Іх залічваюць у кола “грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага» – выгадаваных на беларускіх землях, падуладных Расійскай Імперыі, дзе яшчэ памятаюць падзелы Рэчы Паспалітай, паўстанні і разборы шляхты, дзе моляцца і гандлююцца на розных мовах, але захоўваюць сацыяльны падзел.
Польскіх літаратары беларускага паходжання пакінулі па сабе ўспаміны і творы, у якіх Беларусь (часта пад назвай Крэсы, але і гэтае сцверджанне разбіваецца аб сведчанні) – краіна дзяцінства і адкрытасці свету. Яны выйшлі з розных сацыяльных слаёў – старых шляхецкіх родаў, заможных і не надта, са збяднелай засцянковай шляхты і гараджанаў. У іх вельмі розныя лёсы: хтосьці вучыўся красці і насіць кантрабанду, хтосьці падарожнічаў, хтосьці выкладаў і выдаваў кнігі. Але ўсе яны неслі з сабою памяць.
Пра Міхала Крыспіна Паўлікоўскага ў нас згадваюць рэдка, і на агульным фоне гэты лёс здаецца шчаснай удачай. У Польшчы яго біяграфіяй і творчасцю займаюцца Кшыштаф Паляхоньскі і Гжэгаж Пэлчыньскі.
У 2021 годзе ў выдавецтве “Gajt” выйшла кніга Кшыштафа Паляхоньскага “Мінск і Міншчына ў польскай літаратуры ХХ стагоддзя”, дзе разглядаюцца лёсы многіх вядомых і менш вядомых аўтараў, звязаных з рэгіёнам, ад Мельхіёра Ваньковіча і Сяргея Пясецкага да Фларыяна Чарнышэвіча (калі вы яшчэ не чыталі яго “Надбярэзінцаў” – варта!) і Міхала Крыспіна Паўлікоўскага.
Па-беларуску пра Паўлікоўскага напісана вобмаль, а ён пакінуў па сабе надзвычай цікавы фактаграфічны матэрыял – гэта і партрэты людзей, і нарыс эпохі, і публіцыстычныя разважанні.
Міхал Крыспін Паўлікоўскі нарадзіўся ў 1893 годзе. Паводле адной з версій, здарылася гэта непасрэдна ў Мінску, а паводле іншай – у фамільным маёнтку Паўлікоўскіх Пуцькаве, што на Бярэзіншчыне.
У Пуцькаве і акаліцах Паўлікоўскі правёў дзяцінства і юнацтва – часы былі залатымі, бо сям’я жыла заможна і ў любові. Таму паніч катаўся сырам у масле, баляваў, паляваў і заглядаўся на дзяўчат. Гісторыя кантрастная з лёсамі яго аднагодкаў, беларускіх літаратараў, дый нават са станаўленнем Фларыяна Чарнышэвіча і Сяргея Пясецкага, што прыпала прыкладна на тыя ж самыя гады.
Найбольшую вядомасць Паўлікоўскаму прынеслі аўтабіяграфічныя раманы на аснове яго беларускіх успамінаў – “Дзяцінства і маладосць Тадэвуша Іртэньскага” (“Dzieciństwo i młodość Tadeusza Irteńskiego”, 1959 Лондан) і “Вайна і сезон” (“Wojna i sezon”, 1965 Парыж). Першую кнігу адкрывае зацемка: “Усе героі рамана аўтэнтычныя. Большасць з іх носіць свае сапраўдныя прозвішчы. Апісаныя тут падзеі або адбыліся напраўду, або маглі адбыцца. Магчымая адсутнасць падабенства да рэальных падзей чыста выпадковая”.
Біяграфію Паўлікоўскага варта разглядаць у сугуччы з гэтымі творамі. Галоўны герой дылогіі наскрозь спісаны з самога аўтара, усе Іртэнскія – гэта літаратурныя ўвасабленні сямейства Паўлікоўскіх, а лакацыя Бацькава, як можна здагадацца, – тое самае Пуцькава.
У Мінску Паўлікоўскі-старэйшы кіраваў адвакацкай канцылярыяй, крэдытным таварыствам і належаў да ліку самых паважаных гараджан, а Паўлікоўскі-малодшы быў залічаны ў дзяржаўную гімназію.
У 1913 годзе паніч паехаў вывучаць права ў сталіцу імперыі, Пецярбург, але рэвалюцыя перапыніла яго разгон. Давучвацца давялося ў Варшаве, дзе Паўлікоўскі скончыў універсітэт у 1924 годзе.
Але перад гэтым, у 1919 годзе, калі войскі Юзафа Пілсудскага ўваходзілі ў Мінск, а купалаўскі Мікіта Зносак вучыўся польскім прывітанням шыварат-навыварат, Міхал Крыспін Паўлікоўскі заняў сваю першую чыноўніцкую пасаду ў Цывільным упраўленні ўсходніх земляў – ён быў сакратаром.
