Categories: История

Ля магілы ЛЯВОНА БАРАЗНЫ. Зло сутыкнулася з творцам у сімвалічным месцы і ў злы час…

Яго знішчылі 50 гадоў таму, каб задушыць адраджэнне Беларушчыны ў зародку і адначасова захаваць цішыню – пазбегнуць судовых працэсаў над іншадумцамі.

Лявон Баразна – мастак, даследчык прыкладнога беларускага мастацтва, удзельнік нацыянальна-арыентаванага культурнага супраціву, забіты ў 1972 годзе ў цэнтры Мінска пры загадкавых абставінах. Пахаваны на радзіме, у Талачыне.

Месца забойства Лявона Баразны

– На гэтым месцы забілі Лявона Баразну!

Гаворыць Пазняк і прысудна паказвае на месца каля бардзюра ў дворыку на сталічнай вуліцы Інтэрнацыянальная.

Туды заходзілі падчас экскурсій па Верхнім горадзе, якія Зянон ладзіў у 1980-я для інтэлігенцыі. Ёнпрацаваў на той час у Інстытуце гісторыі АН БССР, кіраваў архітэктурна-археалагічным атрадам «Верхні горад», праводзіў раскопкі Дамініканскага касцёла на Кастрычніцкай плошчы.

Тыя своеасаблівыя лекцыі для інтэлігенцыі былі адметныя, на іх чулі пра тое, пра што не распавядаў і не пісаў ніхто –  пра нацыянальны супраціў, культурнае Адраджэнне і пра забойства Лявона Баразны – сябра Уладзіміра Караткевіча, мастака, грамадскага дзеяча, дысідэнта.

Вельмі яскрава ўяўлялася трагічная карціна, якую маляваў таленавіты лектар: мастак па дарозе з майстэрні заступіўся за жанчыну – на яе нібыта напалі бандыты, але хуценька тая раптоўна знікла, а мастака пырнулі нажом. Без дапамогі і спагады ён сканаў …

Я трапіла на такую экскурсію ў ліпені 1986 года. Ад моманту забойства прайшло 14 год, але пры словах-прысудзе Зянона Пазняка «На гэтым месцы забілі Лявона Баразну» падалося, што са шчылін пачынае праступаць кроў бязвінна загубленага 43-гадовага майстра…

Можна знішчыць чалавека, але не яго ідэі

Было крыўдна, што знішчаюць лепшых, што не даюць жыць, не даюць працаваць, даследаваць. Хацелася адпомсціць і забойцам, і нядобрасумленным следчым, і несправядлівым суддзям, і ўсяму тагачаснаму ладу, які душыў жывое, ператвараў новае, маладое, годнае, трапяткое ў шэрую вязкую масу.

Хацелася адпомсціць за смерць мастака. Але як?

Атрымлівалася – толькі асветай.

Самаасветай.

Служэннем Беларушчыне.

Працай на карысць беларускай культуры.

І да такога пераканання прыходзілі зусім не адзінкі…

Тыя пазнякоўскія экскурсіі па гістарычным Мінску – лепшыя, на якіх мне даводзілася быць.

Ніхто пасля іх не заставаўся ранейшым: нешта змянялася ў душы, сэрцах – у свядомасці. Змяняўся погляд на сваё месца жыцці.На гісторыю ды горад, якім самым драматычным і нечаканым месцам станвіўся раптам двор на вуліцы Інтэрнацыянальнай, дзе бяздушна забілі Лявону Баразну.

Мінск, месца забойства Лявона Баразны (фота аўтара, 2016 год)

Вул. Камсамольская, перабудаваны будынак майстэрні Лявона Баразны 

Алтарная частка Кафедральнага касцёла (фота аўтара)

А яшчэ нечакана і сімвалічна экскурсанты бачылі адтуль апсіду – алтарную частку Кафедральнага касцёла, якая не заўважалася з вуліцы. Тое вельмі ўражвала, бо касцёл тады стаяў без вежаў і з плошчы Свабоды вельмі мала нагадваў храм – там месціўся Дом фізкультурніка.

Так перад вачыма паўставаў іншы Мінск – несавецкі.

Пасля наведвання месца забойства экскурсія рухалася да будынку, дзе была майстэрня мастака.

Магіла Лявона Баразны

Лявон Баразна пахаваны, на роднай зямлі – у Талачыне, на могілках каля чыгункі. Вельмі лёгка даехаць сюды і ад Мінска, і ад Барысава, і ад Оршы. Ад станцыйнага будынку трэба перайсці пуці і крыху пакрочыць убок. Там могілкі. Магіла непадалёку ад уваходу – з правага боку.

