Жыцьцё з тачкай, ці На Камароўцы даруюць толькі раз. Там сьлёз няма. Там жорстка і дакладна
Здараюцца моманты, калі музыкам не да песень, а шоўмэнам – не да жартаў. Калі летась напаўзла цьмяная аблачына, што неўзабаве сталася чорнай паласой для вельмі шмат каго з нас, Аляксандар Памідораў ужо меў досьвед выжываньня. Пра ўчорашні немузычны бэкграўнд змаганьня за сябе і тое, як скарыстаўся ім зараз, ён расказвае чытачам СНплюс.
Ёсьць жарцікі, што часам для некага становяцца рэальнасьцю. Вось вам прыклад…
Быў стары вайсковы анекдот – такі, савецкі яшчэ.
Штурхае па тэрыторыі вайсковай часткі прапаршчык (ці, як хочаце, харунжы) тачку са сьмецьцем. Да КПП штурхае. А там акурат праверка, капітан цэлы стаіць. І пытаецца:
– А што ты, таварыш прапаршчык, сьп… стырыў?
– Таварыш капітан, нічога!
– Брэшаш, падла! Абавязкова нешта ты сьп… стырыў!
– Як можна! Ну нічога, во гляньце: сьмецьце, лайно з казармаў…
– Што – я вас, прапаршыкаў, ня ведаю?! Выкідай усё на асфальт, гядзець буду!
Той цяжка ўздыхнуў, перакуліў тачку. Давай капітан калупацца ў сьмецьці. Ледзь не па какарду ў бруд закапаўся, з паўгадзіны прайшло. Вылез, паабтрэсься, фуражку паправіў і кажа:
– Сапраўды, таварыш прапаршчык, нічога. Дзякую за службу. Грузіце сьмецьце і вывозьце за тэрыторыю.
– Ёсць!
Пазьбіраў усё з падлогі, працягнуўся праз браму КПП, даштурхаў да памыйкі. Зваліў непатрэбы да купы, прыпаліў “Столичную”, зыркнуў у бок плота часткі, сьплюнуў:
– Што сьп… стырыў, што сьп… стырыў… Дзябіл малагадовы, цьху! Тачку ж (ці, калі хочаце, воз)!
…І я разумею таварыша прапаршчыка (ці, як хочаце, харунжага): тачка – штуковіна ў жцьці шмат каго вельмі важная. Часамі – проста стратэгічна важная! Ва ўсялякім разе для мяне.
Слухайце далей і зразумееце, што тут да чаго, як ды чаму.
Ленінграда-Пецярбург, Балтыйскі вакзал, тачка першая
…Неяк у годзе 1994-м я адчуў сябе непатрэбным у сваёй краіне, у горадзе сваім.
Чэрвень, здалі дзяржэкзамены, дыплёмы-значкі, малады сьпецыяліст, рэжысура драмы…
– Авой, як здорава, малады рэжысэр! Нічога сабе, аж з курсу самога Валерыя Раеўскага! Мы ж разам пачыналі, канешне, мы ж знаёмыя і з вамі!
Ой, і матэрыял вы маеце? І сучаснае нешта, і Гогаля хочаце ўзяць… І аж на Бабеля погляды ёсьць?
Ну выдатна, вы менавіта той, хто нам патрэбны. А хто вашыя спонсары?
– Спонсары?
– Ну так! Без спонсараў зараз нічога не выходзіць.
– А дзяржаўная палітыка? У сэнсе заробкі…
– Даражэнькі, тут ледзьве хапае на туалетную паперу… А дэкарацыі? А каньяк у буфет набыць? А касьцюмы дарамантаваць? Не кажу, каб новыя пашыць… Авой, ця-а-а-ажка-а-а… Дык што са спонсарамі?
– Дык няма… Я ж толькі во, месяц, як скончыў…
– Шкада. Шкааада. Але ў вас у працы вельмі добры матэрыял, нам цікавы. Літаратурнай частцы тут нават няма над чым працаваць. Так што прыходзьце, як спонсары будуць.
А цяперака прабачце. У нас ад заўтра ў залі канферэнцыя Хербалайфу на тры дні, потым два выходных, потым семінар Белага Братэрства, а потым тыдзень архітэктараў.
– А спектаклі?
– Зараз пакуль не. Хіба на малой сцэне. Аб’ядналі яе з буфетам – такі, знаеце, выйшаў прыбытак!
Вось я і разгубіўся… Гэтага чалавека, вялікага, насамрэч, цяпер з намі няма.
А тады, пачуўшы такое, я ў выніку атрымаў адукацыю экстэрнам.
Пра жыцьцё ў гэтай краіне. І тады я зьехаў першы раз.
Пазьней. Увосень. Унікуды.
