Categories: Культура

МУЗЕЙ-1: Ішоў на дырэктара з думкай пра творчасць, а давялося выбіваць, даставаць, прабіваць…

Праваабаронца і літаратуразнаўца Алесь Бяляцкі з няволі піша ўспаміны пра музей Максіма Багдановіча, дзе ён працаваў дырэктарам з 1989 года па ліпень 1998-га. Друкуецца са скарачэннямі.

Экспазіцыя ўрачыста адкрылася ў Менску 8 снежня 1991 года, у той самы дзень, калі былі падпісаныя Белавежскія пагадненні, якія канстатавалі скасаванне СССР. У тыя дні падзеі развіваліся імкліва. Аднадзённа маглі разваліцца імперыя і адкрыцца музей. Адкрыццё апошняга прымеркавалі да 100-годдзя з дня нараджэння паэта.

У перыяд станаўлення Незалежнасці Беларусі Літмузей у Траецкім прадмесці быў прыцягальнай і яскравай пляцоўкай для развіцця нацыянальнай культуры, навукі, адукацыі і асветы, а пачаў ён стварацца ў 1981 годзе.

Адкрыццё Літаратурнага музей Максіма Багдановіча ў Менску на Траецкім прадмесці 8 снежня 1991 года.

27.07.2021 

…Мінула 30 гадоў. Згадваючы той час, разумею, што буду пісаць найперш пра людзей. Бо гэта перадусім тыя, хто працуюць там і ствараюць адметную аўру.

Тут варта распавесці пра некалькі падзей, якія адбыліся за лета – раннюю восень 1989-га. У перыяд укаранення дэмакратычных элементаў кіравання ў СССР ішла кампанія выбараў кіраўнікоў установаў і прадпрыемстваў. Размова пра значныя пасады – дырэктараў заводаў, фабрык, інстытутаў, лабараторый…

Дакацілася гэтая хваля і да нашага Міністэрства культуры. Улетку былі абвешчаныя выбары кіраўніка музея Гісторыі беларускай літаратуры, дзе я працаваў. Выбіраць мусіў (нечуваная дагэтуль справа!) увесь працоўны калектыў.

І вось у “ЛіМе” размясцілі аб’яву пра конкурс. І тады ж да мяне падышла невысокая, у акулярах Вера Мікута і прапанавала падацца. Гэта сталася поўнай нечаканасцю. Вера настойліва ўгаворвала, запэўнівала, што калектыў падтрымае, бо ў апошнія месяцы пільна назіраюць за маімі паводзінамі.

Так, я любіў паэзію Максіма Багдановіча, добра ведаў час, у якім ён жыў, і адчуваў эпоху новага беларускага адраджэння. У сваёй кандыдацкай разглядаў публіцыстычныя вершы паэта.

Але я амаль нічога не ведаў пра музейную справу! І ўвогуле ніколі не займаўся ніякай гаспадаркай. На мае развагі і сумненні Вера супакойвала: дапаможам. Заўважу, на тую пару мы працавалі над зборам музейных матэрыялаў ужо некалькі гадоў, сабралі нямала экспанатаў, у тым ліку ўнікальных. Два гады таму атрымалі будынак пад установу, цяпер працавалі над тэматычным планам…

Я сказаў, што падумаю. У гэтыя ж хвіліны зразумеў – лёс дае мне нейкія неверагодныя шанцы і аніяк не выпадае адступаць…  Выбар быў зроблены.

30.07.2021

Недзе праз месяц завітаў у музей намеснік міністра культуры Мацвееў, мажны, добразычлівы дзядзька з цёмнымі плямамі пад вачыма. Паглядзець, што ў нас робіцца. Я сядзеў у сваім вялікім кабінеце, у старым швэдары грубай вязкі, падскочыў, калі ўбачыў яго, нешта распавёў. Ён пайшоў, здаецца, не расчараваны. А я паглядзеў на сябе збоку – кашлаты, з вялізнай дзіркай на рукаве – і сумеўся: абадранец нейкі. Неўзабаве перабраўся ў меншы пакой на першым паверсе, а ў гэты вялікі пераехалі навуковыя супрацоўнікі. Тут кантроль міністэрства за мной скончыўся. У наступныя два гады яму відавочна было не да нас.

