Categories: Культура

“Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі”

13 студзеня незалежная тэатральная група “Купалаўцы” прадстаўляе анлайн-прэм’еру – спектакль паводле сатырычнага рамана Сяргея Пясецкага “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі”. Мы ўжо рыхтуемся і, каб сугрэцца на марозе чакання, прыгадваем сёе-тое пра самога Пясецкага і ягоны твор.

Зброю трымай бліжэй да сэрца

Не будзем доўга пра біяграфію, здаецца, гэты ліха закручаны жыццяпіс ужо трывала замацаваўся ў беларускай культурнай прасторы.

Народжаны ў Ляхавічах Сяргей Пясецкі (летась святкавалі былі 120 гадоў з дня нараджэння) – пісьменнік, кантрабандыст, шпіён, партызан, які дасканаліў сваю польскую  мову ў турме па Бібліі і выйшаў на волю менавіта дзякуючы сіле свайго таленту – выйшаў паспяховым літаратарам, зоркай свайго часу.

Галоўны твор Пясецкага, аўтабіяграфічны раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, стаў хітом. Гэта працяты тугой і замілаваннем да кожнага моманту адчайнай маладосці аповед пра памежную Ракаўшчыну часоў міжваеннага дваццацігоддзя. Калі вы яшчэ не чыталі, то на беларускую мову раман перакладзены ўжо тройчы, ёсць таксама аўдыёкніга.

З турмы хворы на сухоты Сяргей Пясецкі выйшаў у 1937 годзе і “рэабілітацыю” праходзіў на возеры Нарач, якому нават прысвяціў поўны захаплення краязнаўчы артыкул. Доўга пабыць зоркай у яго не атрымалася, бо пачалася вайна.

Падчас вайны ён працаваў на польскую выведку, але па меры прасоўвання бальшавікоў на захад быў вымушаны адступаць. Бальшавікоў пісьменнік люта ненавідзеў з часоў кастрычніцкай рэвалюцыі, непасрэдным сведкам якой быў у Маскве. “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” сталі саркастычным увасабленнем асабістага досведу, спробай сказаць апошняе слова наўздагон эпосе.

Думка напісаць падобную сатыру ўзнікла ў Пясецкага яшчэ ў 1940 годзе, ёсць меркаванне, што ў галоўнага героя быў рэальны прататып – пецярбургскі жаўнер  з вайсковай сям’і, з якім Пясецкі пазнаёміўся акурат у той час і моцна ўразіўся. Працаваць з тэкстам пісьменнік пачаў у 1946 годзе – ужо далёка ад сваякоў і родных мясцін, а скончыў у 1948. Сям’я пісьменніка таксама была вымушана з’ехаць з Віленшчыны, яны больш ніколі не сустрэліся – захаваліся толькі канспіратыўныя лісты Пясецкага з эміграцыі.

Упершыню твор быў выдадзены ў Вялікабрытаніі ў 1957 годзе. У Польшчы “Запіскі” былі забаронены цэнзурай, як і ўся творчасць Пясецкага.

“Ноч была чорнай, як сумленне фашыста, як намеры польскага пана, як палітыка англійскага міністра”: чырвоны чалавек выходзіць на сцэну

“Запіскі” напісаныя ў форме дзённіка, першая дата ў якім – 22 верасня 1939 года, а апошняя – 1 студзеня 1945 года.  Дзённік вядзе савецкі жаўнер, камсамолец, носьбіт новай савецкай ідэалогіі Мішка Зубаў, і запіскі свае ён па чарзе прысвячае Сталіну, Гітлеру, Чэрчылю, Сікорскаму і Рачкевічу, а потым зноў Сталіну. Такі сабе Мікіта Зносак у ваяўнічым паходзе: не здольны думаць самастойна, падпарадкаваны страхам і выхаваны прапагандысцкай машынай.

У складзе Чырвонай Арміі Мішка Зубаў уваходзіць “у панскую Польшчу”, каб несці вызваленне зняволенаму працоўнаму класу. І высвятляе, што працоўны клас не надта гарыць жаданнем вызваляцца. Хутчэй наадварот, спрэс усе па той бок мяжы падобныя да закаранелых буржуінаў.

