Сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння выбітнага, а, мабыць, і найвыбітнейшага беларускага кінарэжысёра Віктара Турава. Ён пайшоў з жыцця 25 гадоў таму, калі толькі споўнілася 60, відавочна недажыўшы і шмат што недасняўшы. А тыдзень таму, на 93 годзе жыцця, у іншы свет пайшла вядомая актрыса Ніна Ургант, яна хоць і пражыла на траціну болей за Турава, але ўсё адно вельмі шкада, бо, кажучы штампам - так сыходзяць эпохі. У сувязі з гэтым згадваем фільм, у якім зоркі сышліся - “Я родам з дзяцінства” (1966).
“Я родам з дзяцінства” — зняты Туравым на кінастудыі “Беларусьфільм” 55 гадоў таму — гэта гісторыя пра маленства тых, хто падчас вайны ўпершыню перанёс цяжар страты блізкіх, жаданне помсціць ворагу і імкненне да шчасця. Героі фільма — хлапчукі Ігар і Жэнька — жывуць у прыфрантавым горадзе і чакаюць бацькоў, братоў і сясцёр…
Сцэнар фільма належыць Генадзю Шпалікаву — знанаму савецкаму паэту, кінасцэнарысту і рэжысёру, аўтару і суаўтару сцэнароў да фільмаў “Застава Ілліча” Марлена Хуцыева, “Я крочу па Маскве” Георгія Данэліі, “Ты і я” Ларысы Шэпіцька, “Доўгае шчаслівае жыццё” — адзіная карціна, якую ён зрэжысіраваў сам. На момант выхаду “Я родам з дзяцінства” на экраны і Шпалікаву, і Тураву не было яшчэ і трыццаці год. І гэта падаецца важнай акалічнасцю, бо сведчыць пра тое, што гэта новы, так бы мовіць, маладзейшы погляд на вайну і яе ўздзеянне на жыцці людзей. І аказалася, што гэты погляд кардынальна адрозніваецца ад папярэдніх. Савецкае кіно сталінскага перыяду расказвае пра вайну выключна ў геройскім ключы, у ім няма месца “маленькім” гісторыям і “маленькім” людзям, яно мысліла сябе буйнымі планамі, чапаеўскімі героямі. Адпаведна новы погляд шасцідзесятнікаў, погляд больш маладзейшага пакалення — гэта погляд іншага ідэалагічнага характару.
“Я родам з дзяцінства” — яскравы і дакладны прыклад адліжнага ваеннага кіно, не дарма ён стаіць у шэрагу з той жа “Заставай Ілліча”, там жа, вядома, і “Ляцяць журавы”, “Балада пра салдата”, “Іванава дзяцінства” і інш. У чым адметнасць ваеннага кіно “адлігі”? Адліжнаму кінагерою ўласціва падвышаная адчувальнасць, ён схільны да рэфлексіі, ярка выяўлена экзістанцыйнае вымярэнне яго вобраза, шчырасць — галоўнае вызначэнне кінематографа “адлігі”. У ваенных адліжных фільмах сюжэты сталі смялейшымі (шмат у чым, вядома, дзякуючы палітыцы дэсталінізацыі), падкрэслівалася значэнне “маленькага” чалавека для перамогі, вобраз ворага набыў таямнічыя рысы, у некаторых фільмах нават з’явіліся даволі адкрытыя сцэны (напрыклад у “А зоры тут ціхія…”). Адным словам — кіно стала больш чалавечным, ці, дакладней, больш засяроджаным на жыцці і пачуццях простага, “маленькага” чалавека. Такі і фільм “Я родам з дзяцінства”.
Галоўныя героі фільма (хоць галоўнымі іх можна назваць з пэўнай доляй умоўнасці) — хлапчукі Ігар і Жэнька. Паставіць у цэнтр апавядання, ці, дакладней, мець сродкам апавядання позірк дзіцяці — прыкмета адлігі. Гэта аповед ад твару “маленькіх” людзей і метафарычна, і літаральна. Але, хлопцаў сапраўды з цяжкасцю можна назваць менавіта галоўнымі героямі, бо яны займаюць фільмічнага часу не болей, чым усе астатнія. Сапраўдны галоўны герой карціны — хор. Хор “маленькіх” людзей, якія спяваюць “Враги сожгли родную хату…” на самым пачатку фільма (літаральна), і хор “маленькіх” людзей (метафарычна) — звычайных гандляроў, будаўнікоў, настаўнікаў, параненых франтавікоў, якія перажываюць жахлівы час, але намагаюцца захоўваць спакой і жыць сваё звычайнае жыццё, бо яно мае ўласцівасць праходзіць.
