«Давайте повітаємо кінець старої імперії зі столицею у Москві й за початок нової імперії зі столицею у Мінську»
Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання Лявон Баршчэўскі пра распад СССР: міфы і рэальнасць
(Працяг. Частка 1, Частка 2, Частка 3, Частка 4, Частка 5)
Мы, у Апазіцыі БНФ, глядзелі на гэта крыху інакш. Баючыся, што Садружнасць Незалежных Дзяржаў, што стваралася тады – няхай сабе і з цэнтрам у нашым Мінску – можа пры пэўным развіцці падзей ператварыцца ў чарговы «саюзны цэнтр», мы з вялікай ступенню імавернасці меркавалі, што ў такім міждзяржаўным аб’яднанні мы з Украінай (а балтыйскія рэспублікі ў СНД не збіраліся, бо Дзяржсавет СССР прызнаў іх незалежнасць яшчэ 6 верасня таго года) маглі б апынуцца ў відавочнай меншасці, нават калі б нас падтрымлівалі яшчэ, скажам, Грузія і Арменія.
Была выпрацавана канцэпцыя, якую, з вядомых яму меркаванняў, падтрымаў і міністр Пётр Краўчанка, што сярод краін-заснавальніц СНД не павінны знаходзіцца краіны, на тэрыторыі якіх у гэты момант вяліся баявыя дзеянні. Да такіх краін у снежні 1991 г., безумоўна, належалі Азербайджан, Арменія, Малдова, Таджыкістан (Расія тады яшчэ не распачала сваіх чачэнскіх авантур).
Камуністычная наменклатура, што мела абсалютную большасць у нашым Вярхоўным Савеце, хоць і прагаласавала за ратыфікацыю Віскулёўскіх пагадненняў, у палітычным дачыненні не мысліла актыўна: галоўным для яе быў падзел былой агульнай, саюзнай і рэспубліканскай уласнасці.
Таму, калі ўзнікла прапанова завяршыць віскулёўскі працэс на сустрэчы кіраўнікоў краін СНД разам з парламенцкімі дэлегацыямі, склад нашай дэлегацыі быў сфарміраваны збольшага з дэмакратычна настроеных дэпутатаў.
Большасць прагаласавала за ўключэнне ў склад парламенцкай дэлегацыі Зянона Пазняка (нечуваная дагэтуль рэч!), мяне, Віктара Ганчара, Інэсы Драбышэўскай. Паводле сваіх пасад у алма-ацінскай сустрэчы мусілі ўзяць удзел вышэйшая службовая асоба Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, прэм’ер-міністр Вячаслаў Кебіч, міністр замежных спраў Пётр Краўчанка, незадоўга перад гэтым прызначаны міністр па справах абароны генерал Пётр Чавус.
У якасці дарадцаў ехалі кіраўнік службы пратакола нашага знешнепалітычнага ведамства Станіслаў Агурцоў і кіраўнік юрыдычнай службы Вярхоўнага Савета Рыгор Васілевіч (пазней, пры Лукашэнку, кіраўнік канстытуцыйнага суда і генеральны пракурор). У адным самалёце з намі ў Алма-Ату ляцела досыць вялікая група беларускіх журналістаў, у складзе якой, сярод іншых, быў і Анатоль Майсеня.
Пры нагодзе ўзгадаем, што ў кампанію 1994 года адным з важных лозунгаў кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі будзе: «Асудзіць як здраднікаў тых, хто дапамагаў развальваць Вялікую Дзяржаву».
Пазней, зрабіўшыся прэзідэнтам, ён як бы – вядома, выбарачна – пра гэта «забудзе»: на нейкі час Віктар Ганчар стане віцэ-прэм’ерам урада, Інэса Драбышэўская – міністрам аховы здароўя, Пётр Чавус – дарадцам урада, а Рыгор Васілевіч яшчэ вельмі доўга будзе знаходзіцца на пасадах і старшыні канстытуцыйнага суда, і генеральнага пракурора.
Палёт нашай дэлегацыі з Мінска ў Алма-Ату 20 снежня доўжыўся ў суме амаль 7 гадзін, пры гэтым пытанне з дазапраўкай урадавага самалёта вырашалася праз Уфу, дзе прэм’ер урада Башкартастана асабіста распарадзіўся заліць паліва ў бакі нашага ТУ-154.
Прэм’ер Кебіч шчыра дзякаваў за гэта, бо перад гэтым у кулуарах прызнаваўся, што сітуацыя з наяўнасцю авіяцыйнага паліва ў Мінску вельмі напружаная (што не дзіўна, калі зноў прыгадваць пра тагачасны дэфіцыт хлеба ў крамах)…
Алма-ацінская сустрэча кіраўнікоў дзяржаў і парламенцкіх дэлегацый будучага СНД (а гэта былі 11 былых саюзных рэспублік, акрамя краін Балтыі і Грузіі) пачалася фактычна праз некалькі гадзін пасля прылёту ўсіх дэлегацый у Алма-Ату. Наша дэлегацыя была паселена ў адным загарадным будынку разам з Украінай, што дадало ўпэўненасці кіарўніку дэлегацыі Шушкевічу і прэм’еру Кебічу.
