“Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі”
13 студзеня незалежная тэатральная група “Купалаўцы” прадстаўляе анлайн-прэм’еру – спектакль паводле сатырычнага рамана Сяргея Пясецкага “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі”. Мы ўжо рыхтуемся і, каб сугрэцца на марозе чакання, прыгадваем сёе-тое пра самога Пясецкага і ягоны твор.
Зброю трымай бліжэй да сэрца
Не будзем доўга пра біяграфію, здаецца, гэты ліха закручаны жыццяпіс ужо трывала замацаваўся ў беларускай культурнай прасторы.
Народжаны ў Ляхавічах Сяргей Пясецкі (летась святкавалі былі 120 гадоў з дня нараджэння) – пісьменнік, кантрабандыст, шпіён, партызан, які дасканаліў сваю польскую мову ў турме па Бібліі і выйшаў на волю менавіта дзякуючы сіле свайго таленту – выйшаў паспяховым літаратарам, зоркай свайго часу.
Галоўны твор Пясецкага, аўтабіяграфічны раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, стаў хітом. Гэта працяты тугой і замілаваннем да кожнага моманту адчайнай маладосці аповед пра памежную Ракаўшчыну часоў міжваеннага дваццацігоддзя. Калі вы яшчэ не чыталі, то на беларускую мову раман перакладзены ўжо тройчы, ёсць таксама аўдыёкніга.
З турмы хворы на сухоты Сяргей Пясецкі выйшаў у 1937 годзе і “рэабілітацыю” праходзіў на возеры Нарач, якому нават прысвяціў поўны захаплення краязнаўчы артыкул. Доўга пабыць зоркай у яго не атрымалася, бо пачалася вайна.
Падчас вайны ён працаваў на польскую выведку, але па меры прасоўвання бальшавікоў на захад быў вымушаны адступаць. Бальшавікоў пісьменнік люта ненавідзеў з часоў кастрычніцкай рэвалюцыі, непасрэдным сведкам якой быў у Маскве. “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” сталі саркастычным увасабленнем асабістага досведу, спробай сказаць апошняе слова наўздагон эпосе.
Думка напісаць падобную сатыру ўзнікла ў Пясецкага яшчэ ў 1940 годзе, ёсць меркаванне, што ў галоўнага героя быў рэальны прататып – пецярбургскі жаўнер з вайсковай сям’і, з якім Пясецкі пазнаёміўся акурат у той час і моцна ўразіўся. Працаваць з тэкстам пісьменнік пачаў у 1946 годзе – ужо далёка ад сваякоў і родных мясцін, а скончыў у 1948. Сям’я пісьменніка таксама была вымушана з’ехаць з Віленшчыны, яны больш ніколі не сустрэліся – захаваліся толькі канспіратыўныя лісты Пясецкага з эміграцыі.
Упершыню твор быў выдадзены ў Вялікабрытаніі ў 1957 годзе. У Польшчы “Запіскі” былі забаронены цэнзурай, як і ўся творчасць Пясецкага.
“Ноч была чорнай, як сумленне фашыста, як намеры польскага пана, як палітыка англійскага міністра”: чырвоны чалавек выходзіць на сцэну
“Запіскі” напісаныя ў форме дзённіка, першая дата ў якім – 22 верасня 1939 года, а апошняя – 1 студзеня 1945 года. Дзённік вядзе савецкі жаўнер, камсамолец, носьбіт новай савецкай ідэалогіі Мішка Зубаў, і запіскі свае ён па чарзе прысвячае Сталіну, Гітлеру, Чэрчылю, Сікорскаму і Рачкевічу, а потым зноў Сталіну. Такі сабе Мікіта Зносак у ваяўнічым паходзе: не здольны думаць самастойна, падпарадкаваны страхам і выхаваны прапагандысцкай машынай.
У складзе Чырвонай Арміі Мішка Зубаў уваходзіць “у панскую Польшчу”, каб несці вызваленне зняволенаму працоўнаму класу. І высвятляе, што працоўны клас не надта гарыць жаданнем вызваляцца. Хутчэй наадварот, спрэс усе па той бок мяжы падобныя да закаранелых буржуінаў.
