TOP

Ваўкі і сабакі ўсходняй Еўропы: партрэт беларускай прозы

Архетып балота не існуе ізалявана і выключна ў літаратуры: гэта частка беларускай міфапаэтыкі, якая несвядома складае аснову светапогляду беларуса. Разглядаць балота як крыніцу зла памылкова. З яго паходзяць як жыццёвая сіла, так і смерць. Гэта сусвет, які жыве па сваіх законах. Гэта нашыя лабірынты Борхеса, нашая вежа са слановай косткі, наша Маконда.

Planeta Belarus, фота Сяргея Плыткевіча

Частка 1. Ад людзей на балоце да новага нуара

Наша класіка – “Людзі на балоце” Івана Мележа. Наш самы вядомы дзіцячы твор – “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. І нядзіўна, што адзін з улюбёных тэкстаў беларусаў – “Дзікае паляванне караля Стаха” Караткевіча: выкляты род пасярод лясоў і балота.

Беларуская проза існуе ў сімвалічнай прасторы, якую можна абазначыць адным словам – “хронотопь”.

Неалагізм расшыфроўваецца проста: наш топас (месца, у якім мы існуем) – дрыгва, балота. З яго выйшлі першыя людзі, і яны, уцякаючы ад маці-твані, заснавалі беларускія гарады. Паглядзіце, багна прысутная ўсюды: калі размова пра вясковую прозу – гэта фактычнае месца дзеяння (як у новай “пераможнай” кнізе Евы Вежнавец); калі размова пра горад – гэта метафарычная твань, якая паглынае чалавека (як у Андрэя Федарэнкі, Альгерда Бахарэвіча ці ў Алены Бравы), а яшчэ гэта антыўтопія – як у кнізе Севярына Квятоўскага “Каларадская пушча”.

А цяпер паглядзім на хронас – час. Беларускі час нелінейны, ён замкнуты ў кола, у чым, як мне бачыцца, і ёсць нашае галоўнае пракляцце. Кожнае пакаленне беларусаў праходзіць цыкл “адраджэнне – уздым – смерць”.

Адсюль два матывы ў літаратуры, якія парадаксальна вынікаюць адно з аднаго: марнасць любога руху – і гэтая ж марнасць змушае рухацца. Прасцей кажучы, мы ходзім па коле, імкнучыся яго разарваць.

І гэты замкнёны ў кола час да ўсяго яшчэ і ўмоўны, як бы не зусім сапраўдны: абстрактна-апакаліптычны, як у аповесці Іллі Сіна “Лібіда”; “умоўна цяперашні”, як у аповесці Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”, дзе большую частку тэксту займае рэтраспекцыя; закальцаваны, як у “Сабаках Еўропы” Бахарэвіча.

*

Архетып балота не існуе ізалявана і выключна ў літаратуры: гэта частка беларускай міфапаэтыкі, якая несвядома складае аснову светапогляду беларуса. Разглядаць балота як крыніцу зла памылкова. З яго паходзяць як жыццёвая сіла, так і смерць. Напрыклад, у сваёй ранняй прозе Ева Вежнавец называе Маскву дрыгвяністай, а ў таго ж Караткевіча якраз багна знічшыла галоўнага антаганіста.

Балота – далёка не брудная калюжына, населеная жабамі. Гэта сусвет, які жыве па сваіх законах. Гэта нашыя лабірынты Борхеса, нашая вежа са слановай косткі, наша Маконда. Урэшце, гэта мора Герадота – ужо не метафарычна, а літаральна.

Трапна сфармуляваў філосаф Валянцін Акудовіч: Беларусь – архіпелаг, астравы якога звязаныя тэкстамі.

Нават нашая рэвалюцыя – пажар на тарфяніках. Часам вырываецца адкрытае полымя, яго гасіць усходняя арда, але застаецца зямля, якая тлее пад нагамі. І так 27 гадоў – як мінімум, а насамрэч – з 1794 года.