У 1920 годзе Паўлікоўскі прымаў удзел у польска-бальшавіцкай кампані, па выніках якой Пуцькава трапіла на савецкі бок.
Міжваенныя гады Міхал Крыспін Паўлікоўскі правёў у Вільні, дзе працаваў у Ваяводскім упраўленні, супрацоўнічаў з адным з найбольш уплывовых у тагачаснай Польшчы часопісам “Słowo” як фельетаніст і рэдактар паляўнічага штомесячнага дадатку пад паэтычна доўгай назвай “Дзе ж гэта, дзе, загулі паляўнічыя рогі?”.
Захапленні юнацтва. Лавецкія звычаі “Крэсаў” займалі асаблівае месца ў сэрцайку пана рэдактара Паўлікоўскага, які сам займаў пачэсную пасаду віцэ-прэзідэнта Паляўнічага таварыства Віленскага ваяводства.
Малады Тадэвуш Іртэньскі таксама любіў паляванні, і палюючы ў таварыстве беларуса Аляксандра Клімовіча, прыйшоў да высновы: “Слухаючы паляўнічыя байкі беларуса, мы разумеем, што беларуская мова – прыгожая і багатая, значна прыгажэйшая і багацейшая за сучасную чыноўніцка-літаратурную беларушчыну”.
У той жа час віленскаму чыноўніку Міхалу Крыспіну Паўлікоўскаму надзвычай прыдалося валоданне беларускай мовай – ён мог лёгка паразумецца з мясцовым насельніцтвам і карыстаўся даверам людзей.
Яшчэ да таго, як савецкі афіцэр Мішка Зубаў трыумфальна зайшоў у Вільню, Міхалу Крыспіну Паўлікоўскаму ўдалося прабрацца ў Швецыю.
У 1943 годзе ён асеў у Вялікабрытаніі, куды пакуль яшчэ не дабраўся Сяргей Пясецкі, а ў 1949 годзе пераехаў у ЗША, дзе выкладаў польскую і рускую мовы ў Каліфарнійскім універсітэце ў Бэрклі раней, чым туды ўладкаваўся Чэслаў Мілаш.
Для выкладчыка Кафедры славянскіх моў і літаратур Бэрклі беларуская мова – добра знаёмая з дзяцінства – прадстаўляла цікаўнасць і ўпісвалася ў кола прафесійнай увагі. Паўлікоўскі часта разважаў пра функцыянаванне беларускай мовы, яе ўзаемаадносіны з паўсюднай тады палітыкай русіфікацыі.
Зрэшты, пра пазнейшую палітыку паланізацыі ён адгукаўся як пра “неразумную, павярхоўную і безвыніковую”.
Беларусь і беларусы стала прысутныя ва ўспамінах Паўлікоўскага, што праўда, часта нам выпала звацца “сялянамі” і “праваслаўнымі”. Цікава, што Паўлікоўскі абмінае сваёй увагай станаўленне беларускага нацыянальнага руху, на што ўказваюць толькі ўскосныя згадкі (напрыклад, пра Магдалену з Красіньскіх Радзівіл, якая з зацятай полькі стала беларускай – не такая ўжо і сялянская гэта дзеўка).
Але ў дылогіі вакол рода Іртэньскіх увесь час з’яўляліся надзвычай цікавыя персанажы-беларусы са сваімі гісторыямі, прынцыпамі і легендамі –знахаркі, кавалі, майстры-паляўнічыя. Галоўны герой, Тадэвуш, вывучыў беларускую насуперак палітыцы русіфікацыі, і на той час гэта была папулярная з’ява.
“Правільная і свабодная беларуская гаворка была быццам бы своеасаблівым стылем. Высмейвалі і ганілі як русізмы, так і паланізмы. Мы пакеплівалі з бабулі, якая была родам з Валыні і ніколі належным чынам не вывучыла беларускую. Веданне беларускіх прыказак, песенек і вершыкаў (часам непрыстойных) было такім жа абавязковым, як і веданне польскай патрыятычнай літаратуры”.
Памёр Міхал Крыспін Паўлікоўскі ў 1972 годзе на Гаваях, куды ўжо на пенсіі выбраўся ў адпачынак.
Абодва яго раманы ўжо пры жыцці аўтара параўноўвалі з „Панам Тадэвушам”, гэта чулыя, арыгінальныя і поўны добрага гумару дакументы эпохі. Абодва яго раманы пакуль чакаюць перакладу на беларускую мову.
У 1946 годзе ў друку з’явіўся нарыс Міхала Крыспіна Паўлікоўскага “Сумленне Польшчы”, і гэты адказны да дрыжыкаў тытул аўтар аддаў Віленшчыне і Міншчыне.
Здаецца, вось ён – яшчэ адзін аскепак люстэрка, у якім мы можам убачыць сябе і гісторыю сваёй зямлі, пачуць далёкае водгулле часу.
Марыя Аляксандрава
Здымкі са збораў Нацыянальнай лічбавай бібліятэкі «Polona»
Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…
«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…
«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…
Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…
В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…
Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…