Дзеянне тураўскай карціны (не)адбываецца ў неназваным прыфрантавым горадзе. Прыстаўка не, якая паказвае на нявызначанасць, — заўсёдная спадарожніца адліжнага кіно. У сталінскім кіно, напрыклад, сюжэт часцяком засяроджаны на вялікай падзеі — подзвігу, вызначальнай бітве, на дзеяннях значнай асобы (камандзіра, генерала і г.д.), у адліжным кіно ўвага засяроджваецца на простых людзях і на іх простым жыцці. “Я родам з дзяцінства” гэта пацвярджае: на працягу фільма па сутнасці нічога не адбываецца (маецца на ўвазе — не адбываецца нічога важнага ў маштабе краіны), людзі гандлююць на рынку, адбудоўваюць разбураныя дамы, прыбіраюць, спяваюць, ходзяць на танцы і паглядзець прывезенае кіно. Неназваны прыфрантавы горад, за падзеямі якога мы назіраем, гэта і ёсць абагульненае жыццё савецкіх 1941-45 гг. — з аднаго боку быт і простае жыццё, з другога — вайна і смерць, з аднаго — танцы і першае каханне, с другога — палонныя і публічныя павешанні. І гэта вельмі выразна падкрэсліваецца кадраваннем — на першым плане людзі, на заднім — заўсёды руіны. У гэтым дуалізме жыцця неназванага прыфрантавога горада — такая гісторыя вайны, якой яе пражыла большасць тых, хто застаўся ў жывых.
Хор карціны празмерна шматгалосны, улавіць у ім выразнае выказванне аказваецца немагчымым, таму ў рэшце застаецца толькі інтанацыя і гучнасць. “Я родам з дзяцінства” — вельмі “ціхі” фільм, героі мала размаўляць, таму асобнае значэнне набывае музыка, якая фонам грае на працягу амаль што ўсяго фільма, і, канешне, у гэтым сэнсе невыпадковым аказваецца ўдзел Уладзіміра Высоцкага. Песні Высоцкага і яго характэрнае іх выкананне — яскравы знак часу (шасцідзесятых), і гэты знак пячаткай адбіваецца на атмасферы фільма.
Але і акрамя Высоцкага музыкальны фон надае фільму вельмі лірычны настрой. Пры гэтым — музыкальны фон у дадзеным выпадку — не толькі музыка як такая, але гукавое суправаджэнне. Напрыклад, вельмі часта на фоне падзей можна пачуць гук зводак франтавых навін у левітанаўскай агучцы. Гэты прыём нібыта паўсюднага радыёсуправаджэння таксама даволі часта сустракаецца ў адліжных ваенных фільмах, увесь час ён як бы маркіруе сабой ваенны час, у якім адбываюцца падзеі, бо праз засяроджанне на асабістых гісторыях у такім кіно, пра гэта бывае лёгка забыць. Апошняя сцэна “Я родам з дзяцінства” паказвае як развітваюцца Ігар і Жэнька, а на фоне мы чуем зводку навін, з якой дазнаемся, што амерыканцы скінулі атамныя бомбы на Хірасіму і Нагасакі. Здавалася б, маштабы трагедый несупастаўныя, тое, пра што мы чуем, мусіць уражваць і мы мусім спачуваць праз гэтую трагедыю, але па-сапраўднаму мы спачуваем хлапчукам, двум маленькім сябрам, якія развітваюцца мабыць назаўсёды. У фільме “А зоры тут ціхія” — якім часта “закрываецца” эпоха адлігі ў савецкім кіно — ў кульмінацыйнай сцэне растрэлу жаночага батальёна на фоне ўсё той жа адчужаны левітанаўскі голас з радыёпрыёмніка прамаўляе: “На фронце асаблівых змен не адбылося, у некаторых раёнах прайшлі баі мясцовага значэння”. Вось у гэтай прорве паміж мясцовым і глабальным, асабістым і калектыўным, ціхім і гучным, маленькім і вялікім — новы погляд і новая адчувальнасць шасцідзесятнікаў. Віктар Тураў акрэсліў гэтую эпоху ў беларускім кіно знакамітай “Праз могілкі” напачатку, карцінай “Я родам з дзяцінства” ў працяг, але завяршэння, на жаль, пабачыць нам было лёсам не наканавана.
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…