TOP

РЭКВІЕМ ПА ЗАМЧЫШЧЫ. Роўна 80 год таму пад час чарговага пагрому былі знішчаны 12 000 яўрэяў Мінскага гета

21 студзеня 1942 года пад час чарговага пагрому былі знішчаны 12 000 яўрэяў Мінскага гета. Наш горад у часы вайны стаў месцам забойства блізу 105 тысяч мірных жыхароў, але дасюль гэтай трагедыі не ўсвядоміў і не адрэфлексаваў. “Город пержил катастрофу. Но никого, увы, она не потрясла: было — не было» (А.Капілаў).

Кампазіцыя "Разбіты агмень" на месцы старых яўрэйскіх могілак на вуліцы Сухой (архітэктар Л.Левін, скульптар М. Пятруль). Фота аўтара

Паводле аўтабіяграфічнай аповесьці Аркадзя Капілава
“Замкавая 2/7”

…если этот уголок Минска покажется кому-то нереальным…,
не сомневайтесь, — все так и было
Аркадзь Капілаў

Мінск змяняецца вельмі імкліва. Мажліва, аж занадта, як на жыццё аднаго пакалення. Гарадскія традыцыі робяцца лятучым і пераходзячы з аднаго нажытага месца на іншае ранейшага прытулку ўжо не знаходзяць. Не дае спакою думка, што ўсе змены, распачатыя з часоў паваеннай адбудовы, не ратуюць горад ад нейкай наканаванай апатыі.

Ужо даўно асфальт праспекта Пераможцаў (раней – Паркавай магістралі, пасля – Машэрава) пралёг паверх вуліц Замкавай, Падзамкавай, Падзамкавай на Балоце, Старамясніцкай, Новамясніцкай, Нізкага рынку, Татарскіх агародаў і нават Замкавай гары. Схаваў зараснікі аеру на забалочаных мясцінах, сенакосы, брукаваныя лабірынты двароў, якія выводзілі з аднаго крывога завулка на другі. Няма і знаку пра жыццё, якое віравала тут да вайны і было гвалтоўна абарванае ў 1942-1943 гадах. Няма тут ані шыльдаў, ані пазнакі на зямлі, як, прыкладам, у Варшаве, што б сімвалічна акрэслівала межы тэрыторыі, на якой месцілася гета – самае вялікае ва Ўсходняй Эўропе і найвялікшае на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР.

Могілкі на вуліцы Сухой

Колькі гадоў таму мінскімі архітэктарамі была агучана ідэя адраджэння Замчышча з брамай і насыпнымі валамі, з археалагічным і гістарычным музеямі. Культурны слой тут дасягае 5-6 метраў, а драўляных насцілаў, па якім пратупатала за стагоддзі процьма людзей і прагрукатала безліч колаў, выявілі  больш за дзесяць! Цікава, ці было б згадана ва ўяўнай экспазыцыі Замчышча-макета пра існаванне тут напрацягу стагоддзяў яўрэйскага анклаву са сваімі традыцыямі і мовай, які дадаваў старажытнаму гораду сваеасаблівы і непаўторны каларыт і страта якога пакінула пустоты і недамоўленасці .

Пісьменнік і журналіст Аркадзь Капілаў пражыў тут, на рагу вуліц Замкавай і Старамясніцкай (таму і нумар дома з дробам), шаснаццаць даваенных гадоў, прыпалых на страшныя 1930-ыя, але пабачаныя вачыма дзіця з гледзішча Замчышча, якое жыло сваім асаблівым жыццём выспы на вачах вялікага горада з крамамі, тэатрамі, паркамі, адкуль часам даносіліся званкі трамваяў ды клаксоны аўтамабіляў.  Да сваіх чатырох гадоў малы мянчук прыстойна размаўляў на трох мовах — ідыш, беларускай і расейскай, мовамі двара і вуліцы.

Горад і людзі, якія жылі на Замчышчы, гісторыі і сны, што здараліся менавіта тут; гукі, колеры, гульні, забабоны — усё гэтае жыццё апісана Капілавым з незвычайнай цеплынёй і любоўю. На Замчышчы паветра пахла водарам настоенага кропу, асабліва калі вецер дзьмуў з урочышча Людамента, пылам, прыбітым вадой, якой жанчыны ў спякоту палівалі з місаў тратуары, а таксама дзёгцям ад колаў фурманак. З красільні, што месцілася на вуліцы Няміга каля Рыбнага рынку, цягнула зусім іншымі пахамі, як і з мясных ятак на Траецкім рынку, куды трэба было падымацца па драўляным мосце, на якім хлопцы лавілі арэхавымі вудамі рыбу і тут жа прадавалі яе.

