Толькі любоў вартая Калядаў…
Снег бывае рознага колеру. А таксама рознай фактуры. Сляды птушак і людзей, ветра і снегапрыбіральных машын вырабляюць на снезе мапу зімы. А калі яе падсвечвае вечаровае сонца колеру халоднай гарбаты, мапа робіцца рухомай. Ну, а назіраць як павольна і густа падае з неба снег, “нібы аповед, які ніхто не слухае”, -- найлепшыя імгненні ў прадчуванні Калядаў.
…Адно, калі на душы спакой.
У гэтыя перадкалядныя дні хочаш не хочаш, але азіраешся і згадваеш святочныя ялінкі свайго дзяцінства. Дакладна памятаю, што яны былі памерам ад падлогі да столі і на галінках ляжалі палоскі ваты. Апроч шкляруса, фігурак і шароў улюбёнымі былі цацкі з яек. Мы выдзьмувалі з іх змесціва і рабілі “тварыкі” з каляровай паперы і фольгі – піратаў, бурацінаў, мальвінаў… Часам яны крышыліся ў пальцах, а тыя, што выжывалі, падміргвалі з калючай гушчэчы новай ялінкі яшчэ на наступны год. Успамін цягне за сабой водар добрага шакаладу і ванільнага цеста.
… Адно, калі на душы спакой.
Ялінка ў гэтыя дні робіцца нібы Дамавіком, добрым Духам дома. Нават калі замест цэлага дрэва ў вазоне стаяць проста галінкі, ім усё адно прызначаецца роля хатняга абярэга, прынамсі, для падарункаў, якія сямейнікі з любоўю загадзя рыхтуюць адно аднаму, ну, ці хаця б дзецям. Цікава, што любімы горад, у якім нарадзіўся, бывае ўспрымаеш як уласную кватэру, дзе ведаеш усе закуткі ды закануркі. І ў пераднавагоднія тыдні гарадскія ялінкі на пляцах робяцца святочнымі прытульнымі цэнтрамі святла, зіхцення і каляднай музыкі ў тваім вялікім ці малым горадзе.
…Адно, калі на душы спакой.
Але спакою няма. І таму елкі, якія ўзводзяцца на цэнтральных пляцах, палохаючы сваім змрочным загостраным каркасам, нагадваюць вартавых, што стаяць, зашпіліныя пад самае горла. Каляровыя шары не ратуюць. Мундур ён і ёсць мундур. Навагодняя дзяржаўная эстэтыка шыхтуе радасць адмысловым чынам. На гэта працуюць цэлыя міністэрскія аддзелы, каб прымудрыцца за фармальным дэкорам надзейна прыхаваць ідэю свята. Насамрэч, яны абсалютна несумяшчальныя, гэтыя дзве атмасферы, — страха і несвабоды з атмасферай жывога карнавала. Поўны правал. Згадваюцца радкі Рычарда Гавяліса з рамана “Віленскі покер”: “Быць свабодным… – толькі калі маеш няўцямную метафізічную сілу”.
Парадокс. Мы жывём так блізка ад Вільні, горада з непаўторным жывым духам, пахам цынамону і воску, з каляднымі заснежанымі вітрынамі і святлом памаранчавых вокнаў у камяніцах…. Нашыя пагоркі можна пераблытаць з віленскімі, але дзе тая нябачная мяжа, якая перайначвае жыццёвы лад? Памежны шлагбаум?
Ёсць у цудоўнай Вільні легендарнае Зарэчча. Кожны крок там змястоўны, а позірк ловіць адметнае і знаходзіць. Вось у засені жоўтай лямпы ў маленькім акенцы камяніцы стаіць самаробны анёл. Вось сплеценыя з галінак літары запрашаюць ва ўтульную кавярню. А тут белая скульптура на валуне раскінула рукі ці то насустрач табе, ці то ад жадання абняць увесь гэты з любоўю прадуманы свет віленскага прадмесця. А бурлівая і жывая рака Вільня люструе ў сабе агенчыкі ды цені бажнц і мінакоў. А мост праз яе “прагінаецца” ад цяжару замочкаў з імёнамі.
Кожная гарадская калядная ялінка тут мае, калі не імя, дык характар. Адна – на Катэдральнай плошчы, іншая – на Ратушнай. А ячшэ адна – якраз на Зарэччы каля Анёліцы, што ўрачыста звястуе будучую вясну. Здаецца, гэтую лясную вандроўніцу ўпрыгожвалі жыхары навакольных дамоў, гаспадары і наведнікі пабаў ды кавярняў. Хатнія цацкі, самаробныя вырабы, гірлянды з арабіны і шышак – вось і атрымалася ялінка чалавечай любові.
Бо толькі любоў вартая Калядаў.