Гандляваць сьвінымі ды курынымі каўбаскамі, касэтамі ды папіросамі і півам у шапіку на Балтыйскім вакзале, аграндаваць “мяшэчнікаў” на тым жа сваім жа Віцебскім…
Так, Ленінграда-Пецярбург, восень 1994. І падхапіць тачку (прабачце хто, воз) у напаўп’янага грузчыка, каб не зваліў валізкі на торы, дагнаць яе да таксоўкі, злавіць свае рублікі з паветра, кінуць: “Дзякуй/Спасіба!”, ды ізноў на платформу.
І гэтаму Віцьку ягоную тачку аддаць, і пагладзець, каб кантралёр не заўважыў, што пьяны, бо адбярэ бляху. Нармальна, весела, маладзёва…
Ды гэта ж, бляха, 1994 год!
Праз 27 гадкоў, Мінск, Камароўка, тачка другая. Апошняя?
А без аніякай працы апынуцца ў 2021-м…
Складаеш “сямейны (сам і дзве коткі) бюджэт”, і разумееш – трэба рабіць, а рабіць няма дзе…
У краме пад домам ужо гатовыя ўзяць грузчыкам на працу: 10 гадзінаў, два праз два. Ды да адміністратаркі падбягае прадавачка, і ты чуеш яе шэпт: “Андрэеўна, ты ж глядзі. Гэта ж гэты, вядомы… Ну, побач жыве тут. Глядзі, у яго ж сьцяг на руцэ!”
І далей дыпламатычны прысуд: “Добра, мы вам пазванім…”…)))))
Хлопчык з ітэлігентнай сям’і заўсёды мае стасункі з бандытамі. Гэта аксіёма.
Мы цягнемся адзін да аднаго. Бо мы – і тыя, і тыя – маем эстэтыку і культуру стасункаў, любім прыгожае ў найлепшым і найвышшым яго праяўленьні.
Я быў слюсарам, кантралёрам АТК, вахцёрам…
А тут пры нецьвярозай размове, кажу
– Патрэбна праца. Ну, я знаёмы з тачкамі (ці для каго, прабачце, вазамі)…
Сябра, што прыглядае за раёнам на Камароўцы, кажа:
– Саня, ня суйся.
– Не, трэба!
Тады ён вядзе мяне на шэрагі садавіны адкрытага Камароўскага базару і проста ў першага з гандляроў пытаецца:
– Возьмеш хлопчыка на грузчыка?
– Піешь?
– Ты дзяўбень? Я перад табою ўжо пьяны, толькі з бару выйшаў!
– У аўторак каб а восьмай рана быў.
А восьмай рана мусіш быць на базары. І гэта ты прымеркаваны да дакладнай кропкі гандлёвай. Працуеш “на чорна” – тобок, няма ў цябе ані санітарнай кніжкі, няма цябе ў рэестры.
Грузіш і цягнеш на кропку з падвалу, з халадзільніку яблыкі, потым выстаўляеш вітрыну на кропцы, потым па гарызанталі ўжо едзеш на склад, адтуль забіраеш на кропку яшчэ колькі скрыняў яблык.
Потым вяртаешся да машыны і адтуль перакідваеш на склад агульным лікам ад паўтоны да дзьвюх з паловай гэтыя яблыкі.
Частку вязеш потым на ніз, на халадос. Увечар забіраеш з адной-дзьвюх гандлёвых кропак непрададзенае – і туды ж, на ніз.
А назаўтра разгрузі да дзявятай рана машыну/фуру яблык, закінь на кропкі.
Пачакай, пакуль кантралёры ня сыйдуць ад брамы гаспадарчай, і абачліва туды ж, на склад, адвязі ў два прыйманьні пад тону яблык.
А потым перакідай паўтары тоны сьлівы на халадзільнік.
Сьліва і журавіны — сэзонны і вельмі адказны прадукт. Сьліва вельмі хутка псуецца, яе прывозяць у невялікіх пластыкавых палетах. Але яны з поліэтылену, сьліва цяжкая, поліэтылен драпае рукі, пальцы. Сок зацякае ў трэскі скуры. Даволі непрыемна з кропкі погляду касьметалагічнага. Журавіна — рэч дробная. «Бананка» журавіны важыць на пару-тройку кіло цяжей за яблыкі. Насыпаюць «з горкай». Прасыпаць ня маеш права — тавар жа ж!)))
Тачка хоць старая, паслухмяная, але колы ўжо ня тыя. І мусіш пільнаваць, каб не нахілілася. Бо нахілісься – тваё зь яе абрынецца.
А на Камароўцы даруюць толькі адзін раз. Гэта нават не Масква зь яе сьлязьмі. Там сьлёз няма. Там жорстка і дакладна.
