расколіны аж да першай паловы наступнага дня, 25 жніўня. Аднак пасля таго, як да вушэй камуністычных дэпутатаў пачалі даходзіць навіны з Масквы, што ўказам Барыса Ельцына спыняецца дзейнасць КПСС на тэрыторыі Расіі, слова на нашай сесіі паспрабаваў узяць кіраўнік кампартыі Беларусі Анатоль Малафееў, які адназначна стаў на бок путчыстаў яшчэ 19 жніўня ў першай палове дня. І вось тут адбыўся псіхалагічны прарыў: Малафеева проста сагнала з трыбуны група дэпутатаў на чале з Галінай Сямдзянавай, Віктарам Ганчаром, Алесем Шутом, Паўлам Холадам (якія, дарэчы, да нядаўняга часу належалі да той самай партыі).

Парламенцкая большасць здранцвела, лідар камуністаў-дэмакратаў Генадзь Карпенка, амаль не выбіраючы слоў, з трыбуны запатрабаваў неадкладнай адстаўкі Дземянцея, і адразу пасля чарговага малога перапынку ў пасяджэнні той паддаўся і заявіў, што ўсё-такі сыходзіць у адстаўку (словы «У адстаўку!» скандавала ў гэтай хвілі ўся будучая Плошча Незалежнасці).

Адстаўка адстаўкаю, але для нас пытанне абвяшчэння Незалежнасці было першасным.

Пачаўся вялікі, абедзенны перапынак, падчас якога прэм’ер Вячаслаў Кебіч падышоў да пакоя № 363, які на працягу пяці гадоў быў сядзібай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і каля якога тады ў калідоры стоўпілася нямала дэпутатаў з розных груп (Зянона Пазняка і Сяргея Навумчыка ў той хвілі там не было), і абвясціў прысутным, што і ён мае намер абвясціць пра сваю адстаўку.

Вярхоўны Савет 12-га склікання (на сесіі ў перапынку). Фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net

І тут, абсалютна не параіўшыся ні з кім, прысутны пры гэтым дэпутат-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, які звычайна падтрымліваў дэмакратычных калег, кінуўся да Кебіча і пачаў адгаворваць яго ад гэтага кроку.

Між тым, у кулуарах той жа Генадзь Карпенка, на той час кіраўнік выканаўчай улады ў Маладзечне, а перад тым дырэктар буйнога завода парашковай металургіі, казаў асабіста мне, што, у выпадку чаго, гатовы сфарміраваць і ўзначаліць новы ўрад.

Аднак Вячаслаў Кебіч, падумаўшы, паддаўся намаўленню Уладзіміра Кавалёнка і гісторыя пайшла іначай, чым магла б. Пасля заканчэння перапынку ён паводзіў сябе ўжо ўпэўнена і пасля выступу прадстаўніка кансерватыўнай наменклатуры з Гомельшчыны Міхала Мачуленкі, які сказаў літаральна наступнае: «У сітуацыі, што складаецца, мы ўсе павінны падтрымаць прапановы Зянона Пазняка і яго калег», Кебіч прапанаваў ад імя свайго ўрада крыху бяззубы, але ў цэлым прымальны праект дакумента аб «абвяшчэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Рэспублікі Беларусь».

Cвой выступ кіраўнік беларускага ўрада суправаджаў выказваннямі, ад якіх пазней ён усялякімі спосабамі спрабаваў адцурацца, да прыкладу (цытую па памяці): «Нам давялося ўсё сваё папярэдняе жыццё жыць у такой імперыі, якой і падобных няма», або: «Апошні год мы фактычна жылі без Савецкага Саюза, то і далей пражывём»

Стала зразумелым, што, страціўшы сваіх ранейшых лідараў, наменклатурная большасць Вярхоўнага Савета за дакумент, прапанаваны Кебічам, прагаласуе. Мы, Апазіцыя БНФ, ды й іншыя дэпутаты-дэмакраты не маглі ў гэтай сітуацыі за яго не прагаласаваць, што неўзабаве і адбылося.

Але гэтага дакумента было недастаткова: патрэбнае было канстытуцыйнае замацаванне дасягнутага. Абмеркаванне ад пачатку прапанаванага намі законапраекта «Аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце сілы Канстытуцыйнага закона» задоўжылася за восьмую гадзіну вечара, але пасля бурнага абмеркавання а 20 гадзіне 8 хвілін канстытуцыйная большасць парламента за гэты дакумент усё ж такі прагаласавала, прычым было адмыслова пазначана, што гэтая Пастанова «набывае юрыдычную сілу з моманту яе прыняцця» (а не з моманту афіцыйнай публікацыі, як яно бывае са звычайнымі дакументамі).

Станіслаў Шушкевіч, які пасля адстаўкі Мікалая Дземянцея, стаў выканаўцам абавязкаў вышэйшай службовай асобы Беларусі, сказаў, што цяпер яму будзе «з чым ехаць у Маскву»: мелася на ўвазе, што назаўтра, 26 жніўня, там павінен быў пачаць работу нечарговы з’езд народных дэпутатаў СССР, у якім Шушкевіч таксама мусіў узяць удзел.

Зрэшты, наколькі мне вядома, пра дакументы, прынятыя напярэдадні ў Мінску, згаданы з’езд паінфармаваў не Шушкевіч, а народны дэпутат СССР, тагачасны міністр адукацыі Міхаіл Дзямчук.

Некалі ў адной са сваіх размоў Міхаіл Гарбачоў зрабіў выказванне, сэнс якога палягаў у тым, што «калі саюзныя рэспублікі захочуць выходзіць са складу Савецкага Саюза, беларусы будуць апошнімі».

Вось жа, савецкі кіраўнік у выніку памыліўся: дзякуючы рашэнням Вярхоўнага Савета БССР, прынятым 25 жніўня 1991 г., Беларусь стала  пасля Літвы, Грузіі, Арменіі, Эстоніі, Латвіі, Украіны зусім не 15-й, а сёмай такой рэспублікай!

(Працяг — Частка 3)

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.