Аўтар помніка – скульптар Валер’ян Янушкевіч.

Чорная сімвалічная постаць, увасабленне Жалобы – Жанчына, якая ўкленчыла.

Вельмі лаканічны сучасны помнік, падобны на працы італьянскага скульптара Джакома Манцу з яго пікападобнымі постацямі.

І ў той жа час там можна разгледзець этнаграфічныя матывы, жалобная постаць пакрытая шматфункцыянальнай традыцыйнай хустай. Этнаграфічна акцэнт тлумачыцца тым, што Лявон Баразна не толькі даследаваў традыцыйнае беларускае ткацтва, але быў аўтарам эскізаў сцэнічных строяў для шматлікіх ансамбляў народнай творчасці.

Побач з творцам пахаваныя яго маці і брат.

«І зараз толькі Неба ведае»…

Беларускі мастак і дзеяч Лявон Баразна быў знішчаны напярэдадні акцыі, запланаванай ім з аднадумцамі ў абарону гістарычнага цэнтру сталіцы.

Тут варта нагадаць, што ў суаўтарстве з Зянонам Пазняком і пры дампамозе тагачаснага ўласнага карэспандэнта “Правды” Генадзя Бураўкіна ў 1969 годзе Лявон надрукаваў смелы, выбуховы і эфектыўны артыкул у цэнтральнай савецкай газеце. Дзякуючы таму было адтэрмінавана разбурэнне многіх гістарычна каштоўных будынкаў і кварталаў Мінска – Траецкае і Ракаўскае прадмесці, Высокі рынак…

Даследчыкі беларускага нацыянальна-арыентаванага супраціву лічаць, што дысідэнта знішчылі партызанска-дыверсійным метадам, які жыў яшчэ пасля вайны.

Забілі, каб задушыць адраджэнне Беларушчыны ў зародку і адначасова захаваць цішыню – пазбегнуць судовых працэсаў над іншадумцамі.

Згадвае скульптар Алесь Шатэрнік, які цяпер жыве ў ЗША:

– Яго забілі 15 жніўня 1972 года. Зло сутыкнулася з мастаком у «патрэбным месцы і ў патрэбны час». Можна сказаць, што падаслалі забойцаў: яны паводзілі сябе вельмі нахабна, як бы ведаючы, што пакарання пазбегнуць. І зараз толькі Неба ведае, што здарылася тады насамрэч.

У той час панавала агульная палітыка, скіраваная на знішчэнне народнай культуры і этнасу, каб быў у беларусаў адзін толькі матыў: «Мой адрас – Савецкі Саюз». Выбітнага творцу забілі дзеці палкоўніка Золатава, які працаваў начальнікам аддзела кадраў у Доме ўрада. Два браты. Пырнулі нажом. Аднаго забойцу выпусцілі на волю праз сем месяцаў, а другога наагул амніставалі…

Графік Мікола Купава, які хадзіў на суд над забойцамі Лявона Баразны, кажа, што забойства застаецца таямніцай:

– Мы там не пачулі ніякай абʼектыўнай інфармацыі. Зараз здымаем фільм пра Лявона, нават два, незалежна адзін ад другога. Да жніўня мусім скончыць. Да жніўня 2022 года выйдзе і кніга ўспамінаў. Так што будзе шмат важнай інфармацыі…

Чакаем праўды.

Паліна Качаткова

Recent Posts

Привычка плевать в колодец. В чем ценность «обычных домиков»

Список Всемирного наследия UNESCO в последнее время пополняется неохотно (особенно если речь идет о материальных…

29.09.2023

Почему «Диктатура технологий дает результат», но не тот, который планировался?

«Начальство делает вид, что нам платит, мы делаем вид, что работаем» — таков был ответ…

28.09.2023

Павлюк Быковский: Мы наблюдаем попытку собезьянничать со съездом КПСС

«Мы абсолютно не прячем то, что мы кого-то будем поддерживать. Это естественно. Если бы мы…

27.09.2023

Американские государственные школы как пример реализации частных интересов

Наша национальная особенность согласования частных и коллективных (далее, государственных) интересов заключается в том, что при…

26.09.2023

Похоже, идет к тому, что Беларусь остановит продажи сельхозпродукции другим странам

В прошлом году получили от экспорта продовольствия 8,3 миллиарда долларов, а для обеспечения этого показателя…

25.09.2023

О котлетах и мухах в высшем образовании

Суть рыночной экономики — в реализации личных интересов граждан, побочным результатом чего является рост общественного…

24.09.2023