Гэта партрэт Віленшчыны і Гарадзеншчыны канца трыццатых, магчымасць падгледзець лад жыцця людзей і суаднесці яго з механізмамі савецкай ідэалогіі. Выпіць кавы на ўтульнай кухні са зграбных філіжанак, завітаць у шавецкую майстэрню, пракаціцца ў старым цягніку, паслухаць пра вандроўку на заробкі ў Амерыку. Зірнуць на гэта вачыма нованароджанага homo soveticus.

“Вы кажаце, што я круглы дурань! А ці ведаеце вы, што я гэтым толькі ганаруся?..”

Сяргей Пясецкі робіць ідэалогію галоўным рухавіком сюжэта, гэта выток усіх сюжэтных перыпетый і вычварнасці характару героя. У судакрананні з ідылічнай (такой далёкай нават цяпер!), дэтальна прапісанай Вільняй гэта ўражвае.

Ідэалогіяй поўніцца сама мова твора – “Запіскі” наскрозь працятыя пазнавальнымі русіцызмамі, канцылярызмамі і скарачэннямі, гэта тая навамова, якая абвяшчае прыход новай улады.

На беларускую мову “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” пераклаў Алесь Астраўцоў, кніга вытрымала ўжо некалькі перавыданняў, распаўсюджвалася падпольна, а потым прэзентавалася з вялікім розгаласам. У прадмове да абноўленага выдання перакладчык адзначае, што, на яго думку, навамову арыгіналу напоўніцу перадаць можа толькі агрублены і прымітывізаны наркамаўскі правапіс, уведзены “так званай рэформай 34-га года”.

“Вораг быў заспеты цалкам знянацку”

Пра жыццё ў занятай савецкімі войскамі Вільні можна даведацца таксама з лістоў самога Пясецкага. Свайму прыяцелю, салдату ІІ Польскага корпусу Мар’яну Касцялкоўскаму ён расказвае пранізлівую гісторыю віленскай мастачкі, што, як і многія ў той час, зарабляла сабе на жыццё, малюючы партрэты Сталіна – на той час іх замаўлялі сотнямі, каб аздабляць новыя камітэты, падкамітэты і камісіі. Партрэт яна выканала і аддала, і нават грошы нібыта атрымала, але неўзабаве была затрыманая на 15 сутак супрацоўнікамі НКУС за тое, што, маўляў, Сталін на партрэце меў “злы выраз твару”.

Падобных показак у рамане сабраная процьма. І ў кожнай чорны гумар адцяняе вялікую трагедыю.

Рэха феномену “Тутэйшых”

Мікалай Пінігін неаднаразова заяўляў пра сваё жаданне папрацаваць з творчасцю Сяргея Пясецкага, пастаноўкай на вялікай сцэне тэатра павінен быў стаць раман “Яблычак” – першая частка “Зладзейскай трылогіі”, напісанай па слядах разбойнага менскага юнацтва (усе кнігі даступныя ў перакладзе на беларускую мову).

Аднак абставіны вырашылі інакш. У снежні 2021 года прэм’ера купалаўскіх “Запісак афіцэра Чырвонай Арміі” адбылася ў Кракаве на фестывалі “Боская камедыя”, гэта была першая жывая прэм’ера Купалаўцаў з часоў такіх падобных у сваім трагікамічным гучанні да “Тутэйшых”.

Падабенства прасочваецца і ў сімвалічнасці. Спектакль “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” з’яўляецца візітоўкай беластоцкага Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі, пастаноўка не сыходзіць са сцэны ўжо 30 гадоў – гэта надзвычай важны для рэгіёна культурны код.

Балюча ўсім

Беларуская пастановачная каманда падкрэслівае: “Мішка Зубаў – усяго толькі маленькі чалавек, прагны жыцця ва ўсіх яго праявах і такі нягеглы ў абыходжанні са сваёй доляй. Што рыхтуе лёс такім людзям? А што яны самі нясуць у свет?”

Праз чорны саркастычны гумар Пясецкага прарастае славуты пінігінскі трагікамізм, дзе няма правых і вінаватых – балюча ўсім. Але, магчыма, акурат таму мы і збіраемся ў тэатры – каб пражыць гэты досвед супольна.

Яўкі і паролі

Пастаноўка ў забароненым тэатры выгнаннікаў цалкам адпавядае творчай канцэпцыі Сяргея Пясецкага. 13 студзеня 19:00 па беларускім часе – ютуб-канал “Купалаўцы”.

Марыя Аляксандрава

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023