Памятаю падчас успольнай вячэры, удзельнік украінскай дэлегацыі вядомы паэт і дэпутат украінскага парламента ад Народнага Руху Украіны Іван Драч пажартаваў: «Давайте повітаємо кінець старої імперії зі столицею у Москві й за початок нової імперії зі столицею у Мінську».
Гэта быў і не жарт: мы, беларускія апазіцыянеры сур’ёзна непакоіліся, што пры пэўных абставінах, СНД можа ператварыцца ў заменнік СССР, дзе галоўныя рашэнні будзе прымаць адна Расія.
Праз нейкую гадзіну пасля заканчэння згаданай вячэры пачаліся перамовы працоўных груп дэлегацый усіх 11 краін на чале з кіраўнікамі парламентаў і ўрадаў. Пры гэтым дзейныя кіраўнікі дзяржаў, у т. л. Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Станіслаў Шушкевіч, адправіліся адпачываць, а ўсе астатнія, у рэзідэнцыі прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, пачалі доўгі і няпросты працэс узгаднення не толькі тэксту будучай Алма-Ацінскай дэкларацыі (канчатковая версія якой даступная ў Сеціве), але і, часткова кулуарнае, вырашэнне канкрэтных пытанняў: што забярэ сабе Расія як фармальная пераемніца Савецкага Саюза ў міжнародна-дыпламатычным плане, а што дастанецца астатнім былым саюзным рэспублікам.
Побач з кіраўніком нашай працоўнай групы, прэм’ерам Кебічам, за сталом перамоў сядзеў Зянон Пазняк, з другога боку – Пётр Краўчанка, і ў выніку Вячаслаў Кебіч моцна пасмялеў і выказваў досыць непахісныя пазіцыі што да падзелу саюзнай маёмасці і нават у пытанні, якія краіны могуць лічыцца заснавальнікамі і паўнапраўнымі ўдзельнікамі СНД, а якія – не, бо на іх тэрыторыях ідуць ваенныя дзеянні.
На наш бок у гэтым пытанні ўжо схіляліся дэлегацыі Расіі, Украіны, Казахстана, Узбекістана, Туркменістана, але назаўтра падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Станіслаў Шушкевіч не стаў адстойваць кансалідаваную пазіцыю нашай дэлегацыі, у выніку чаго ўсе 11 краін атрымалі ў СНД роўны статус заснавальнікаў і чальцоў.
Няпростым было пытанне абмеркавання падзелу саюзнай маёмасці, але запомнілася, як тагачасны выканаўца абавязкаў расійскага прэм’ера Ягор Гайдар прыслухаўся да нашых і ўкраінскіх аргументаў і былі прапанаваныя збольшага выгадныя нам праекты рашэнняў па гэтым пытанні.
Наогул, Ягор Гайдар зрабіў на мяне ўражанне вельмі інтэлігентнага чалавека, які не раз за гэтую ноч паўтараў фразу: «В данном вопросе трудно не согласиться с мнением белорусской делегации».
Больш складаным аказалася пытанне наконт будучыні Савецкай арміі і яе маёмасці. Рэч у тым, што міністр па справах абароны Пётр Чавус быў прызначаны на пасаду проста напярэдадні Алма-Ацінскай сустрэчы і толькі літаральна за колькі дзён перад тым прыехаў у Мінск з Масквы, дзе перад тым стаяў на чале саюзнай грамадзянскай абароны.
На сустрэчы працоўных груп ён папросту не ведаў, што гаварыць, а таму і не гаварыў. Функцыю перамоўшчыкаў у пытанні, напрыклад, пад чыё камандаванне мае перайсці Віцебская дэсантная дывізія, павінны былі браць на сябе Зянон Пазняк і Пётр Краўчанка, якіх у большасці выпадкаў быў змушаны падтрымліваць прэм’ер Кебіч.
Уранні, падчас снедання Зянон Пазняк, памятаючы пасіўную пазіцыю Пятра Чавуса на начных перамовах і ведаючы, што той мусіць адправіцца на перамовы з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, усяляк падбадзёрваў апошняга, прапанаваўшы яму адназначна падтрымаць напрацоўкі начных размоў у вайсковых пытаннях, а потым проста больш не выказвацца, дэманстраваць упартае маўчанне.
Пры гэтым Пазняк жартам паведаміў генералу Чавусу: «У незалежнай Беларусі вы атрымаеце званне польнага гетмана», а той, відавочна, збянтэжыўся, радавацца гэтаму або не. Падаецца, што Пётр Чавус падчас сустрэчы на вышэйшым узроўні ўсё-такі нічога важнага для нашай краіны не здаў.
Хоць вынікі сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў 21 снежня нас, прадстаўнікоў фронтаўскай апазіцыі, шмат у чым не задаволілі, шмат якія дамоўленасці папярэдняй начы былі праігнараваныя або прыняцце рашэнняў па іх было адкладзена на нявызначаны тэрмін, усё ж такі адбылося галоўнае: прэзідэнт СССР мусіў пагадзіцца з тым, што і ён, і ўсе саюзныя органы спыняюць свае паўнамоцтвы не пазней як 25 снежня 1991 года.
Дарэчы, што сімвалічна, у дзень Божага Нараджэння паводле грыгарыянскага календара, які і па сёння застаецца афіцыйным святочным днём у Беларусі.