Зорка з месцам для спатканняў: «касмічная геаметрыя» Максіма Багдановіча
“Зорка Венера ўзышла над зямлёю, / Светлыя згадкі з сабой прывяла…” Цяжка ўявіць, каб кагосьці з нас (нават тых, каго вызвалялі ў школе ад вывучэння мовы, бо ад літаратуры ж нікога не вызвалялі) абмінуў у жыцці гэты Багдановічаў верш. Ён называецца “Раманс”, але большасць беларусаў запомніла яго як “Зорка Венера”.
Можа, “вінаватая” песня з музыкай Рака-Міхайлоўскага ў выкананні “Песняроў”, а можа – якраз вывучэнне гэтых слоў у школе на памяць. Разам з тым, правільная назва далёка не выпадковая. Калі кожны добры верш робіць першы, большы ці меншы, крок насустрач музыцы і песні на свае словы, то ў “Рамансе” іх аж некалькі. Усё тут падкрэслена песенна-музычна. Кампазітару не абавязкова было паўтараць два апошнія радкі, бо ідэя паўтору ўжо закладзеная ў кожнай страфе. Паўтору – і вяртання, бо як апошні радок (амаль) паўтарае першы, так і каханне (“на міг”) уваскрасае, калі позіркі закаханых сустракаюцца ў небе, прыцягнутыя Венерай – і “светлымі згадкамі”.
Некалі мне трапілася на вочы брашура, падрыхтаваная ангельскай паэткай і перакладчыцай паэзіі Верай Рыч. Гэта была кніжка ў гонар аднаго верша. Спачатку беларускі арыгінал “Раманса” і яго не абы-які мастацкі пераклад, а потым амаль з тузін ангельскіх паэтак і паэтаў – відавочна, на запрашэнне Веры Рыч – даюць свае паэтычныя версіі, вольныя імправізацыі на тэму, захоўваючы ўсю страфічную будову і сістэму паўтораў з твора Багдановіча. На першы позірк, кожнаму ўдаецца паўтарыць гэты цуд. Тыя ж строфы-“слупочкі”, рэгулярна рыфмаваныя радкі і абавязковы паўтор у кожнай страфе. Праўда, на гэтым падабенства і заканчваецца, бо, далікатна кажучы, кожная мова, паэзія і літаратурная эпоха мае свае законы, і ігнараванне іх – шлях да кур’ёзаў.
Я тады пагартаў, пасмяяўся з рамансаў-перайманняў і забыў пра брашуру, а вось сёлета ўвесну мне трапіў у рукі паэтычны зборнік на польскай мове. Кніга па-эстэцку выдадзеная і не без эстэцтва названая “мінімум” (так, з малой літары). Аўтарка – добра вядомая ў сваёй краіне і ўжо за яе межамі паэтка, эсэістка і даследчыца Уршуля Заянчкоўска. Адзін з вершаў – таксама з маленькай – называецца “неба. зараз глядзі”. Прывяду яго цалкам. (Тут и далей цытую вершы ў сваіх перакладах.)
веру, што там у цябе бясхмарнае неба
гэткае ж, як у мяне
і што дзесьці ў прасторы мы знойдзем агульную кропку,
хай гэта будзе нос Малога Пса або хвост Цяльца,
або, можа, вуха Вялікай Мядзведзіцы? помніш, я іх табе паказала.
я зараз буду ўглядацца ў гэтую кропку,
і ты таксама глядзі, і ў рэальным расстанні
мы так напоўнімся гэтай касмічнаю геаметрыяй
што паміж нашымі целамі
будзе адно паветра, нічога больш.
Перавялі дых? Тады працягваю.
Цікава, што Уршуля, у адрозненне ад ангельскіх калегаў Веры Рыч, ніяк не арыентавалася на Багдановіча. Нідзе не спісала, хоць “Раманс” ёсць у розных польскіх перакладах, і зусім не засмуцілася (такі ўдар ад класіка!), нават не вельмі здзівілася, а хутчэй усцешылася супадзенню, калі я стаў апавядаць ёй пра нашага паэта і ягоны твор. Магчыма, таму, што аўтарка – не толькі папулярная сучасная літаратарка, але і аўтарытэтная вучоная – мае сваю натурфіласофію і цэльную карціну свету. І цудоўна разумее, што не толькі ў прыродзе, але і ў чалавечай культуры існуюць універсальныя законы, якіх за апошнія стагоддзі ніхто не адмяняў. У тым ліку ў сферы псіхалогіі і таго, як яна адбіваецца ў літаратуры.
Так, паэзія, сярод іншага, вучыць, што фізічны кантакт – безумоўна, важны, але далёка не самы вызначальны момант у каханні і любові. Франчэску Петрарку некалі хапіла хусцінкі, якую ён паспеў падняць з падлогі і падаць сваёй Лаўры. А перашкоды, якія падзяляюць нас, – бяссільныя, калі мы самі не дапамагаем ім сваёй абыякавасцю.
Пра каханне на адлегласці і немагчымасць разлукі пісаў яшчэ Джон Дон – і ў яго выйшаў, магчыма, самы знакаміты верш XVII стагоддзя “Развітанне, што забараняе тугу”. Існуе не вельмі верагодная легенда, што паэт прысвяціў верш сваёй жонцы, калі адпраўляўся ў кругасветнае падарожжа. Так ці іначай, лірычны герой спрабуе пераканаць адрасатку, што асабліва смуткаваць ёй не варта, бо закаханыя ў разлуцы – як ножкі цыркуля: пакуль адна крэсліць сусветнае кола, нерухомасць другой задае першай траекторыю руху і выступае гарантыяй шчаслівага вяртання ў зыходны пункт.
