Губарэвіч: Як толькі пачнуцца перамены, Рух «За Свабоду» будзе рэгістраваць праеўрапейскую партыю
Як для арганизацыі прайшоў год пераменаў – 2020-ты, што будзе пасля пазбаўлення рэгістрацыі і якія планы на першыя свабодныя выбары, СН+ распавядае лідар Руху Юрый Губарэвіч.
– Рух «За Свабоду» ствараўся на хвалі грамадскага ўздыму пасля выбараў 2006 года. Калі апазіцыя аб’ядналася і мела адзінага кандыдата. Чымсьці гэта нагадвае 2020-ты. Тады таксама жылі спадзяваннямі… Гэта быў перыяд адносна ранняга кіравання Лукашэнкі, і ў грамадстве яшчэ мелася надзея, што праз дэмакратычныя выбарчыя працэдуры пры ўмове выстаўлення моцнага альтэрнатыўнага кандыдата можна рэалізаваць перамены ў краіне.
У рух увайшлі прадстаўнікі розных палітычных плыняў. Гэта насамрэч была пляцоўка, якая аб’ядноўвала ўсіх – ад правых да левых. Але большую частку склалі людзі, якія раней не займаліся палітычнай дзейнасцю. Іх натхнілі падзеі Плошчы-2006, яны верылі, што пры ўмове працы і падрыхтоўкі да наступнай прэзідэнцкай кампаніі ёсць магчымасць узмацніць патэнцыял, і тады ўжо насамрэч вырашыць праблему нязменнасці ўлады ў Беларусі.
Гэтыя спадзяванні не былі дарэмнымі. Насамрэч беларускаму грамадству часта не хапае аб’яднання, і традыцыйная апазіцыя не заўсёды здольная дэманстраваць прыклад такога аб’яднання. Што і адбылося ў 2007 годзе, калі Кангрэс дэмакратычных сілаў фармальна аспрэчыў лідарства Аляксандра Мілінкевіча, заснавальніка Руху «За свабоду», адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.
Для людзей, якія былі натхнёныя 2006 годам, стала зразумела, што ўсё ж такі працэс працы на змены будзе мець больш працяглы характар.
Усе гэтыя пятнаццаць гадоў Рух быў пляцоўкай для самарэалізацыі абсалютна розных дэмакратычных актывістаў як па партыйнай прыналежнасці – у нашых шэрагах ёсць прадстаўнікі шэрагу палітычных партыяў, так і людзей, якія ўпершыню спрычыняюцца да грамадскага ўдзелу і маюць намер нешта зрабіць дзеля пераменаў у Беларусі.
– Як прайшоў для вас 2020 і 2021 год? Ці закранулі рэпрэсіі?
– Рух – адна са складовых частак беларускага грамадства, таму натуральна, што ўсе працэсы, якія адбываліся ў Беларусі, адбіліся і на самой арганізацыі, на нашых актывістах. Свой намер удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі мы агучылі значна раней, чым тыя кандыдаты, якія ў выніку былі зарэгістраваныя і сфармавалі каманды непасрэдна перад кампаніяй.
Мы працавалі вельмі шмат на аб’яднанне наяўных на той момант дэмакратычных сілаў, былі аднымі з лабістаў правядзення праймерыз для вызначэння адзінага кандыдата, і я знаходзіўся сярод удзельнікаў працэдуры.
Канечне, можна зараз шукаць абгрунтаванні, чаму не атрымалася давесці гэтую працэдуру да канца. Але калі ўзгадаць папярэдні год, вельмі шмат усяго адбывалася спантанна. Калі з пэўных прычынаў адна кампанія не рэалізоўвалася і заходзіла ў тупік, то яе як хваля змяняла і падхоплівала іншая. Тое ж можна сказаць і пра кандыдатаў, якія выстаўляліся пазней, калі хтосьці не праходзіў сіта адсеву на этапе праверкі подпісаў ці трапляў у турэмнае заключэнне – на змену ім прыходзілі іншыя.