Вуліцы Ратамская, Гандлёвая, Школьная, Кустарная, Транспартны завулак, забрукаваны раён Пярэспы, Опера, кіно ў “Зялёным тэатры”, электрастанцыя, фантан “Хлопчык з лебедзем” (з цэлулоідным шарыкам у дзюбе), раён парка Чалюскінцаў, які меў назву “Выстаўка”, яўрэйскі тэатр, дзе ў 1937 г. глядзелі “Тэўе-малочнік” і “ Гершэле Остраполер”, піўзавод з “чалавечкамі” на даху, дзьмухаўцы, якія на Замчышчы называліся “краскі”…  — рэаліі тагачаснага горада, пададзеныя аўтарам-відавочцам такім чынам, што немагчыма не адчуць ягоныя лад і атмасферу.

Менавіта тут, на Замчышчы, у адрозненні ад гарадскога тлуму, цішыня была  глыбейшая за вясковую, адно, што вазы грукаталі па бруку з гукам, падобным на бусліны клёкат, ды даносіўся дроб конскіх капытоў па драўляным насціле моста праз Свіслач.

Улетку сонца на Замкавую вуліцу прыходзіла з-за Замкавай гары, а садзілася за Татарскімі агародамі ў Людаменце. І дом 2/7, які меў трэці паверх у сярэдняй частцы і драўляную галерэю, адкуль дзеці любілі пускаць мыльныя пухіры, запальваўся на сонцы да колеру “пажара”, як і вокны нізкарослых дамкоў на Траецкім прадмесці.

Калі летам рака, сенакосы і гульня ў футбол былі галоўнымі забавамі дзяцей на Замчышчы, то ўзімку галоўнай рабілася сама Замкавая гара. Сюды, на ўскраіну Менска, прыходзілі нават дзеці з цэнтра горада, каб катацца з яе крутых схілаў, а па сінім лёдзе ракі насіцца на “нормусах” і “снягурках”. Тыя, хто меў лыжы, бегалі ажно да купален і лодачнай станцыі на Людаменце, дзе ў лёдзе тырчалі колля, якімі ўтрымлівалі бочкі з гуркамі, што засольвалі тут яшчэ з восені. Снег на Замчышчы быў нечапана белы, адрозны нават ад снега на Нямізе, так падобным на халву.

Увесну Замкавая гара, на якой самотна стаяла хаціна Шлезінгераў, рабілася месцам, з якога можна было назіраць разлой вады, што затапляла усё наваколле разам з Татарскімі агародамі, не даходзячы ўсё ж да Замкавай вуліцы. Часам лёд на Свіслачы каля Ніжняга рынку сапёры ўзрывалі з дапамогай дынаміту.

Сюды, на Замшчышча, часам заходзілі, гуляючы па ўзбярэжжы Свіслачы, Янка Купала з кійком у руцэ і Якуб Колас, чые творы выдатна ведалі тутэйшыя школьнікі. А сівабародыя дзяды з Замчышча часцяком наведвалі маленькі скверык на пляцы Свабоды, каб пагутарыць у сваёй кампаніі пад высокімі клёнамі.

Людзі, што жылі ў раёне Замчышча, наўрад ці лічылі сябе героямі ў гэтым жыцці, але дзякуючы свайму суседу Аркадзю Капілаву сталі героямі аповесці і тым самым засталіся ў ментальнай гісторыі горада, як і ўвесь той свет, знішчаны ў вадначассе.

А засталіся цацачны майстар Лейба, які ў сваім падвале пасля вечаровай малітвы ў сінагозе распавядаў розныя казкі, у тым ліку гісторыю пра сякеру, кінутую ў мора, якая сем гадоў ішла на дно…

Мясцовы гарадскі дуронік Юрка-“Белы дом”, абвешаны значкамі і бразготкамі, заўсёднік Траецкага рынку, на якім пазней паўстала Менская Опера. Піяка Рувча, аматар паспаць“сном праведника” на былых валах вакол Замчышча, якія ў свой час не адолеў крымскі хан Махмет-Гірэй.

Родны дзед Іосіф, які ўмеў чытаць па “кнізе лёсаў”, шанаваў традыцыі, маліўся і з павагай ставіўся да веры іншых: “Если ты сидишь с крестьянином на возу, а он, проезжая мимо церкви, не крестится, опасайся его!”.  А таксама іншыя набожныя яўрэі, якія падчас малітвы каля сінагогі бласлаўлялі Месяц і вытрасалі над вадой кішэні.