А мы з табой кахаем так,
Што душы праз гады разлукі
Мацнейшыя за вуснаў смак
І прагныя любошчаў рукі.
Бо нашых душаў больш не дзве,
А злітак золата адзіны,
Якога ўдар не разарве,
А толькі вытанчыць пласціну.
Як ножкі цыркуля, мы круг
З табою крэслім, дарагая,
І хоць адна на месцы, рух
Няўзнак ёй надае другая.
Адна ў сярэдзіне знарок,
Але схілілася ў чаканні,
Каб чуць тае, далёкай, крок
І выпрастацца на спатканні.
Слабыя месцы верша, выкліканыя самім часам (найперш падвойныя стандарты для “вандроўнай ножкі” мужчыны і “хатняй” жаночай, а таксама святая ўпэўненасць рацыяналіста, што можна лагічнымі аргументамі паўплываць на тонкую эмацыйную сферу, груба кажучы – суцешыць), відаць няўзброеным вокам, але ні сама канцэпцыя, ні цэнтральная метафара не робяцца ад гэтага менш геніяльнымі.
Вось жа, задоўга да інтэрнэту і відэаканферэнцый эпохі пандэміі творцы навучыліся пераадольваць дыстанцыю, увасобленую ў прасторы між людзьмі. Але гаворка не толькі аб прасторы. Прагрэс і без паэзіі някепска дае з ёй рады, высылае электронныя лісты, перадае выявы і спалучае галасы на адлегласці. Горш з такой катэгорыяй, як час.
Калі я некалькі месяцаў жыў у Амерыцы і штодня размаўляў з жонкай, якая была ў Беларусі, я ведаў, што палова маіх дзённых гадзінаў не прызначаная для нашых дачыненняў з ёй, бо яна ў гэты час можа спаць, і наадварот. Васьмігадзінная розніца ў часе і васьмігадзінны здаровы сон (дапусьцім на секунду, што ў свеце ёсць такое ідэальнае здароўе) скарачае нашыя супольныя содні роўна ўтрая. А калі дадаць магчымую розніцу між жаўрукамі і совамі, якім лепей бы знаходзіцца на адной хвалі паразумення, то і ад апошніх васьмі гадзінаў мала чаго застаецца.
Лепей з паэзіяй. Яна дзейнічае нават насуперак, здавалася б, “аб’ектыўным” законам прыроды і навукі. Максім Багдановіч называе планету Венеру “зоркай” – і яна робіцца зоркай, незалежна ад таго, што думаюць на гэты конт астраномы. Позіркі падзеленых “расстаннем” людзей зліваюцца праз гэтую зіхоткую кропку – і не важна, што з іншай кропкі планеты Зямля ў гэты момант можа быць не відно зоркі Венеры. Яе відно заўжды, хоць – возьмем у сведкі іншага насельніка планеты людзей – часам “найважнейшага не пабачыш вачыма”. Затое заўжды можна разгарнуць кнігу з вершам або выклікаць яго ў памяці. Бо фокус у тым, што твор пра зорку Венеру незаўважна для нашага вока сам робіцца зоркай Венерай, містычным пунктам сустрэчы двух (і болей) “позіркаў”, скіраваных ужо на яго.
Гэты фокус дзейнічае і пры істотнейшых падзелах у часе. Мінае 130 гадоў з нараджэння аўтара і амаль 105 з яго смерці, а розныя пакаленні, кожнае ў сваім часавым “далёкім краю”, цудоўна камунікуюць міжсобку за пасярэдніцтвам пяці рыфмаваных “слупочкаў”. Могуць таксама дачыняцца з самім аўтарам. Могуць з яго наступнікамі. А могуць – яшчэ больш парадаксальна – з папярэднікамі (ангельскі аўтар верша пра закаханых у разлуцы ўжо спраўдзіў алгебрай гэтую гармонію).
Гэтак жа можна адправіць пасланне ў часе нават сабе самому. Напрыклад, прыгадаўшы, як некалькі гадоў таму выступаў ля музея Багдановіча ў знак салідарнасці з супрацоўнікамі, калі музей ператварылі ў філіял іншага музея. Або ўявіць сабе сябе ж, а таксама сваіх блізкіх, сяброў і сучаснікаў, але праз некалькі гадоў, у будучай Беларусі, – і згадаць пра сёлета, калі падзеленыя дзяржаўнымі межамі і турэмнымі мурамі людзі дачыняюцца толькі віртуальна і могуць кахаць адно аднаго, зусім як героі “Раманса”.
Але ўсё ўрэшце будзе добра, бо цытаваная тут радкі вучаць і даводзяць (паўтару зноў), што перашкоды, якія падзяляюць нас, бяссільныя, калі мы самі не дапамагаем ім сваёй абыякавасцю. Бо сёньняшні вязень-прафесар знаходзіць спосаб дамовіцца з жонкай пра тыя самыя кнігі, якія яны – “у расстанні” – будуць чытаць у той самы час. Бо, калі за душой трохі Караткевіча, трохі Канта, а трохі Данта, выходзіць, што чалавек непазбежна носіць сваё неба з сабой. Больш за тое, носіць нават дзве файныя рэчы: зорнае неба – над галавой, а тое, што прыводзіць у рух Сонца, Венеру ды іншыя свяцілы, – унутры.
Усіх з народзінамі зоркі Багдановіча! Яна ўжо ўзышла, пакуль мы – хто разам, хто паасобку – яшчэ ляцім.