Нататкі валанцёра на варшаўскім вакзале: “Колькі вашаму сынку?” – “Сёння якраз 18 дзён ад нараджэння”…
Паводле апошніх дадзеных ААН, ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Ўкраіну свае дамы пакінулі больш за 3 млн чалавек. Каля 2.2 млн з’ехалі ў Польшчу. Шмат людзей у Варшаве. Усе вакзалы перапоўненыя. Мясцовыя жыхары разам з тутэйшымі ўладамі і замежнымі валанцёрамі адразу ўключыліся ў дапамогу.
Дзе прытуліцца бежанцам і хто ідзе ў валанцёры?
На Заходнім ваказле Варшавы каля галоўнага ўваходу – пункт для бежанцаў. Офіснае памяшканне на першым паверсе бізнэс-цэнтра абсталявалі для пільных патрэбаў. Тут у цяпле можна паесці, папіць гарбаты, некалькі гадзінаў пачакаць наступнага цягніка.
Памяшканне падзеленае на дзве зоны. Першая – уласна для мам з малымі, другая – для мужчын, якіх зусім няшмат праз забарону выезду з Украіны.
Валанцёраў вызначаюць паводле ведання моваў. Польскамоўныя носяць салатавую камізэльку, а з веданнем украінскай, беларускай або расейскай – памаранчавую.
Сярод “рускіх” палякаў сустракаю шмат людзей сталага веку, якія за савецкім часам вучылі “великий и могучий” у школе.
Адзін з іх, былы ваенны лётчык і журналіст на пенсіі, падчас адпачынку тлумачыць мне, чаму перадаваць польскія МІГі Ўкраіне – дрэнная ідэя.
20-ці гадовая Ярынка, якая пару тыдняў таму з’ехала з Луцку, таксама дапамагае ўцекачам і паралельна спрабуе даведацца, дзе знайсці працу і сталае жыллё. Яе часова прытуліла сям’я палякаў з-пад Варшавы.
У адной дзяўчыны налепка з Пагоняю. Яна з Горадні. З’ехала з Беларусі пасля падзей 2020-га.
Сам я ўбачыў пост аб патрэбе ў валанцёрах у знаёмай у сацсетках. Спытаў, як запісацца, і таксама прыйшоў дапамагаць.
Далёка не ўсе, хто прыехаў, ведаюць пра пункт для бежанцаў. Таму перыядычна трэба хадзіць на вакзал і дзяліцца інфармацыяй.
Сям’я ў чаканні цягніка
На сходах, якія вядуць да кас, сем’і з дзецьмі. Некаторыя – з хатнімі жывёламі.
Народу процьма і плынь не сканчаецца. У памяшканні цяжкі густы пах доўгай дарогі. Да білетных касаў бясконцыя чэргі.
Насіць цяжкія валізы дапамагюць супрацоўнікі пажарнай службы ў форменным адзенні. Іх наяўнасць дадае адчування надзвычайнасці ўсёй сітуацыі.
Людзі разгубленыя і моцна стомленыя. Жанчына сталага веку на прапанову прайсці пагрэцца адмаўляецца, бо не можа больш цягнуць сваю торбу.
У асноўным людзі пытаюць пра начлег ці просяць дапамагчы купіць квіткі. Шмат хто едзе далей у Еўропу. Больш за ўсё ў Нямеччыну.
Але нядаўна тая папрасіла Польшчу спыніць адпраўку ўкраінскіх бежанцаў. Валанцёры-палякі кажуць, што немцы зараз не надта хочуць прымаць уцекачоў. Украінцы ў чарзе ўсё ж настойліва пытаюць, дзе там шукаць жыллё, працу, ці будуць іх чакаць валанёры ў Берліне?
Адзіны цягнік, які едзе да Берліна, адпраўляецца а чацвёртай раніцы. Зрэдку падаюць транспарт да Франкфурта-на-Одэры. Чую, як касірка кажа, што на бліжэйшыя рэйсы засталіся толькі стаячыя месцы. Сядзячыя – на паслязаўтра. Людзі ў разгубленнасці – не ведаюць, які абіраць. Чакаць? Але дзе прытуліцца на дзень-другі? Хтосці не губляе надзеі зняць нумар у хостэле. Але зараз у Варшаве, улічваючы колькасць уцекачоў, гэта амаль немагчыма.
