З гадамі святы і будні святкуюцца аднастайней.
Згараюць лішкі адвагі, але прытупляецца страх.
Аматар травы і сена, шукаючы цёплай стайні,
хаджу па чужых дварах, дарах і календарах.
Святкуюць не па-спартанску, і хочацца ўзяць па трыста:
пашлі мне, Гасподзь, другога, бо мусіць жа быць другі!
А побач апошні лірнік калядкай вабіць турыста,
ды сэрцы быццам каменні – і муза валіць з нагі:
“Халоднай парой у мясцовасці звыклай хутчэй да пугі,
чым да салодкіх пернікаў, якіх не хопіць на ўсіх,
на сцэне арыштаванай смяротныя граюць фугі
і лупіць сем пакрывалаў з прыгонных акторак псіх.
У лесе памежным яднаюцца ўсіх краін пралетарыі,
а мытнік па-чэснаму дзеліць іх вопратку з пагранцом.
Трох магаў, яны ж астролагі, звольнілі з планетарыя,
бо ў небе над вышкай – зорка. З лішнім, шчаслівым канцом.
Цар Ірад сябе ўяўляе вясёлым Дзедам-Марозам
і сінія пальцы фокус рыхтуюць для немаўлят.
А тая, што гоніць па небе Малым ці Вялікім Возам,
ужо і сама не ведае, ці справіцца да Каляд”.
Як добра, што ў вечных сюжэтаў існуюць свае законы –
на тое і зорка, каб выйграць без гандлю і перамоў.
І хлопчык з дзяўчынкай смела глядзяць у свет заваконны,
бо высахнуць слёзы ў маці і бацька прыйдзе дамоў.
І будзе мора шампану, што прагне даўно быць выпіты.
Са сховаў выйдуць падпольшчыкі і вернуцца ўцекачы.
Бо, згодна разумным кнігам, ёсць час уцякаць у егіпты –
і час выходзіць з егіптаў, каб рабства перамагчы.
Каб проста мірнае свята – і больш нічога такога.
Каб хлопчыкі і дзяўчаткі знайшлі пад ялінкай дары.
І я там мёд-піва вып’ю – пашлі мне, Гасподзь, другога
і трэцяга, бо найлепей такое дзяліць на тры.