Я не лічу зробленае тады намі памылкай. Гэта — унёсак у агульную справу, бо мы пачалі абуджаць грамадства задоўга да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў – той жа самы праймерыз, паездкі па рэгіёнах. Працэс здолела спыніць толькі хваля каранавіруса, якая была нечаканай як для нас, так і для ўсяго свету.
Тыя дэбаты, размовы пра неабходнасць аб’яднання і актыўнага ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі, я перакананы, стымулявалі большую цікаўнасць да выбарчай кампаніі як сярод прадстаўнікоў новых палітычных плыняў, так і ўсяго грамадства. Унёсак быў зроблены.
У жніўні і ўсю восень 2020-га актывісты Руху апынуліся на вастрыні падзеяў. Шмат дзе ў сваіх гарадах яны былі нефармальнымі ці прызнанымі лідарамі пратэстаў. Праз гэта моцна і пацярпелі. Найбольш яскравы прыклад – Вітольд Ашурак, які стаў на чале вулічных падзеяў на Лідчыне і патрапіў пад вельмі жорсткі прэсінг уладаў, атрымаў пяць гадоў знявольвання і пры невядомых абставінах загінуў у шклоўскай калоніі.
Падобных лёсаў, на жаль, у Руху «За Свабоду» шмат. На сёння мы маем каля дзесяці чалавек, сяброў арганізацыі, якія ці ўжо атрымалі тэрміны па палітычных матывах, ці чакаюць суда. Сотні, без перабольшвання, нашых актывістаў прайшлі праз адміністрацыйныя затрыманні, арышты, суткі або штрафы. Некалькі дзясяткаў чалавек вымушаныя пакінуць Беларусь, ратуючыся ад крымінальнага пераследу.
Але асноўная частка сяброў Руху застаецца і працягвае дзейнічаць з Беларусі.
– Як вы ацэньваеце свой патэнцыял на сёння?
– За пятнаццаць гадоў існавання Руху «За Свабоду» праз шэрагі нашай арганізацыі прайшлі тысячы чалавек. Гэта не значыць, што яны прыходзілі і не затрымліваліся, але кожны сам вызначае, на які перыяд гатовы займацца актыўнай грамадскай ці палітычнай дзейнасцю.
Часам гэта былі людзі, заангажаваныя пад канкрэтную палітычную кампанію, яны ўліваліся ў актыў ці штабы кандыдатаў, якіх падтрымліваў Рух, удзельнічалі ў назіранні. Мы заўсёды выстаўлялі сотні назіральнікаў па краіне. Хтосьці бачыў для сябе магчымасць удзелу ў непалітычных актыўнасцях, такіх, як адукацыйныя мерапрыемствы або праца па вырашэнні сацыяльных праблемаў.
Мы ўдзячныя кожнаму чалавеку, які далучаўся, працаваў разам з намі.
На сёння ў Руху «За Свабоду» парадку 800 сябраў, якія афіцыйна пацвердзілі свой удзел праз падачу заяваў. Пераважна гэтыя людзі захоўваюць актыўнасць. Нават у сённяшніх складаных умовах яны рэалізоўваюць свае ініцыятывы.
Не пра ўсё зараз кажуць адкрыта, ёсць пагроза: любая несанкцыяваная ўладамі дзейнасць можа быць ацэненая як непажаданая, і людзі патрапяць пад пераслед. Тым не менш, мы працягваем рабіць усё, каб грамадства, якое абудзілася ў 2020 годзе працягвала верыць у свае сілы, у тое, што перамены будуць і яны патрэбныя для краіны.
Існаваць у тым стане, у які рэжым завёў краіну, немагчыма. Гэта шлях у тупік.
– Што такое ліквідацыя рэгістрацыі для вас? Якія планы арганізацыі, як яна будзе працаваць у новай рэчаіснасці?