*

Літаратурныя аптымісты сабраліся ў белетрыстыцы. Як людзі са здаровай псіхікай і адсутнасцю суіцыдальных схільнасцяў (у тым сэнсе, што ім не хочацца быць пахаванымі пад сваімі тэкстамі – хочацца быць вядомымі і любімымі), яны напіраюць на экшн, на пазнавальнасць, на “школьную” беларускую мову (мастацкіх адкрыццяў тут не знойдзеш). І сапраўды, гэта працуе: неглыбокія ідэі і простая мова карыстаюцца папулярнасцю. Як у любой краіне, гэтая літаратура ўяўляе сабой форму арт-тэрапіі і тайм-кілера. Беларускі чытач яе любіць, бо яна не змушае задумвацца і пакутаваць – яна працуе з ужо засвоенымі масавай свядомасцю ідэямі і формамі.

Гэтую нішу запаўняюць Віктар Марціновіч, Юлія Шарова, Валеры Гапееў, Сяргей Балахонаў, Сяргей Календа, Андрэй Горват і інш. Што сімптаматычна, нават забаўляльная літаратура часта невясёлая: тыя ж праклёны, правінцыя, нячысцікі, антыўтопія, апакаліпсіс… Таксама сімптаматычна, што з усіх названых толькі Гапееў прызнае сябе аўтарам “чытва”.

У астатнім сучасная проза Беларусі – чысты нуар. Напрыклад, правінцыя, пра якую піша Алена Брава ў “Садомскай яблыні”: не шкадуючы ні сябе, ні землякоў, расказвае аб працы раённага журналіста, пра тое, як кампраміс разбурае чалавека, як дэградуе жанчына ў спадзеве на “героя”.

Таксама сучасная проза Беларусі – гэта нон-фікшн, і ён квітнее. Трэба сказаць, не таму, што Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію. Дакументацыя жыцця – наша даўняя традыцыя: ажно ад летапісаў – праз падарожныя нататкі Саламеі Пільштыновай – да Алеся Адамовіча, настаўніка той жа Алексіевіч.

*

Найбольш сугучныя нашаму пісьменніку тры еўрапейскія класікі – Сартр, Камю і Кафка. На ваніты цягне ад мёртвых краявідаў без намёку на змены; пісьменнік у Беларусі пачуваецца Сізіфам і чужаніцай; а герой беларускай прозы ўдзельнічае ў абсурдным працэсе, законаў якога не разумее.

Жывыя ілюстрацыі – тэксты Альгерда Бахарэвіча, калі казаць пра першае; “Таўсціла і лешч” і “Песня пра Цімура” Андрэя Адамовіча – пра другое; а калі казаць пра трэцяе – гэта, безумоўна, “Тантамарэскі” Сяргея Дубаўца.

Дубавец так і абазначыў жанр – гісторыя аднаго працэсу, эпіграфам узяўшы словы Кафкі: “Хтосьці, відаць, узвёў паклёп на Ёзэфа К., бо, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён патрапіў пад арышт”. Такім Ёзэфам К. стаў мытнік з Ашмянаў Алесь Юркойць, які сеў на лаву падсудных разам з 58 калегамі. Юркойць вылучаўся: беларускамоўны, чалавек гонару, культурніцкі актывіст… Каланіяльныя ўлады бачаць у такіх небяспеку. Фактычных улік супраць Юркойця не было, аднак яму прысудзілі 7 гадоў. Ён выйшаў на волю год таму.

Дубавец асвятляў працэс у СМІ, аднак яго кніга значна большая за зборнік рэпартажаў. Кожны раздзел у ёй – паўнавартаснае эсэ, дзе абсурдны працэс робіцца адпраўной кропкай для асэнсавання чалавека ў таталітарнай сістэме. Кнізе прысудзілі галоўную літаратурную ўзнагароду Беларусі – прэмію Гедройця (2020 год).

Надалей я прапаную пагаварыць пра тры знакавыя кнігі апошняга часу – кожная з іх ужо згадвалася, кожная займае адметнае месца ў сучасным літпрацэсе – і кожная па-свойму тлумачыць, як мы апынуліся там, дзе знаходзімся цяпер.

                                                                                    Наста Грышчук

 

Ад аўтара: гэты тэкст пісаўся ў даваенны час для чэшскага літаратурнага часопіса Host. У Беларусі друкуецца ўпершыню, з аўтарскімі праўкамі.

 

 

Присоединяйтесь к нам в Фэйсбуке, Telegram или Одноклассниках, чтобы быть в курсе важнейших событий страны или обсудить тему, которая вас взволновала.