Правай маёй рукой у гаспадарчых справах быў загадчык гаспадаркі Якаў Прадушчака. Невялікі ростам, сухі і нервовы пенсіянер-адстаўнік, які ўсё жыццё праслужыў у войску прапаршчыкам. Якаў Сцяпанавіч, патрапіўшы ў музей, добрасумленна выконваў сваю працу. Я, удвая маладзейшы, быў для яго безумоўным аўтарытэтам, камандзірам, загады якога не абмяркоўваліся, а выконваліся.

Гэткія стасункі бянтэжылі, але прыстасаваўся, бо сам нядаўна служыў у войску і ведаў тып такіх людзей, разумеў, што змены могуць прынесці толькі клопат. Наша агульная задача была – адчыніць музей. Задача няпростая: 1990 год, у які мы непрыкметна ўвайшлі, як і наступны, былі часам татальнага дэфіцыту і крыху пазней – жахлівай інфляцыі.

Нечакана для мяне гаспадарчае забеспячэнне музея стала вельмі важным. Так, былі сродкі, быў неблагі на той час бюджэт. Але нягледзячы на тое, што мы лічыліся дзяржаўнай установай, за гэтыя грошы вольна амаль нічога немагчыма было купіць. Усё – ад негабляванай дошкі, фарбы, шкла да эксклюзіўнай фурнітуры – даводзілася даставаць з боем ці з хітрасцю. Чатыры пятыя майго працоўнага часу займала гэтае рашэнне і даставанне.

Такое становішча ўносіла душэўны разлад.

Ідучы на дырэкара, я збіраўся пісаць, вывучаць творчую спадчыну паэта, магчыма, працаваць з Верай Мікутай над тэматычным планам экспазіцыі, прасоўваць Багдановічазнаўства. Я ж вучыўся на гэта! Літаратуразнаўства было маёй любімай справай, але я мусіў насіцца са Сцяпанавічам па крамах і базах, даставаць гіпс, каляровы метал, заключаць дамовы з фабрыкамі, брыгадамі працаўнікоў і мастакамі. Але куды адступаць?.. Я быў гатовы разбіцца ўшчэнт, але адчыніць музей.

Неўзабаве Мінкульт дадаў у музей яшчэ адну стаўку навуковай супрацоўніцы. Мае знаёмыя дзяўчаты-філфакаўкі вучыліся ўжо на пятым курсе. Леаніду Хадкевічу ў Музей гісторыі беларускай літаратуры я параіў на вольнае месца Наталлю Кавалеўскую, і ён узяў яе на працу. Да нас жа прыйшла Алена Кісялевіч, маленькая, танклявая дзяўчына. Наталля і Алена былі не чужыя ў беларускім моладзевым руху. Праз некалькі месяцаў на чарговую стаўку навуковай супрацоўніцы, якую я абгрунтаваў патрэбай працы над экспазіцыяй, залічылі маю маладзейшую сяброўку Паліну Качаткову. Як Ірына Марачкіна зусім нядаўна ўцягнула мяне ў музейнае кола, гэтак жа і я заманіў на працу сваіх знаёмых дзяўчат.

Зразумела, што сціплыя заробкі не маглі быць дастатковай аплатай за працу. Патрабавалася яшчэ нешта, што дазволіла б зрабіць з музея не месца для адпачынку і адседжвання жонак забяспечаных мужоў. Такім маторам магла стаць матываванасць працы дзеля беларускай культуры. У гэтых дзяўчат яна была.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча ў Менску сёння. Фота: depositphotos.com

 

(Працяг – Частка 2, Частка 3, Частка 4)

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023