Царква зараз з тымі, хто мае патрэбу не толькі ў малітве
Сям’я з трох дарослых і двух дзяцей стаіць каля кас. Яны ўжо купілі квіткі на паслязаўтра да Берліна і не ведаюць, дзе пераночыць. У пункце дапамогі даведаўся, што недалёка ад вакзала ёсць царква евангелістаў, у якой можна пажыць некалькі дзён. Едзем туды. Увесь гарадскі транспарт для ўкраінцаў зараз бясплатны.
Галава сям’і, Аляксей, трымаецца бадзёра і ўсміхаецца, спрабуе падтрымліваць сваіх. Праз стан здароўя яму дазволілі выехаць. Прыехалі з Горанкі, вёскі на поўначы Кіева. Каля двух тыдняў яны правялі ў акупацыі, падчас абстрэлаў хавалаіся ў пограбе. Пазней у вёску ўвайшлі ўкраінскія ваенныя і вывезлі мірных жыхароў. Святлана, дачка Аляксея, не хоча вяртацца ва Ўкраіну. Ёй трэба выхоўваць дваіх дзяцей, што немагчыма падчас вайны.
У евагнельбскай царкве разам з сям’ёй з Горанкі
Да царквы ехаць 20 хвілін аўтобусам. Адзін з будынкаў там цалкам абсталявалі пад патрэбы уцекачоў. На ўваходзе супрацоўнік Анджэй, высокі паляк з нізкім голасам, рэгіструе прыезджых і прапаноўвае неабходныя рэчы.
Позна вечарам вольных месцаў у пакоях ужо няма. Амаль усе плошчы, дзе можна пакласці матрац, занятыя. У холе на падлозе размясцілася сям’я ромаў. Людзі спяць пад лесвіцамі, на лавах. Ноччу частка ўкраінцаў адправіцца далей у Еўропу і з’явяцца вольныя месцы.
Драматычныя гісторыі ўцекачоў ад вайны
На наступны дзень валанцёрства гісторыя паўтараецца. Алгарытм дапамогі не надта адрозніваецца ад папярэдняга. Каса, квіткі, пошук начлегу. Зноў едзем у евангелійскую царкву засяляць украінцаў. Слухаю іх гісторыю.
Перад пачаткам вайны сям’я з Кіева паехала на дачу ў Яснагародку, што пад Дымерам. Юлія з маці Ірынай, мужам і дачкой.
Там правялі пад акупацыяй 16 дзён. Расейцы пашкодзілі электракамунікацыі 24 лютага. Больш за два тыдні сям’я сядзела без святла. Ваду набіралі з Кіеўскага вадасховішча, што побач з лецішчам. Некаторыя жыхары вёскі спрабавалі ўратавацца на лодках, але іх абстрэльвалі акупанты. Адна лодка так і не вярнулася.
13 сакавіка ўкраінскія ўлады арганізавалі зялёны калідор. Пачалася эвакуацыя. Выбірацца было вельмі страшна, бо расейцы ўвесь час страляюць па мірных жыхарах, вакол чуваць выбухі.
Каб дабрацца да Кіева, трэба было прайсці 4 расейскіх блокпасты. Юлія з мужам вырашылі замаскіравацца, каб не прыцягваць дадатковую увагу акупантаў. Апрануліся ў вясковае адзенне: спарціўкі з выцягнутымі каленямі, старую шапку. Так, на іх думку , яны б болей паходзілі на звычайных вясковых жыхароў. Ноутбук паклалі ў торбу паміж кнігамі. На блокпастах канфіскуюць ці разбіваюць тэлефоны. Смартфоны таксама схавалі. А расейцам падчас праверкі аддалі старыя кнопкавыя, якія ўзялі на лецішчы. Калі дачка баялася, Юлія яе супакойвала і казала, што хутка прыедзе тата на танку. Тата застаўся ва Ўкраіне, уступіўшы ў шэрагі тэрабароны.
Пакуль чакаем засялення ў царкве, Ірына, старэйшая з сямейства, расказвае, як яна любіць гатаваць ежу. З сумам узгадвае пра кіеўскую кватэру, у якой зрабілі якасны рамонт. Там засталіся добрыя кухонныя рэчы для яе любімай справы. З гонарам расказвае пра сваё кулінарнае вынаходніцтва, як падчас акупацыі на лецішчы, калі скончыўся хлеб, яна спякла ў патэльні для ўсёй сям’і ляпёшкі. Ірыне цяжка ўсведамляць, што бліжэйшым часам яна не зможа вярнуцца ў свой дом.