Рыбак-філосаф Юзік, надзелены магічнымі здольнасцямі прыманьваць рыбу з ракі і які, перажыўшы акупацыю, па-ранейшаму з неверагодным умельствам цягаў шчупакоў са Свіслачы і марыў аб аднаўленні зрытай Замкавай гары, маўляў, “Замчище без горы, что крючок без наживки”.

Дзядзька Якаў, зляканы рэшту жыцця, па якім прыйшлі ўначы энкавэдзісты і ў апошні момант адпусьцілі, бо нумар кватэры Якава быў літарны, а прыходзілі па ягонага суседа.

А яшчэ на Замчышчы было прынята на святочны полудзень падаваць спачатку другое з найсмачнейшай тушанай бульбай з мясам, а пасьля першае, а пасля яшчэ слаісты штрудзель.

Глухія трывожныя чуткі з гораду даходзілі да Замчышча. Старыя абмяркоўвалі навіны пра чарговых “ворагаў народа”, арышты, затрыманні. Чыталі газеты, слухалі радыё, але найчасцей шэптам казалі: “Держи язык за зубами, если тебе дорога свобода”. З партрэтаў членаў Палітбюро ў школьным вестыбюлі знікалі старыя партрэты і з’яўляліся новыя. Мастак не паспяваў перамалёўваць гарнітуры, і таму гэтыя новыя твары красаваліся ў адзенні “ворагаў”. Арыштоўвалі бацькоў аднакласнікаў, любімага настаўніка па спевах, вусатага “До-рэ-мі”,  знаёмых на суседніх вуліцах. У школе з Капілавым вучылася дачка арыштаванага пазней Галадзеда. “Ворагаў” знаходзілі нават у арміі. Аднак імём Сталіна называлася школа, гэтым імём кляліся, друкарня ў Менску насіла ягонае імя…. Стары мудры Маршак, хімік па адукацыі, што працаваў у красільні на Нямізе, тым не менш сумняваўся ў голас: “Я не уверен, что все, что делает этот человек — правильно”.

Вайна прыйшла ў Менск 24 чэрвеня і сталася канцом усяму таму, з чаго складалася жыццё на Замчышчы.  Бяскрыўднаму і наіўнаму жыццю Замчышча  быў вынесены смяротны прысуд. Гарэў увесь горад, аднак Замчышча ацалела, верагодна з загадзя спланаванай мэтай стварэння тут гета і татальнага знічтажэння ягоных жыхароў.

Ратуючыся ад бамбёжак у лесе парка Чалюскінцаў, некаторыя мінскія сем’і, ускочыўшы на выпадковы цягнік, апынуліся далёка ад пагромаў і жудаснай расправы над сагнанымі ў гета з усяго Менска яўрэямі… .

Праз доўгія чатыры гады, вярнуўшыся ў разбураны горад, які праглядаўся навылёт ад вакзала да Дому друка, аўтар не знайшоў на сваёй вуліцы дома, ключ ад якога ляжаў у кішэні. Гэтаксама, як не сустрэў аніводнага знаёмага дарагога твару з мінулага жыцця. Хіба што па-ранейшаму пахла тут печаным хлебам, бо хлебзавод працаваў і ў часы вайны, ды плюскатала каля берага вада Свіслачы.

“..А Замчище спит. В доме номер два дроб семь спят служащий Нема, парторг больницы Борис, столяр Ара, дворник Александр, маляр Степан, почтовый служащий Костик. Спят уставшие за день домохозяйки Юля, Сима, Роза, Лида со второго этажа. Спят мои друзья: три Абраши и Яша, Изя и Ида, Нема, две Беллы, Фира, Боб Киселев, Витя и другие дети. Их нет уже в живых, но этой ночью никто еще не знает своей судьбы. И все звездочки в небе над Замковой горой сверкают и переливаются, словно они только что искупались в Свислочи.”

Аркадзь Якаўлевіч Капілаў (1925-1997) — пісьменнік, паэт, журналіст.
Аўтар зборніка вершаў і песняў “Старая скамейка” (Минск, 1995); зборнікаў прозы  “Замковая 2/7“ (Минск, 1995)*; “Исчезнувшие миры” (Минск, Джейх-Сож”, 1998). Друкаваўся ў яўрэйскай газеце “Авив”, часопісах “Беларусь”, “Вожык”, “Советский воін”, газеце “Во славу Родины”.

Аркадзь Капілаў, будучы чалавекам выключнага сумлення, сціпласці і дабрыні, пакінуў глыбокі след у душах тых людзей, якім пашчасціла быць з ім знаёмымі.

*Аповесць “Замкавая 2/7” упершыню была апублікавана ў часопісе “Нёман” №4 1992 г. пад назвай “Стена Плача”

Агата Мацейка

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.