– Мы цудоўна разумелі, што пазбаўленне рэгістрацыі непазбежна. У краіне, дзе абвешчана, што “часам не да законаў”, немагчыма выкарыстаць прававыя інструменты, каб даказаць – абсурдныя прэтэнзіі таго ж самага Мінюста з’яўляюцца беспадстаўнымі. Мы зрабілі ўсё дзеля іх аспрэчвання, таму працэс ліквідацыі зацягнуўся даўжэй, чым у іншых арганізацыяў, але ўсё ж завяршыўся прадказальна.
Цягам апошніх палутара гадоў рэгістрацыя для Руху «За Свабоду», і я думаю, не толькі для яго, не давала ніякіх перавагаў. Калі прававыя нормы не працуюць. Прыклад? Так, заяўка ў Мінгарвыканкам ад імя арганізацыі на правядзенне мерапрыемства, прысвечанага святкаванню Дня Волі, расцанілася спецслужбамі як адзін са сцэнароў дэстабілізацыі, і гэта прывяло да палявання на заяўнікаў. Пра што тут можна казаць?
Пазбаўленне рэгістрацыі нічога не мяняе. Асноўны патэнцыял Руху «За Свабоду» не ў тых паперах, якія ў свой час адшкадаваў беларускі рэжым і падаваў як вялікі прагрэс у перыяд адноснай лібералізацыі 2008-2010 гадоў.
Застаюцца людзі, якія прайшлі праз школу дэмакратычнай, негвалтоўнай барацьбы. Іх досвед мае найвялікшую каштоўнасць. Гэтыя людзі ведаюць, што такое пераслед, з якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца, ведаюць, як дзейнічае рэжым, і гатовыя адстойваць свае правы нават у сённяшніх складаных умовах.
Праца працягнецца ў рэалізацыі грамадскіх ініцыятываў на тэрыторыі Беларусі. Як і ў фармаванні праграмаў рэформаў – гэта тое, чым Рух «За Свабоду» займаўся яшчэ з выбараў 2010 года. У нас ёсць цэлы набор прапановаў. Мы перакананыя: гэта тое, што будзе патрэбна ў Новай Беларусі, бо пад час зменаў не будзе хапаць часу на распрацоўку першых крокаў, таму мы павінныя думаць пра гэта ўжо зараз.
Будуць рэалізоўвацца розныя ініцыятывы і сябрамі Руху, якія пакінулі Беларусь. У іх, канешне, значна больш зручнасцяў для дзейнасці. Яны не мусяць чакаць кожны дзень, што да іх прыйдуць і арыштуюць.
Але большасць актывістаў застаюцца ў Беларусі і гатовыя ў меру сваіх магчымасцяў працаваць з грамадствам. Дапамагаць у вырашэнні праблемаў, настройваць людзей на перамены, праяўляць салідарнасць. Гэтая праца пастаянна вядзецца на ўзроўні нашых рэгіянальных ініцыятываў.
– Якая пазіцыя па рэферэндуме? Які план дзеянняў вы прапануеце сваім прыхільнікам?
– Праз усю гісторыю Руху «За Свабоду» мы займалі паслядоўную пазіцыю адносна ўдзелу ў электаральных кампаніях і лічылі, што мабілізацыя грамадства, актыўны ўдзел значна лепш за пасіўнае суназіранне альбо байкот.
Пацвярджэннем нашай пазіцыі сталі падзеі 2020 года, калі грамадства прыйшло на выбарчыя ўчасткі і заявіла аб сваім праве на змену ўлады, запатрабавала рэальна лічыць галасы. Сярод іншага гэта дазволіла людзям зразумець, што іх большасць. Таму мы схіляемся да падтрымкі пазіцыі актыўнага удзелу.
Дзіўна будзе выглядаць, калі сённяшні беларускі рэжым, прааналізаваўшы небяспекі мінулага году, пачне дэмабілізаваць грамадзян і заклікаць да няўдзелу. Але актыўны ўдзел мусіць быць з адной супольнай пазіцыяй. Гэтая пазіцыя ўжо агучаная прадстаўнікамі новых дэмакратычных сілаў. Я думаю, у дадзенай сітуацыі будзе неразумна выступаць з пазіцыяй, якая ідзе ўразрэз. Гэта дэмабілізуе прыхільнікаў пераменаў.