А вось маналог жанчыны з Балаклеі, якая эвакуявалася з сынам і дачкою:
«Нас вывозіў муж на машыне. Трэба было даехаць ад Балаклеі да бліжэйшай вёскі, дзе стаяць нашыя. Гэты кавалак дарогі было ехаць страшней за ўсё. За дзень да ад’езду расейцы расстралялі тры машыны, якія таксама спрабавалі эвакуявацца. У адной з іх цалкам забілі сям’ю.
Самае страшнае – гэта авіяўдары. Нават мужчыны баяцца. Ніколі не ведаеш, адкуль прыляціць. Як пачуеш сірэну, басанож бяжыш у склеп»
…І калі ды як гэта скончыцца – невядома. Але працаваць трэба…
Чарговы дзень у пункце дапамогі. Гэтым разам амаль увесь час працую на месцы. Сёння прыехала ну вельмі шмат уцекачоў і не хапае ўкраінамоўных валанцёраў.
Ставім дадатковыя шэрагі лежакоў. Людзі саромеюцца звяртацца па дапамогу і даводзіцца тлумачыць, што ежа і напоі на кухні – ўсё для іх.
Польская валанцёрка імкнецца быць карыснай і са шчырай усмешкаю прапануе ўкраінскаму дзіцяці абраць колер цацкі, каб зрабіць таму падарунак. Дзіця ані слова не разумее па-польску. Узгадваю, як у дзяцінстве ездзіў ад Чарнобыльскага фонду ў Англію і там было падобнае неразуменне.
Падказваю, дзе ўзяць падушку, сродкі гігіены, суправаджаю да туалета, закалыхваю ўкраінскіх немаўлятаў. Таксама частае пытанне – дапамагчы разабрацца з квіткамі, дзе ўсё напісана па-польску.
Вось Наста з чатырма дзецьмі. Самаму малодшаму, Цімуру, 18 дзён. Насціна валізка з адламанымі коламі складае палову яе роста. Цяпер становіцца відавочнай другая праблема пасля пошука начлега – ноччу сесці ў вагон. Маючы некалькі дзяцей і вялікія торбы, у якіх увесь твой цяперашні скарб, дабрацца самастойна да перону амаль немагчыма. Валанцёры па чарзе суправаджаюць сем’і адразу да дзвярэй вагонаў. Бесперапынны начны ланцужок дзяцей, валізак і жанчын.
Насцін цягнік адпраўляецца а пятай раніцы. Яна едзе да сястры ў польскі Шчэцін. Сама родам з вёскі паміж Палтаваю і Харкавам. Пправодзім яе да цягніка. Насця расказвае пра свайго мужа, які ваяваў у 2014 на Данбасе, а зараз працуе ў Чэхіі. Яна не хоча, каб муж зноў ішоў на вайну. Цягнік прыязджае без затрымкі. Унутры цісканіна і мітусня. Пакуль знаходзім месца і кладзем валізку, ледзь самі не адпраўляемся ў Шчэцін.
Насця разам з дзецьмі едзе да сястры ў Шчэцін
Вярнуўшыся ў пункт, адразу ідзем праваджаць наступную сям’ю. Пусцілі дадатковы цягнік у Нямеччыну да Франкфурта-на-Одэры і ім пашчасціла ўзяць квіткі на сядзячыя месцы.
Адпраўленне а 5:40. Але цягнік спазняецца на нявызначаны тэрмін. Супрацоўнік пажарнай службы перыядычна апавяшчае ў рупар на расейскай мове аб спазненні. Ужо світае. На вуліцы сучы мароз. Я ў летніх кедах, бо днём была спёка і ў Варшаве паўсюль ужо прыкметы вясны. Дарослыя кутаюць дзяцей у пледы, спальныя мяшкі. Хатніх жывёл – таксама.
Маленькая дзяўчынка пытае маці, чаму ў Польшчы затрымліваюць цягнікі.
На пероне
Не расчуў адказ, але я дакладна ведаю: гэта ад перагрузкі чыгункі, яе працаўнікі проста выбіваюцца зараз з сіл.
А восьмай раніцы прыходзіць новая смена валанцёраў. Мы правяраем, каб абавязкова быў хтосці з україна- або расейскамоўных і ідзем дамоў. Ужо свеціць сонца, на працу прыйшлі супрацоўнікі бізнэс-цэнтра, у якім месціцца пункт дапамогі.
На вуліцы будзёная мітусня. У аўтобусе ўключаю тэлефон, спрабую нагнаць апошнія навіны пра вайну і ледзь не засынаю.
На наступны дзень прачнуўся моцна прастуджаным. На бліжэйшыя дні маё валанцёрства скончылася.
Але акрыяю – і на звыклы пост!
Аляксандр Драгавоз (фота аўтара)