Гэта партрэт Віленшчыны і Гарадзеншчыны канца трыццатых, магчымасць падгледзець лад жыцця людзей і суаднесці яго з механізмамі савецкай ідэалогіі. Выпіць кавы на ўтульнай кухні са зграбных філіжанак, завітаць у шавецкую майстэрню, пракаціцца ў старым цягніку, паслухаць пра вандроўку на заробкі ў Амерыку. Зірнуць на гэта вачыма нованароджанага homo soveticus.
“Вы кажаце, што я круглы дурань! А ці ведаеце вы, што я гэтым толькі ганаруся?..”
Сяргей Пясецкі робіць ідэалогію галоўным рухавіком сюжэта, гэта выток усіх сюжэтных перыпетый і вычварнасці характару героя. У судакрананні з ідылічнай (такой далёкай нават цяпер!), дэтальна прапісанай Вільняй гэта ўражвае.
Ідэалогіяй поўніцца сама мова твора – “Запіскі” наскрозь працятыя пазнавальнымі русіцызмамі, канцылярызмамі і скарачэннямі, гэта тая навамова, якая абвяшчае прыход новай улады.
На беларускую мову “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” пераклаў Алесь Астраўцоў, кніга вытрымала ўжо некалькі перавыданняў, распаўсюджвалася падпольна, а потым прэзентавалася з вялікім розгаласам. У прадмове да абноўленага выдання перакладчык адзначае, што, на яго думку, навамову арыгіналу напоўніцу перадаць можа толькі агрублены і прымітывізаны наркамаўскі правапіс, уведзены “так званай рэформай 34-га года”.
“Вораг быў заспеты цалкам знянацку”
Пра жыццё ў занятай савецкімі войскамі Вільні можна даведацца таксама з лістоў самога Пясецкага. Свайму прыяцелю, салдату ІІ Польскага корпусу Мар’яну Касцялкоўскаму ён расказвае пранізлівую гісторыю віленскай мастачкі, што, як і многія ў той час, зарабляла сабе на жыццё, малюючы партрэты Сталіна – на той час іх замаўлялі сотнямі, каб аздабляць новыя камітэты, падкамітэты і камісіі. Партрэт яна выканала і аддала, і нават грошы нібыта атрымала, але неўзабаве была затрыманая на 15 сутак супрацоўнікамі НКУС за тое, што, маўляў, Сталін на партрэце меў “злы выраз твару”.
Падобных показак у рамане сабраная процьма. І ў кожнай чорны гумар адцяняе вялікую трагедыю.
Рэха феномену “Тутэйшых”
Мікалай Пінігін неаднаразова заяўляў пра сваё жаданне папрацаваць з творчасцю Сяргея Пясецкага, пастаноўкай на вялікай сцэне тэатра павінен быў стаць раман “Яблычак” – першая частка “Зладзейскай трылогіі”, напісанай па слядах разбойнага менскага юнацтва (усе кнігі даступныя ў перакладзе на беларускую мову).
Аднак абставіны вырашылі інакш. У снежні 2021 года прэм’ера купалаўскіх “Запісак афіцэра Чырвонай Арміі” адбылася ў Кракаве на фестывалі “Боская камедыя”, гэта была першая жывая прэм’ера Купалаўцаў з часоў такіх падобных у сваім трагікамічным гучанні да “Тутэйшых”.
Падабенства прасочваецца і ў сімвалічнасці. Спектакль “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” з’яўляецца візітоўкай беластоцкага Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі, пастаноўка не сыходзіць са сцэны ўжо 30 гадоў – гэта надзвычай важны для рэгіёна культурны код.
Балюча ўсім
Беларуская пастановачная каманда падкрэслівае: “Мішка Зубаў – усяго толькі маленькі чалавек, прагны жыцця ва ўсіх яго праявах і такі нягеглы ў абыходжанні са сваёй доляй. Што рыхтуе лёс такім людзям? А што яны самі нясуць у свет?”
Праз чорны саркастычны гумар Пясецкага прарастае славуты пінігінскі трагікамізм, дзе няма правых і вінаватых – балюча ўсім. Але, магчыма, акурат таму мы і збіраемся ў тэатры – каб пражыць гэты досвед супольна.
Яўкі і паролі
Пастаноўка ў забароненым тэатры выгнаннікаў цалкам адпавядае творчай канцэпцыі Сяргея Пясецкага. 13 студзеня 19:00 па беларускім часе – ютуб-канал “Купалаўцы”.
Марыя Аляксандрава