тачка. максімальная вага для перавозкі 300 кг. ясна, што цягаем болей. але праз паўтара месяцы маёй зь ёй працы, на яе паставілі новыя заднія паваротныя колы. з гамульцамі.)))
“Кіроўцы” тачак – гэта хлопакі-забіякі: мент, артыст і два ваякі
Во дзе і з чым я і адчуў сапраўдную працу. Бо так я ніколі не пацеў, і ніхто так не пацеў – прабачце, ды паспрабуйце! – ані на адной прабежцы, ані ў адным фітнэсе, ані на якай велавандроўцы.
Дзякуй хэўры, у якую трапіў: вайскоўцы ў мінулым – пастаўшчык Азіз, былы проціпаветраны абаронца з Азэрбайджану, гандляр Вова, мажны былы “аўганец”, і гаспадар гандлю, у далёкім мінулым аператыўны супрацоўца Маскоўскага РУУС Менску, Коля, ну і я, музыка…
А тачка (ці, як хочаце, воз. Хіці – што гэта за воз?) хоць і кладзецца ручкамі ў рукі, але можа ня дацца.
Як перагрузіў, ды не зразумеў, як – можа цябе назад пацягнуць.
Ці з пандусу, як яе за сабою цягнеш, накаціць, і тады бяжы-бяжы, хлопец, ногі-тулава беражы…))) Але і тавар таксама ня мусіш кінуць.
Ну і яшчэ пра тачку.
Максімальная вага для перавозкі ў яе 300 кг. Ясна, аднак, што цягаем болей. Праз паўтара месяцы маёй зь ёй працы на тачку паставілі нарэшце новыя заднія паваротныя колы. З гамульцамі.)))
А зараз – пра таго, хто за “стырном”. Дык вось, як новы грузчык на базары – увесь базар ва ўвазе. Усе прыглядаюцца: як цягнеш, колькі “бананак” грузіш, як ходзіш, як з мясцовымі размаўляеш…
Ну, мяне за тры дні “праламілі”, у сэнсе, высьветлілі, хто да іх працаваць прыйшоў. І падмургваньні на рампе, і пытаньні “ці ня крыўдзяць?”, і як цягнеш з 20 “бананак” яблык на гару на пандусе…
Побач такі ж, зь мясам, штурхае сваё, але кажа: “Жыве Беларусь!”
Нават неяк падумаў, што дурная мая галава, трэба было раней да сябра камароўскага зьвярнуцца па гэтую працу. Больш бы карысьці было.
Шмат можна распавядаць.
І пра амаль бунт з раніцы. Калі пасьля вядомага выказваньня вядома каго па тэлебачаньні, пра тое, што маскі – гэта бздура, і можна іх не насіць, палова прадаўцоў на Камароўцы выйшла без масак/экранаў на тварах, пакупнікі а дзявятай таксама без масак…
І толькі кантралёры бегаюць, ня ведаюць, што рабіць. Крыкам крычаць на пакупнікоў, на прадаўцоў… А ім усе сьпярша сьмяяліся, а потым ледзь не да бойкі дайшло. Абыйшлося.
Памяркоўны народ. Нават на Камароўцы. Толькі не са сваімі.
Трэці “касяк” не прабачаюць. Калі ад цябе адмовіліся – аб працы на базары забудзься. Ніхто ня возьме.
Мне можа ізноў пашчасьціла. Я толькі два разы накасячыў. І тое так, дробна.)))
Сэзон скончыўся ў апошні дзень лістапада. Разьлічыліся, усё шчыра.
І потым зьбіраю рэчы ўжо павольна – Коля тэлефануе:
– Саня, дапамажы, трэба выйсьці пару дней.
Ну, пацяплела, можна працаваць. І кажа, што пазахварэлі амаль усе грузчыкі на базары. Кавідка, яці яго.
Выйшаў апошнія два дні. Ну і што? Зь пятнаццаці грузчыкаў на працы было толькі пяць. Здаровая краіна, што…)))
Але ёсьць там такія людзі, што я дагэтуль дзіўлюся, як пад 50 палетаў садавіны цягне чалавек малады па гарызанталі і потым на ніз, у халадзільнік. Адна палета 12 кіло важыць. Я так і не спрабаваў.)))
Мы сябе называлі наступным чынам: хлопакі-забіякі: мент, артыст і два ваякі. Кланяюся за навуку.
Жартую часам, наконт: а што яшчэ мог прыдумаць менскі жыд у крызісны час?
Пайсьці грузчыкам на сэзон на базар працаваць. На садавіну.
Вітаміны, тое, сёе…)))))
Навука жыцьця…
Вам стала сумна ад гэтага расповеду? Тады трошкі сьвяточнай музыкі ад Аляксандра Памідорава — ён пажыцьцёвы аптыміст! Верым у лепшае, сябры!
Аляксандар Памідораў