Канечне, сітуацыя можа разгортвацца абсалютна нечаканым чынам. Можа, і не будзе гэтага рэферэндуму. Бо рэжым таксама да канца не перакананы ў неабходнасці яго правядзення. У любым выпадку, мы перакананыя, што грамадзяне Беларусі маюць права быць пачутымі і маюць права на вырашэнне свайго лёсу. Рэферэндум не мусіць стаць кампаніяй, праведзенай таемна, вынікі якой будуць толькі даведзеныя да насельніцтва і агучаныя як факт.
Мы павінныя быць актыўнымі.
– Якім вы бачыце Рух «За Свабоду» праз год? Праз пяць год? У Новай свабоднай Беларусі?
– Рэжым праз узмацненне рэпрэсіяў, татальнае запалохванне насельніцтва спрабуе ўзяць рэванш, спрабуе пераканаць перад усім сябе, што ўсё пад кантролем, ніякіх зрухаў бліжэйшым часам не будзе. Але мы цудоўна ведаем: гэта не так.
Людзі, якія аднойчы абудзіліся, не зменяць сваё меркаванне праз пугу, заганянне ў стойла і не стануць прыхільнікамі тых, хто зараз спрабуе ўтрымаць уладу ў Беларусі.
Таму колькі б гэты перыяд не працягваўся, я перакананы, што перспектывы для нашай краіны ўсё роўна самыя станоўчыя. Надыдзе час, калі ў Беларусі адбудуцца змены. Магчыма, гэта пабачым у бліжэйшым годзе, магчыма, давядзецца папрацаваць яшчэ.
Для Руху «За Свабоду» ў Новай Беларусі мы бачым ролю вядучай праеўрапейскай палітычнай сілы. Арыентацыя на Еўрапейскі звяз – гэта тое, што было дэкларавана ад пачатку нашай арганізацыяй. Яна стваралася як грамадска-палітычны рух, які ставіў перад сабой і палітычныя мэты.
У Новай Беларусі пабачым зусім іншую сітуацыю, не трэба будзе імітаваць удзел у палітыцы: спатрэбіцца рэальна займацца ёй. Гэта значыць, рэальна прэтэндаваць на ўладу, арганізоўваць працу ў выбарных органах усіх узроўняў. Мы павінныя да гэтага быць падрыхтаваныя, мець праграму рэформаў, пра якія я ўжо казаў, і таксама моцную каманду кандыдатаў, якія здольныя выйграваць у сумленнай барацьбе ў парламенцкіх, мясцовых, і, магчыма, прэзідэнцкіх выбарах.
Мы адкрытыя да пабудовы кааліцыяў, у тым ліку і з новымі палітычнымі сіламі, але асноўная наша ўмова: будуем кааліцыі з аднадумцамі, тымі, хто так жа, як і мы, бачыць Беларусь складовай часткай Еўропы.
На сёння праеўрапейская ніша незанятая, нават традыцыйная апазіцыя вельмі часта схіляецца да рыторыкі, што трэба нейкім чынам улічваць расійскія інтарэсы, што яны маюць права на прысутнасць і дамінаванне ў нашай краіне як у эканамічнай, так і палітычнай, ваеннай сферах. Мы лічым, што гэта не так.
Для Беларусі адзіны шлях — у Еўрапейскі звяз. Усё іншае пры наяўнасці абсалютна недэмакратычнай, імперскай Расіі, любыя формы інтэграцыі з ёй – гэта пагроза нацыянальным інтарэсам.
Як толькі адбудуцца перамены, як толькі гэта стане магчымым, Рух «За Свабоду» будзе рэгістраваць праеўрапейскую дэмакратычную партыю Беларусі.